• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Падчас страляніны падлеткі называлі сына «бандэраўцам» і абяцалі перавыхаваць». Расійская журналістка пра выпадак у Вільні

    Пакуль асобныя літоўскія палітыкі вядуць кампанію па пошуку нацыянальнай пагрозы сярод беларускіх уцекачоў і настойваюць на іх дыскрымінацыі, у Літве адбываюцца дзіўныя рэчы: то ў віленскім аэрапорце затрымаюць пасажыра з эмблемай ПВК «Вагнера», то малады чалавек, служыўшы ў арміі, прызнаецца, што ў захапленні ад расійскага рэжыму і гатовы растраляць Сейм з аўтамата Калашнікава.

    Апошні выпадак здарыўся з сынам журналісткі з Санкт-Пецярбурга, якога ў Вільні абстралялі з пнеўматыкі мясцовыя падлеткі. Жанчына адзначае, што перад гэтым адбылася размова пра палітыку, а крыўднікі назвалі яе сына «бандэраўцам».

    «Стралялі чэргамі, трапленняў было каля пяцідзесяці»

    Расіянка Ірына Новік прыехала ў Літву пасля пачатку вайны ва Украіне. Яна займае выразную антыпуцінскую пазіцыю. Працуе ў незалежных медыях «Вот так» (праект тэлеканалу «Белсат») і «Такие дела». Але цяпер гаворка не пра яе прафесійную дзейнасць, а пра непрыемны выпадак з сынам журналісткі.

    Давід, якому 14,5 гадоў, вярнуўся дадому з прагулкі з сябрамі. Такі выраз твару я ў яго ніколі не бачыла. Чалавек быў у жаху, — напісала Ірына Новік ў Face­book.

    Паводле яе, падлетак гуляў з аднагодкамі, з якімі вучыцца ў адной школе. Адзін з іх прынёс з дому пнеўматычны аўтамат АК-74М, што выкарыстоўваецца страйкбалістамі (страляе пластыкавымі кулямі). Нібыта яго купіў бацька хлопца. Спачатку падлеткі стралялі па бутэльках у лесе, аднак пасля гэта, відаць, надакучыла.

    — І яны сталі страляць у Давіда. Стралялі чэргамі, трапленняў было каля пяцідзесяці, на шчасце, у асноўным у шчыльную зімовую куртку, — працягвае журналістка. — Адна куля трапіла ў левую галёнку, другая — у правую ікру (ёсць фота). Яшчэ дзве — у патыліцу праз шапку, слядоў не засталося.

    Некалькі разоў Давід, распавядае яго маці, спрабаваў уцячы, але яго даганялі і працягвалі стральбу. Хлопец прасіў спыніцца, казаў, што яму балюча. У нейкі момант ён сеў на камень і заплакаў.

    — У выніку яны адсталі, праводзілі Давіда да прыпынку тралейбуса і папрасілі прабачэння. Адзін сказаў, што больш так не будзе. Другі дадаў: «А можа, і будзем», — распавядае журналістка.

    «Адзін з падлеткаў уключыў так званы гімн ПВК “Вагнера”»

    Як мяркуе маці падлетка, выбух агрэсіі адбыўся на фоне рознасці пазіцый у палітыцы. Перад інцыдэнтам са стралянінай кампанія наведала піцэрыю, дзе зайшла гаворка пра вайну ва Украіне. Давід, як і маці, займае антырасійскую пазіцыю.

    — А двое іншых хлопцаў глядзяць на YouTube «Першы канал» і падтрымліваюць у вайне Расію, — адзначае Ірына Новік. — У пачатку размовы Давід сказаў, што не хоча абмяркоўваць палітыку, каб не сварыцца. Яго тут жа сталі называць «бандэраўцам».

    Па інфармацыі журналісткі, падчас страляніны падлеткі таксама ўжывалі гэтае слова ў адносінах да яе сына, а адзін з іх увогуле ўключыў так званы гімн ПВК «Вагнера». 

    — Абодва хлопчыкі нарадзіліся і выраслі ў Вільні, — дадае жанчына. — Як я пазней зразумела з размовы з бацькамі, адна сям’я прытрымліваецца апалітычнасці. Бацька другога падлетка – літоўскі паліцэйскі і былы вайсковец — «супраць любой вайны».

    «Прасіла не хадзіць у паліцыю і не псаваць жыццё яе сыну»

    Калі сын журналісткі вярнуўся дадому, ён усё расказаў маці. Тая пачала дзейнічаць: звязалася з класнай кіраўніцай, папрасіла нумары тэлефонаў бацькоў абодвух хлопчыкаў. Тыя ў хуткім часе самі выйшлі на сувязь, доўга выбачаліся і абяцалі наказаць сыноў.

    — Маці аднаго з іх прасіла не хадзіць у паліцыю і не псаваць жыццё яе сыну, бо той хоча быць ваенным, маўляў, сапраўдны хлапчук расце, — паведаміла Ірына Новік. — На наступны дзень яна патэлефанавала мне з такім жа пасажам. Таксама сказала, што забрала ў сына тэлефон, але ў нядзелю той напісаў Давіду ў Telegram і прапанаваў 20 еўра ў якасці падарунка на Новы год. 

    Аднак журналістка ўсё ж такі адправіла анлайн-заяву ў літоўскую паліцыю. Таксама яна звярнулася праз электронны дзённік да кіраўніцтва школы з просьбай адлічыць абодвух хлопчыкаў, бо асцерагаецца помсты з іх боку.

    «Супрацоўніца паліцыі некалькі разоў казала: “палітыка тут не прычым”»

    Хутка гісторыя атрымала працяг. Ірыну Новік выклікалі ў паліцыю, апыталі ў якасці сведкі. Выслухалі таксама яе сына. Пратакол быў складзены на падставе расказа жанчыны.

    — Калі аповед упершыню дайшоў да моманту палітычнай дыскусіі ў піцэрыі, супрацоўніца паліцыі рэзка спыніла мяне і спытала, пры чым тут палітыка, — звяртае ўвагу журналістка. — Пасля гэтага яшчэ некалькі разоў казала: «палітыка тут не прычым» і «дзеці ў палітыцы нічога не разумеюць».

    Аднак журналістка настойвала на палітычнай прычыне стральбы, некалькі разоў патлумачыла сваю пазіцыю і папрасіла зафіксаваць яе ў пратаколе. 

    — У канцы супрацоўніца спытала, ці не хачу я пагаварыць з бацькамі хлопчыкаў і вырашыць усе мірным шляхам. Хтосьці з іх чакаў сваёй чаргі на апытанне на першым паверсе. Я сказала, што мы ўжо размаўлялі з імі па тэлефоне і пакуль што мне больш няма пра што з імі размаўляць, — дадала маці падлетка.

    Яна чакае рашэння паліцыі ў пачатку студзеня 2024 года, але ў яе склалася ўражанне, што справу хочуць замяць.

    «Будуць размаўляць з бацькамі, каб тыя самі перавялі дзяцей у іншыя школы»

    Да таго ж адбылася сустрэча ў школе. Падчас размовы прысутнічалі класная кіраўніца, псіхолаг, дырэктарка і яшчэ нейкая жанчына.

    — Размова была нядоўгай, — адзначыла Ірына Новік. — Давід яшчэ раз распавёў сваю версію падзей. Пасля мне патлумачылі, што ў Літве няма працэдуры выключэння са школы без загаду вышэйстаячых інстанцый. Спыталі, ці не перадумала я наконт выключэння абодвух вучняў. Я адказала, што не. Дырэктарка дадала, што да пачатку вучобы (цяпер у Літве канікулы) яны будуць размаўляць з бацькамі, каб тыя самі перавялі дзяцей у іншыя школы.

    Таксама адбылася кароткая сустрэча з адным з хлопцаў і яго бацькам. Яны чакалі каля кабінета дырэктаркі. Падлетак ішоў па калідоры, з яго татам проста павіталіся.

    «У бліжэйшы час мы звяжамся з усімі бакамі, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце, ацэнім неабходную дапамогу і прапануем яе»

    Інцыдэнт атрымаў шырокі водгук. Аб ім, у прыватнасці, напісала выданне Delfi, якому ў паліцыі пацвердзілі факт зварота жанчыны.

    — Паліцыя збірае інфармацыю, удакладняе абставіны здарэння, будуць праведзеныя іншыя дзеянні, і потым будзе прынятая працэсуальная пастанова, – сказалі журналістам у камісарыяце.

    Кіраўнік Віленскага аддзялення Дзяржаўнай службы правоў дзіцяці Гедэс Батулявічус паведаміў, што спецыялісты ўжо атрымалі інфармацыю пра гэты выпадак.

    — У бліжэйшы час мы звяжамся з усімі бакамі, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце, ацэнім неабходную дапамогу і прапануем яе, – падкрэсліў ён.

    Журналістка дадала, што пра сітуацыю праінфармаваны кіраўнік Камітэта па нацбяспецы і абароне Сейма Лаўрынас Кашчунас і член гарадскога савета Раса Башкене.

    Чытайце яшчэ:

    Першы прэзідэнт Літвы прамаўляў прысягу ў тым ліку па-беларуску. На якіх прыкладах беларусам і літоўцам лепш зразумець адзін аднаго

    «У Дэпартаменце міграцыі нас пазнавалі з парога — мы сталі заўсёднікамі». Уласны досвед атрымання ВНЖ у Літве

    Беспрацоўны з судзімасцю, няня, адміністратар гатэля і адмаўляльнік Халакосту. Каго лукашэнкаўская прапаганда выдае за замежных экспертаў?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці