• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На Віцебшчыне журналіста хочуць прымусіць замаўчаць: з пачатку года — 2 156 рублёў штрафаў

    Суддзя Шаркаўшчынскага суда Аксана Табола 6 сакавіка пакарала штрафам у памеры 23 базавыя велічыні (563.5 беларускіх рублёў) незалежнага журналіста Змітра Лупача.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/sud-1.jpg

    Журналісту зноў інкрымінавалі парушэнне Закона аб СМІ – працу без акрэдытацыі — і прыцягнулі да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.

    Сёлета Зміцер Лупач у Беларусі займае другое месца пасля свайго калегі Кастуся Жукоўскага па штрафах за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. На Віцебшчыне Змітра штрафуюць больш за астатніх. Як кажа незалежны журналіст, міліцыя ходзіць па пятах. Яго ўжо штрафавалі і ў Глыбокім. І ў Докшыцах, і ў Паставах. Цяпер настала чарга і Шаркаўшчыны.

    Паводле Змітра Лупача, тут яму далі самы маленькі штраф. “Напэўна, таму, што Шаркаўшчынскі раён самы бедны, таму і штраф такі невялікі”, — кажа журналіст. Дарэчы, у сюжэце, за які яго пакаралі, таксама  падымалася праблема малых заробкаў на Шаркаўшчыне і выжыванне людзей у такіх умовах.

    “У Шаркаўшчыне невялікая колькасць насельніцтва, тым больш працоўнага.  Калі мой штраф аддаць на заробкі людзям, то кожны з шаркаўшчан атрымае не больш за рубель. Не думаю, што такім чынам палепшыцца іх матэрыяльны дабрабыт”, — кажа журналіст.

    На гэты раз у суд падтрымаць Лупача прыйшлі не толькі яго калегі і сябры, але і простыя жыхары Шаркаўшчыны. Кожны з іх казаў пра судовую нясправядлівасць, пра тое, што за праўду ў наш час караюць жорстка. Яны зазначалі, што сюжэт пра малыя заробкі на тэлеканале быў праўдзівы. Але  казалі і пра тое, што заробкі ў 250 рублёў, пра якія гаварылі на “Белсаце”, гэта нават завышаныя. У мінулым месяцы іх знаёмыя механізатары, якія працавалі ў майстэрні калгаса ў вёсцы Вялікае Сяло, што на Шаркаўшчыне, атрымалі ўвогуле па 50 рублёў.

    Па словах Змітра Лупача, ён вельмі ўдзячны тым людзям, якія не пабаяліся і прыйшлі яго падтрымаць.

    Сёлета гэта ўжо трэці па ліку суд у незалежнага журналіста за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Раней яго судзілі ў Пастаўскім і Докшыцкім судах, дзе аштрафавалі на 25 і 40 базавых велічынь адпаведна.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці