«Гэта цяжка, гэта балюча, гэта несправядліва». Марына Золатава напісала пра Людмілу Чэкіну ў гадавіну разгрома TUT.BY
Пяць гадоў таму ўлады разграмілі найбуйнейшы беларускі інфармацыйны партал TUT.BY.
18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю і кватэры супрацоўнікаў. Тады за кратамі апынуліся 15 чалавек. На іх завялі крымінальныя справы за нібыта ўхіланне ад выплаты падаткаў. Сайт выдання заблакавалі.
Генеральная дырэктарка партала Людміла Чэкіна дагэтуль застаецца ў зняволенні. Ёй прысудзілі 12 гадоў калоніі.
У пятую гадавіну разгрома TUT.BY галоўная рэдактарка партала Марына Золатава, вызваленая ў снежні 2025 года, апублікавала пост пра калегу. Прыводзім яго цалкам.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна ў судзе. Скрыншот: RFI
«Як я спадзявалася, што мне не давядзецца пісаць гэты тэкст. Людміла Чэкіна, нашая цудоўная Міла, ужо 5 гадоў за кратамі. 1826 дзён. Гэта цяжка, гэта балюча, гэта несправядліва. За гэты час Людміла страціла бацьку і нават не змагла з ім развітацца, яе сын паспеў скончыць універсітэт, адслужыць у арміі і вярнуцца дадому.
Роўна 5 гадоў таму адбылася, на мой погляд, жахлівая ў маштабах краіны падзея: быў разгромлены партал Tut.by Жахлівая — бо адразу больш за тры мільёны беларусаў (менавіта столькі ўнікальных карыстальнікаў было ў нас у той час) пазбавіліся сваёй крыніцы інфармацыі. Сілавікі ўварваліся ў офісы ТАА «Тут бай Медыя» ў Мінску і абласных цэнтрах, з ператрусамі прыйшлі ў кватэры дзясяткаў супрацоўнікаў кампаніі. 18 мая 2021 года былі затрыманыя 15 чалавек. Доступ да партала быў заблакаваны.
У СІЗА доўгія месяцы правялі 11 чалавек, а ўдава заснавальніка партала Юрыя Зісера — Юлія Чарняўская — 8 месяцаў знаходзілася пад хатнім арыштам.
Мы з генеральным дырэктарам ТАА «Тут бай Медыя» Людмілай Чэкінай затрымаліся за кратамі даўжэй за ўсіх. Нас абедзвюх прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Я ўжо 5 месяцаў на волі, а Людміла ўсё яшчэ там.
Мы рэдка сустракаліся з Людмілай за гэтыя пяць гадоў. Кожнае такое спатканне было нібы святам. Ці то выпадковая сустрэча па дарозе на прагулку, ці паездка на азнаямленне са справай, у суд або сустрэча на фабрыцы ў калоніі. Міла заўсёды выпраменьвае бадзёрасць і аптымізм. Не ведаю, якой цаной ёй гэта даецца.
Марына Золатава звярнулася да ўладаў ЗША, Еўразвязу і Беларусі
Запомнілася адна падзея з удзелам Людмілы ў калоніі. Па нядзелях у клубе ў нас было абмеркаванне фільмаў. У той раз абмяркоўвалі выдатнае кіно — «Мікеланджэла. Бясконцасць» (так-так, мы там глядзелі не толькі пра вайну). Наш атрад, на жаль, фільм не паглядзеў — напярэдадні мы былі на бульбе, затое трапілі на абмеркаванне.
Калонія. Клуб. Дзіўныя жанчыны ў форменных касцюмах ахоўнага колеру, наўрад ці яны чулі нешта падобнае раней. Людміла за кафедрай захоплена распавядае пра Мікеланджэла, пра мастацтва Адраджэння, цытуе свайго любімага Іосіфа Бродскага. Усе слухаюць. Я ўсміхаюся. Наша Міла.
Усе два гады і тры месяцы ў СІЗА Людміла прасядзела ў адной камеры. Кажуць, яна ледзь не кожнай там пісала апеляцыі. Яе спачування і падтрымкі хапала на ўсіх. На ўсіх — незалежна ад артыкула, сацыяльнага статусу, колеру біркі. Надзвычай рэдкая якасць. І цярпенне.
У СІЗА яна пачала маляваць, вучыла на памяць вершы, якіх і раней ведала нямала. Вельмі шмат чытала. А яшчэ праводзіла трэніроўкі ў маленькіх валадарскіх дворыках і заняткі па ёзе ў камеры.
У калоніі ёй няпроста. Па-першае, статус «асобы, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці», не дазваляе атрымліваць грашовыя пераводы. То-бок жыць трэба на адзін заробак — рублёў 20, максімум 50. Па-другое, Людмілу зрабілі «злосніцай».
А гэта значыць, што ў яе не тры тэлефонныя званкі на месяц, а адзін. Ёсць праблемы са здароўем. Часта трэба пераносіць цяжкасці, а ў яе заўсёды былі праблемы са спінай. На пачатку сакавіка Мілу адправілі на пяць сутак у ШІЗА.
Я ведаю, яна трымаецца, не скардзіцца — яна ж не любіць скардзіцца. Але я таксама ведаю, як гэта цяжка. І я вельмі спадзяюся, што гэты кашмар для Мілы вось-вось скончыцца. І яна зможа нарэшце абняць свайго сына».
@bajmedia