• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай». Як цяпер бяспечна чытаць беларускіх класікаў

    Улады Беларусі прыраўнялі да нацысцкай сімволікі лозунг «Жыве Беларусь». У пастанове МУС яго называюць «калабарацыянісцкім прывітаннем», «якое суправаджаецца ўзняццем правай рукі з распрастанай далонню». Гэтыя словы нярэдка гучаць і ў творах класікаў беларускай літаратуры. Ці будуць на становішча рукі звяртаць увагу на практыцы, незразумела. «Медыязона» на ўсялякі выпадак прыводзіць урыўкі з іх у адцэнзураваным выглядзе, каб іх можна было чытаць уголас бяспечна, не рызыкуючы атрымаць штраф ці суткі

    Янка Купала. «Гэта крык, што [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]»

    У вершы 1907 года Купала апісвае родны край і заканчвае прызнанне ў любові да яго лозунгам, за выкрыкванне якога ў 2022 годзе мог бы атрымаць суткі па артыкуле 19.10 КаАП.

    Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
    Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
    Тут і людзі… ат… што!.. аб іх посьле скажу…
    Долі іх надта ж я не люблю!..
    А вот як не любіць гэта поле, і бор,
    І зялены садок, і крыклівую гусь!..
    А што часам тут страшна заенча віхор, —
    Гэта енк, гэта крык, што [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!

    Уладзімір Караткевіч. «Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю»

    Забіваючы гестапаўца, хворы на сухоты партызан у вершы Караткевіча выкрыквае лозунг, які цяпер улады Беларусі афіцыйна лічаць нацысцкім.

    Адказаў, сціскаючы рот:
    «Што мне скажа мой горад родны?
    Што мне скажа родны народ?
    Што мне выгляд твой дзікі і грозны?
    Вось той дом. Я памру ў барацьбе.
    Ты спачатку мярзотніка возьмеш.
    Я прымушу цябе.
    Тормаз рыпнуў… Ідзе па алеі…
    Адыдзі і не замінай,
    Адыдзі, адыдзі хутчэе,
    Стань унь там і маўчы, чакай».
    Першы стрэл упэўнена гакнуў,
    Другі трапіў яшчэ камусь:
    «Атрымай, атрымай, сабака,
    Хай [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!»
    Вось штыхоў халодныя джалы,
    Вось апошні да смерці парог…
    Смерць зубамі заскрагатала:
    «Ён памрэ, але ён перамог».
    Чалавек на нагах хіснуўся,
    Проста рукі злажыў накрыж,
    Паглядзеў на яе, усміхнуўся:
    «Што чакаеш?… Хадзі ж… Хадзі ж».

    Мікола Ермаловіч. «[Нацысцкi лозунг]»

    У любові да Радзімы прызнаецца і Мікола Ермаловіч — у яго лозунг, які стаў «нацысцкім», зусім мільгае праз радок.

    [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай,

    Дзе Неман і Прыпяць, Дняпро і Дзвіна.
    Усяго ад Смаленску i да Беластоку
    Ўладарка адзіная толькі яна!
    [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] у народзе працоўным,
    Які беражэ ў сваім сэрцы яе.
    [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] ў сваім слове чароўным,
    I ў песнях сваіх непаўторных жыве.

    Янка Брыль. «З людзьмі і сам-насам»

    У гэтым зборніку запісаў, мініяцюр і эсэ Брыль расказвае аб няздзейсненым мітынгу 1999 года ў Мінску. Як і на ўсіх акцыях пратэсту ў сучаснай Беларусі, там гучыць «нацысцкі» лозунг.

    Сонечна. У сцягах нашых многа святла. Мноства людзей, якія ведаюць, што да чаго. З цынічнай дыктатурай, з авантурнымі «саюзамі», з небяспекай вялікай, ці не апошняй вайны, з пакутамі i смерцямі, імя якім чарнобыльскія…

    Калі мяне з калоны заўважылі, прыязна замахалі рукамі, заўсміхаліся, кінулі «[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!» — голас мой у адказ слёзна ўздрыгнуў…

    Так было ўчора. А сення ўранні, толькі прачнуўся, адразу падумалася: колькі ў гэтым маім узрушэнні свайго, асабістага, a колькі агульнаграмадскага? Ну, а як гэта трэба i ці трэба дзяліць? Радасна, патрэбна мне адчуванне прыналежнасці да народнага, прыемна ад пашаны людзей, якіх я i сам паважаю. Добра было таксама прысесці на сходках шырознага ганка Палаца спорту, побач з незнаемым мужчынам, у руцэ якога старчма стаяў высока i светла наш бела-чырвона-белы, а з гутаркі неўзабаве выявілася, што гэта рабочы, ужо на пенсіі, што ў яго таксама ногі баляць, хоць ен i маладзейшы аж на семнаццаць гадоў.

    Мітынгу, які быў падрыхтаваны, не адбылося, бо ўлады прадумана арыштавалі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, а авалодаць увагай шматтысячнай грамады пры дапамозе ручнога рупара было немагчыма. Але свята адбылося. Toe, што агульнае i што ў кожным. Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб без слязы ў душы сказаць, што Яна, [ЛОЗУНГ, НАЦЫСЦКI].

    Васіль Быкаў. «На чорных лядах»

    Быкаў расказвае пра беларускіх паўстанцаў часоў Слуцкага паўстання 1920 года. Апынуўшыся ў безвыходным становішчы — без патронаў і правізіі — атрад вырашаецца на масавае самагубства.

    — Дык як будзем? Па адным ці ўсе разам?

    — Па адным, — ціха мовіў камандзір. — З нагана.

    — У яме. Каб меней грукату.

    Мабыць, усе ўсе зразумелі і сьціхлі, нават ня дыхалі. Камандзір абвеў усіх чужым напружаным позіркам і адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвітаньне. Ці на суцяшэньне. I ен сказаў:

    — Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усе ж мы не за сябе, не за свае, якога ў нас не было. Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…

    Яны ўсе стаялі і маўчалі. Яны чакалі. I камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:

    — Хто першы?

    Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскі кінуў са злосным адчаем:

    — Ат, маць тваю… Давай я…

    Зноў абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму.

    — Давайце рэвальвэр!

    Камандзір расшпіліў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскі ўхапіў яго зьнізу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.

    — [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!

    — [НАЦЫСЦКI], — нечакана слабым голасам азваўся камандзір, і глухі рэвальвэрны стрэл у яме перапыніў ягоны водгук. Дзьве сарокі з бліжняй бярозы спуджана пераляцелі на дрэвы далей. А на зямлі зноў настала пакутная паўза, усе стаялі моўчкі, баючыся зазірнуць у яму.

    Чытаць яшчэ:

    Инструмент для борьбы с дезинформацией: как использовать данные из открытых источников

    Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?

    Дзяніс Дудзінскі: Прызвычаіцца можна нават да пастаяннай прысутнасці смерці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці