Прадстаўнікі БАЖ бяруць удзел у Беларускіх днях у Брусэлі
11–13 снежня ў Брусэлі праходзіць шэраг мерапрыемстваў высокага ўзроўню пад агульнай назвай «Беларускія дні ў Брусэлі». Удзел у іх бяруць палітыкі, актывісты, праваабаронцы, медыі, у тым ліку і прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Кансультацыйная група ЕС і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі. У цэнтры — Святлана Ціханоўская. Фота: БАЖ
У прыватнасці, у сераду прайшло пасяджэнне Кансультацыйнай групы ЕС з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. 4‑я сустрэча Кансультатыўнай групы — фармат кансультацый, запушчаны Вярхоўным прадстаўніком/віцэ-прэзідэнтам ЕС Жазэпам Барэлем у чэрвені 2023 года. Сустрэча прайшла пад старшынствам кіраўніка ЕСЗД па Усходняй Еўропе Майкла Зіберта і Святланы Ціханоўскай з удзелу Еўракамісіі, і была прысвечаная абмену інфармацыяй пра сітуацыю ў Беларусі.
Увечары ў сераду ў Брусэлі адкрылася выстава малюнкаў і лістоў палітвязняў Беларусі «Галасы з турмы. Мастацтва як супраціў». Некалькі стэндаў выставы былі прысвечаныя зняволеным сябрам БАЖ.

Святлана Ціханоўская прымае ўдзел у адкрыцці выставы «Нязломны», прысвечанай пяці зняволеным праваабаронцам з ПЦ «Вясна». Фота: БАЖ
Раніцай у чацвер у цэнтры Брусэля адкрылася выстава «Нязломны», прысвечаная пяці зняволеным праваабаронцам з ПЦ «Вясна» — Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзімеру Лабковічу, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.
Таксама 12 снежня праходзіць канферэнцыя высокага ўзроўню пад назвай «Станем з народам Беларусі». Канферэнцыя пад назвай «Станем з народам Беларусі», арганізаваная сумесна Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і Еўрапейскім парламентам у супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй, каб прадэманстраваць нязменную падтрымку беларускага народа з боку ЕС, праліць святло на сітуацыю з палітвязнямі, і абмеркаваць шляхі дэмакратычнай будучыні ў Беларусі.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі і ТікТок-вядучая Кацярына Васілёнак. Фота: БАЖ
Удзел у мерапрыемтве бяруць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі і ТікТок-вядучая Кацярына Васілёнак, а таксама шэраг непублічных прадстаўнікоў арганізацыі. Фокус увагі — на журналістах за кратамі ў Беларусі.
