• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфармацыі рыхтуе папярэджанні шэрагу сайтаў? (+Каментар юрыста)

    Ужо некалькі рэдакцый сайтаў атрымалі афіцыйныя лісты за подпісам міністра Ліліі Ананіч. Яна інфармуе пра выяўленыя на рэсурсах «парушэнні заканадаўства аб СМІ» і запытвае звесткі пра юрыдычную ці фізічную асобу ўладальнікаў. Верагодна, гэта робіцца дзеля далейшага вынясення афіцыйных папярэджанняў.

    У прыватнасці, лісты атрымалі рэдакцыі сайтаў freeregion.info і racyja.com.

    У абодвух пасланнях міністр інфармацыі нагадвае, што ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу могуць вынесці пісьмовае папярэджанне за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці ўрон дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам (падпункт 1.2 п. 1 арт. 49 закона “Аб СМІ”).

    Яна падкрэслівае таксама, што Мінінфармацыі можа заблакаваць рэсурс, калі ўладальніку вынесена 2 і больш папярэджанняў, калі ён не выпраўляе выяўленых парушэнняў ці распаўсюджвае забароненую заканадаўствам інфармацыю (п.1 арт. 51 закона  “Аб СМІ”).

    Рэдакцыі freeregion.info далі тэрмін на прадастаўленне звестак пра ўладальніка да 15 мая, рэдакцыі racyja.com – да 20-га.  

    Старшыня ўправы «Беларускага Радыё Рацыя» Яўген Вапа адзначыў, што, па-першае, СМІ дзейнічае ў межах польскага заканадаўства, а па-другое, сваіх дадзеных ніколі і не хавала:  

    “Мы з’яўляемся ўстановай, якая дзейнічае паводле законаў польскай дзяржавы, усе дадзеныя ёсць на нашым сайце. Калі мы падаем запыты адносна акрэдытацыі нашых журналістаў у беларускае МЗС, то там прысутнічае поўная інфармацыя згодна з усімі статутамі. Прасіў бы, можа, каб была каардынацыя паміж міністэрствамі…”

    Сітуацыю каментуе старшыня ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец

    – Дзеянні Мінінфарма з’яўляюцца следствам ігнаравання ўладамі трансгранічнай сутнасці Інтэрнэту. Упэўнены, што распаўсюд інфармацыі ў Сеціве павінен рэгулявацца міжнароднымі дамовамі, прычым не толькі дзяржаўнымі. Тэрмін «упраўленне Інтэрнэтам» мае на ўвазе ўзгодненыя дзеянні дзяржавы, бізнесу і грамадзянскай супольнасці. У адваротным выпадку атрымаецца тое, што атрымалася: Мініфарм збіраецца выносіць папярэджанне польскай арганізацыі, якая знаходзіцца па-за межамі юрысдыкцыі Беларусі.

    Калі ісці ў гэтым напрамку і далей, то хутка правілы ў Інтэрнэце будуць усталёўваць дзяржавы з самым рэпрэсіўным заканадаўствам (Паўночная Карэя, напрыклад). Заўважу, што Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які (арт. 19) прадугледжвае свабоду выказвання меркавання і распаўсюду інфармацыі незалежна ад межаў і звязвае абмежаванні гэтага права з бясспрэчнай неабходнасцю іх у дэмакратычным грамадстве. Мне цікава, якія менавіта матэрыялы на гэтых сайтах (яны не названыя) выклікалі прэтэнзіі Мініфарма і як гэтыя прэтэнзіі суадносяцца з міжнародна-прававымі абавязальніцтвамі краіны, якія службовыя асобы дзяржавы павінны выконваць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці