• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Навошта патрэбны Беларускі інстытут тэатру. Размова з Анжалікай Крашэўскай

    Прадстаўніца ініцыятыўнай групы «Беларускае тэатральнае кам’юніці» Анжаліка Крашэўская расказала, якія зараз ёсьць праблемы ў беларускіх тэатральных дзеячоў і чым будзе займацца будучы Беларускі інстытут тэатру.

    7–9 верасьня ў Варшаве адбылася канфэрэнцыя, на якой быў створаны Беларускі інстытут тэатру (БІТ). У канфэрэнцыі паўдзельнічалі (онлайн і офлайн) каля 50 дзеячоў і дзяячак беларускай тэатральнай супольнасьці. Вынікам імпрэзы стаў падпісаны мэмарандум.

    Анжаліка Крашэўская — прадстаўніца ініцыятыўнай групы «Беларускае тэатральнае кам’юніці», была дырэктаркай Цэнтру візуальных і выканаўчых мастацтваў «Art Cor­po­ra­tion», дырэктаркай кінафэстывалю «Лістапад», арт-дырэктаркай Міжнароднага тэатральнага форуму «ТЕАРТ».

    «На фоне 2020-га году мы аб’ядналіся ў „Беларускае тэатральнае кам’юніці“ і дапамагалі тым, хто застаўся і тым, хто зьехаў, думалі, што ім рабіць. Гісторыя трансфармавалася, і ад беларускага „камʼюніці“ мы перайшлі да наступнага кроку — стварэньня інстытуту», — кажа Анжаліка Крашэўская.

    Анжаліка дадае, што шмат краін Усходняй Эўропы маюць такія інстытуцыі, яны пачыналіся са збору і фармаваньня архіву.

    «Пакуль гэта ідэя стварэньня інстытуту, але важна сфармуляваць задачы, якія мы можам выконваць тут і цяпер. Першы крок — гэта акурат збор інфармацыі, архіваваньне, дасьледаваньне. Такая інстытуцыя можа быць цяпер у лятучым фармаце, а празь нейкі час яна „апусьціцца“ на тую тэрыторыю, на якой павінна быць».

    БІТ таксама будзе займацца папулярызацыяй беларускага тэатру, стварэньнем умоваў для разьвіцьця беларускіх прафэсіяналаў у выканальніцкіх мастацтвах.

    «Важна ўваходзіць у міжнародную тэатральную сетку»

    Анжаліка пералічвае пытаньні, якія трэба вырашыць, каб запусьціць Інстытут.

    «Нейкая частка людзей — у Беларусі, нейкая раскіданая за межамі. Складанае пытаньне — дагрукацца да патэнцыйных донараў, знайсьці крыніцы фінансаваньня. Бо дагэтуль каманда тры гады валянтэрыла, выконвала праекты, дапамагала беларускім тэатральным дзеячам у рэзыдэнцыях, стажах, праграмах, прэзэнтацыях, каб зьвяртаць увагу, што мы жывыя нягледзячы ні на што».

    Сёньня ёсьць магчымасьць выконваць маленькія праекты, якія будуць падмуркам будучага інстытуту, кажа Анжаліка. Замежныя тэатральныя інстытуцыі і дзеячы гатовыя дапамагаць разьвівацца беларускай тэатральнай сфэры.

    «Ёсьць міжнародная тэатральная сетка, у яе таксама важна ўваходзіць. Важна пра сябе нагадваць. Мы шукаем і знаходзім падтрымку, праўда, пакуль яна толькі ў фармальным пляне: „Мы гатовыя дапамагаць, кансультаваць, думаць над сумеснымі праектамі“».

    «Ня быць хатай з краю»

    Анжаліка заўважае, што беларускія дзеячы культуры заўсёды зьвярталіся да Польскага інстытуту, Інстытуту Гётэ, але ў самой Беларусі не было магчымасьці пазнаёміцца з тэатрамі іншых краін.

    «Таму, каб сыстэмна займацца гэтай працай, неабходны інстытут як арганізацыя, а не як валянтэрскі рух ці ініцыятыва. Тут важныя сыстэмнасьць, спадчына, папулярызацыя, прасоўваньне і захаваньне. Мы павінны сабраць сьведчаньні тэатральнай гісторыі, якая ёсьць у Беларусі, захаваць нейкія рэчы, якія ўзьнікалі, узьнікаюць і будуць узьнікаць, і перадаць гэта далей».

    Анжаліка дадае, што зараз не трэба дзяліць тэатар на эмігранцкі і беларускі.

    «Дыскусійнае пытаньне: як назваць тэатар у эміграцыі? Гэта беларускі тэатар альбо тэатар, які знаходзіцца ў пераходным пэрыядзе? Можна толькі назіраць, што адбываецца. Але вельмі важна для беларускіх тэатральных дзеячоў ня быць адасобленымі, не кіравацца прынцыпам „мая хата з краю“. Яны павінны выкарыстоўваць магчымасьці сытуацыі, у якой яны апынуліся, зразумець той эўрапейскі тэатар, які ёсьць побач зь імі».

    Чытайце яшчэ:

    Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах

    Гомельскага відэааператара Андрэя Толчына затрымалі на 72 гадзіны

    «Когда технология расширяется, она превращается из экстраординарной в обычную». Топ-менеджер Google обратился по случаю 25-летия компании

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці