• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Памёр заснавальнік CNN Тэд Цёрнер

    Пра смерць Тэда Цёрнера ў сераду, 6 траўня, паведаміў тэлеканал CNN. Цёрнеру было 87 гадоў.

    Тэд Цёрнер. Фота: Phil McCarten/Reuters

    Тэд Цёрнер вядомы як чалавек, які змяніў тэлевізійны бізнэс тым, што стварыў першы ў свеце кругласутачны кабельны канал навін.

    З нагоды запуску CNN, які адбыўся ў 1980 годзе, Тэд Цёрнер заявіў, што тэлеканал не перарве вяшчанне, пакуль не наступіць канец свету: «Мы будзем выступаць і будзем асвятляць гэта [канец свету] ўжывую, і гэта будзе наша апошняе мерапрыемства».

    Падчас актыўнага ўдзелу Цёрнера ў дзейнасці CNN канал фактычна сфармаваў сучасны фармат тэленавін. CNN першым пачаў весці кругласутачнае тэлевяшчанне, а пасля — прамы эфір падзей. Таксама тэлеканал першым пачаў выкарыстоўваць бягучы радок падчас эфіру, без якога зараз не абыходзіцца ніводная навінавая трансляцыя.

    Канал атрымаў сусветнае прызнанне дзякуючы асвятленню вайны ў Персідскім заліве ў 1990 і 1991 гадах. У той час як большасць іншых журналістаў уцяклі з Багдада, CNN заставаўся, здымаючы падзеі пачатку вайны.

    «Важнасць кругласутачнага навінавага канала стала відавочнай. Гэта быў першы выпадак, калі вайна транслявалася ў прамым эфіры — і толькі на CNN», — гаворыцца на сайце тэлеканала.

    Карэспандэнты канала вялі прамыя рэпартажы з найбуйнейшых падзей — ад распаду Савецкага Саюза да падаўлення кіраўніцтвам Кітая пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь.

    Часопіс Time у 1991 годзе назваў Тэрнера «Чалавекам года» за тое, што ён «уплываў на ход падзей і ператвараў гледачоў у імгненных сведкаў гісторыі».

    Тэд Цёрнер стварыў магутную медыяімперыю, у якую ўваходзілі кабельныя тэлеканалы, у тым ліку спартыўныя і забаўляльныя каналы TBS і TNT, Turn­er Clas­sic Movies і Car­toon Net­work ды іншыя. Пазней ён прадаў асноўныя медыяактывы кампаніі Time Warn­er.

    Асобная старонка яго дзейнасці — філантропія і грамадскія ініцыятывы. Тэрнер заснаваў Фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, падтрымліваў праекты па зніжэнні ядзернай пагрозы і актыўна займаўся экалагічнымі пытаннямі. Акрамя таго, Тэд Цёрнер — заснавальнік і галоўны спонсар спартыўных Гульняў добрай волі, якія праводзіліся ў 1986‑2001 гадах адзін раз на чатыры гады.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.