• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Першы віцебскі кейккросінг: пірагі ад журналістаў і новыя перпектывы супрацоўніцтва

    Бадай што ўсім вядомыя буккросінг — абмен кнігамі, або посткросінг — абмен паштоўкамі. А ў Віцебску 3 студзеня наладзілі кейккросінг — абмен пірагамі ўласнай вытворчасці.

    Аўтары “смачнай” ініцыятывы, кампанія Vitebsk4me, запрасілі на вечарыну ўсіх, хто неабыякавы да праблем гарадскога жыцця. Вядома, сярод іх былі і віцебскія БАЖаўцы.

    Пірагоў і іхных вырабнікоў сабралася нямала, і фармат імпрэзы дазволіў усім пачаставацца ўпадабанымі ласункамі з суседніх столікаў. З пірагамі прыйшлі на сустрэчу і віцебскія БАЖаўцы.

    Але не гэта было галоўнай мэтай імпрэзы: у фармаце кейккросінгу прайшло першае сёлетняе пасяджэнне ініцыятывы “Добрая нагода”, распачатай кампаніяй  Vitebsk4me дзеля абмену прапановамі і супрацоўніцтва актыўных людзей, якія хочуць зрабіць жыццё горада больш цікавым і насычаным.

    Віцебскія журналісты і раней часта заходзілі на “Добрую нагоду”, бо тут можна даведацца пра гарадскія праблемы ці дасягненні гараджан, пазнаёміцца з патэнцыйнымі героямі будучых матэрыялаў, абмеркаваць неабходнасць інфармацыйнай падтрымкі тых ці іншых ініцыятыў. Гэтым разам да прадстаўнікоў СМІ звярнуўся з прапановай прадстаўнік кампаніі Vitebsk4me Уладзімір Булаўскі.

    Ён паведаміў, што падчас сустрэч каардынацыйнай рады па праекце «Віцебск — навучальны горад” ад супрацоўнікаў Віцебскага гарвыкнкама паступіла просьба зладзіць майстар-клас па карыстанні сацыяльнымі сеткамі — ад стварэння ўласных акаўнтаў асобных структур да перспектывы стасавацца з віцяблянамі ў гарадскіх пабліках па праблемных пытаннях. На думку спадара Булаўскага, журналісты маглі б стаць удзельнікамі такіх навучальных сустрэч і падзяліцца ўласным досведам.

    Апрача гэтага, з’явілася ідэя зладзіць цэлы цыкл мерапрыемстваў па сучасных практыках камунікацыі паміж прадстаўнікамі мясцовай улады і грамадскасцю, у тым ліку — са СМІ. Менавіта журналісты маглі б патлумачыць, якім мусіць быць “ідэальны” прэс-рэліз, каб ім было зручна крыстацца, і распавесці пра выпадкі, калі праблемныя сітуацыі можна вырашаць па “першых сігналах” у сацыяльных сетках, не даводзячы іх да разбіральніцтва ў крытычных артыкулах.

    Спадзеючыся, што прадстаўнікі ўладаў будуць зацікаўленыя ва ўдасканаленні сваёй дзейнасці, віцебскія журналісты  пачалі збіраць аргументы і прапановы, як аптымізаваць камунікацыю паміж кіруючымі гарадскімі структурамі і грамадскасцю Віцебска. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці