У Еўропе мяняюць правілы здымак для жаночага спорту: без кадраў знізу і запаволеных паўтораў
Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) і Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя выпусцілі рэкамендацыі для тэлеканалаў, якія транслююць жаночыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Іх мэта — спыніць сексуалізацыю спартсменак падчас трансляцый і перанесці ўвагу гледачоў на спартыўныя вынікі, а не на асобныя часткі цела.

Выява: EBU
У дакуменце вяшчальнікам рэкамендуюць адмовіцца ад буйных планаў ззаду, здымкі знізу, запаволеных паўтораў, калі яны не маюць спартыўнай або тэхнічнай каштоўнасці. Замест гэтага аператарам раяць паказваць тэхніку выканання практыкаванняў, разбег, скачок і іншыя элементы, якія дапамагаюць лепш зразумець выступленне спартсменкі.
Выканаўчы дырэктар EBU Sports Глен Кілан заявіў, што сэксуалізаваныя ракурсы і мантаж па-ранейшаму застаюцца сур’ёзнай праблемай у спартыўных трансляцыях. У якасці прыкладаў у рэкамендацыях прыводзяцца рэальныя кадры спаборніцтваў па скачках у вышыню, скачках з шастом, скачках у даўжыню і бегавых дысцыплінах, дзе аператарская праца магла ўспрымацца як кампраметуючая.

Выява: EBU
Новыя правілы падтрымалі вядомыя лёгкаатлеткі, у тым ліку брытанская скачунка з шастом Холі Брэдшоў. Паводле яе слоў, падчас спаборніцтваў спартсменкі часам думаюць не толькі пра свой выступ, але і пра тое, пад якім ракурсам іх здымаюць камеры.
«Я асабіста сутыкалася з абразамі ў сацыяльных сетках і бачыла недарэчныя відэаролікі ў інтэрнэце, дзе мяне і маіх калег паказвалі ў запаволенай здымцы падчас нашых спаборніцтваў», — прызналася яна.
У EBU падкрэсліваюць, што трансляцыі павінны расказваць гісторыю спаборніцтваў і дэманстраваць майстэрства атлетак, а не ператвараць іх у аб’ект сексуалізаванай увагі.
@bajmedia