На конкурс «Вольнае слова» калегі даслалі больш за 170 матэрыялаў. Журы пачынае працу
У мінулую нядзелю завяршыўся прыём матэрыялаў на галоўны беларускі журналісцкі конкурс – «Вольнае слова». Сёлета на творчае спаборніцтва 75 калег даслалі 176 матэрыялаў, у тым ліку 13 цыклаў.

Як і летась, ва ўсіх намінацыях, акрамя «Журналісцкага расследавання», журы будзе асобна ацэньваць тэкставыя/радыйныя і відэапрацы. Для апошніх прадугледжана і асобная ўзнагарода.
Што да намінацый, то яны засталіся нязменнымі: «Найлепшы інфармацыйны матэрыял», «Найлепшая аналітычная публікацыя», «Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру» і «Журналісцкае расследаванне».
У апошнюю намінацыю прыйшло ажно 30 працаў.
Пераможцы конкурсу будуць абвешчаныя ў верасні падчас канферэнцыі БАЖ у Вільні.
Конкурс «Вольнае слова» пакліканы адзначаць і ўганараваць лепшыя публікацыі беларускіх журналістаў і журналістак незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца — у самой Беларусі ці за межамі.
@bajmedia