• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пастанова Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 24 снежня 2014 года

    Разгледзеўшы на сваім пасяджэнні заяву Марыны Яўсейчык, Камісія ў складзе: Анатоль Гуляеў, Анжэла Белуш, Марына Загорская, Валерый Карбалевіч, Любоў Лунёва, Дзмітрый Падбярэзскі – адзначае:

     

    Марына Яўсейчык звярнулася ў Камісію па этыцы ГА “БАЖ” з заявай, у якой паведаміла: яна сталы наведнік і аўтар допісаў на сайт Regiony.by. Аўтарызавалася на гэтым сайце 2 снежня 2014 года, аднак замест магчымасці ўвайсці на сайт атрымала застаўку, якая змяшчала нецэнзурны выраз. У дадатак яе ўліковы запіс быў заблакаваны, у выніку чаго яна цяпер не мае магчымасці ўвайсці на сайт са свайго IP­адрасу.

    З просьбай патлумачыць гэтую сітуацыю М. Яўсейчык зрабіла допіс на адрас электроннай пошты, згаданы на сайце, аднак аніякага адказу не атрымала. М. Яўсейчык упэўнена, што, “як зарэгістраваны карыстальнік Regiony.by, я не парушыла інфармацыйнай палітыкі партала. Каментуючы навіны, не выкарыстоўвала ненарматыўную лексіку, спам не рассылала… Блакаванне мяне на партале лічу беспадстаўным, грубым і непрыстойным, яно парушае прафесійную этыку СМІ і пазбаўляе мяне права доступу да інфармацыі”.

    Спн. М. Яўсейчык высветліла на старонцы Regiony.by у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, што такая нецэнзурная “заглушка” выкарыстоўваецца вышэйзгаданым сайтам у якасці папярэджання спамерам. Але ж пры гэтым яна сама ніколі ў падобнай ролі не выступала, а наведвала сайт для чытання навінаў і іх каментавання, рабіла запісы ў гарадскіх стыкерах, дадавала падзеі ў гарадскую афішу.

    Да сваёй заявы сп. М. Яўсейчык прыклала скрыншот абразлівай “заглушкі”, а таксама запатрабавала наступнае: “Прашу Камісію па этыцы дапамагчы разабрацца з дадзеным парушэннем, а таксама правесці выхаваўчую гутарку з кіраўніком партала Regiony.by. Ад кіраўніка партала хачу атрымаць адказ на пытанне, па якой прычыне адбылася блакіроўка з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі; словы прабачэння за абразлівую блакіроўку ў пісьмовай форме. Хачу быць разблакіраванай на партале, чытаць навіны партала са свайго IP­адраса, удзельнічаць у каментаванні навінаў і карыстацца іншымі даступнымі для зарэгістраваных карыстальнікаў функцыямі партала Regiony.by”.

    Сайт Regiony.by прэзентуе сябе ў Фэйсбуку наступным чынам: “Мы хотим сделать Вашу жизнь лучше, предоставляя быстрый и удобный доступ к необходимой Вам информации”.

    Прадстаўнік сайта сп. Аляксандр Мазур падчас тэлефоннай размовы з сябрам Камісіі патлумачыў, што блакіроўка ІР-адрасу сп. М. Яўсейчак была выклікана яе паводзінамі, якія разыходзіліся з правіламі карыстання сайтам. Усяго за час існавання сайта такія дзеянні былі зробленыя ў дачыненні да двух чалавек. Разам з тым сп. А. Мазур сказаў, што “заглушка” з нецэнзурным зместам будзе зменена, а на дасланы мэйлам ліст спн. М. Яўсейчык ён проста не стаў адказваць.

    Камісія па этыцы ГА “БАЖ” лічыць паводзіны адміністрацыі сайта Regiony.by учынкам, які выходзіць за рамкі прафесійнай этыкі. Якім бы ні было стаўленнне да патэнцыйнах спамераў, ужыванне нецэнзурнай лексікі на галоўнай старонцы сайта, які ў першую чаргу ёсць інфармацыйным рэсурсам, з’яўляецца недапушчальным, абражае наведвальнікаў і парушае наступны артыкул Кодэксу журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”: “Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе”.

    Абмежаванні доступу да інфармацыі, размешчанай на сайце Regiony.by, без усякага тлумачэння, пярэчаць артыкулу Кодэксу: “Асноўная задача журналіста – забяспечыць права грамадства на дакладную і важную інфармацыю, якая дазваляе сфарміраваць адэкватнае ўяўленне пра сацыяльныя працэсы, іх сутнасць і значэнне, пра стан справаў у сучасным свеце”.

    А ўхіленне ад адказу на ліст з прэтэнзіямі ў адрас адміністрацыі сайту, на погляд Камісіі, ёсць не што іншае, як парушэнне Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, якая заклікае: “Прызнаваць адкрыта і сумленна ўласныя памылкі…  Паважаць іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі.”

    Вывучыўшы вышэй выкладзеную сітуацыю, Камісія па этыцы ГА “БАЖ” пастанаўляе:

    — адзначыць як парушэнне прынцыпаў прафесійнай этыкі практыку адміністрацыі сайта Regiony.by у дачыненні да наведнікаў рэсурсу, нават непажаданых, выстаўляць “заглушкі” з нецэнзурнымі выразамі;

    — лічыць паводзіны адміністрацыі сайта, якая не толькі не папрасіла прабачэння за інцыдэнт у свайго пастаяннага наведніка і аўтара, але і праігнаравала яе прэтэнзіі, парушэннем прынцыпаў прафесійнай этыкі.

     

    Старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў

    Сакратар Камісіі Марына Загорская

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці