Улады Беластока прадаставяць жыллё для сям’і Анджэя Пачобута
Беласток стане другім домам для Анджэя Пачобута — журналіста, грамадскага дзеяча і былога палітвязня. Ён падаў заяву на атрыманне арэнднай кватэры з фонду Камунальнага таварыства сацыяльнага будаўніцтва, і ўжо ў жніўні можа пераехаць у новы дом.

Анджэй Пачобут у Беластоку. Фота: Facebook адмінастрацыі Беластока
«Дзякую прэзідэнту Беластока Тадэвушу Трускаляскаму за запрашэнне. Адсюль мне будзе значна лягчэй працягваць працу дзеля дэмакратыі ў Беларусі, а таксама на карысць Беластока і беларускай меншасці, якая тут жыве»,
— сказаў Анджэй Пачобут.
Працэдура атрымання кватэры для журналіста будзе карацейшай за звычайную дзякуючы яго выключным заслугам перад горадам. Такая магчымасць прадугледжаная ўстаноўчым актам кампаніі KTBS. Плануецца, што сям’я Пачобута атрымае 2‑пакаёвую кватэру плошчай 48 квадратных метраў, гатовую да засялення.
«Я ўжо не буду чужым у Беластоку; я ўжо буду як у сябе дома. Мая дачка жыве тут чатыры гады, мой сын таксама плануе тут вучыцца, таму палова сям’і будзе пастаянна пражываць тут, і ў мяне будзе ўласнае месца, калі я буду прыязджаць з Гродна. Таму я вельмі за гэта ўдзячны»,
— падкрэсліў журналіст падчас сустрэчы з журналістамі.
Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі выказаў спадзяванне, што Пачобут зможа пераехаць у горад ужо ў другой палове жніўня.
«Беласток стане другім домам для гэтага выбітнага чалавека. Рады і таму, што наш горад атрымае такога выдатнага грамадзяніна», — заявіў Трускаляскі.
Па інфармацыі Тадэвуша Трускаляскага, некалькі польскіх гарадоў прапанавалі Анджэю Пачобуту жыллё, але журналіст абраў Беласток з‑за блізкасці да Беларусі.
Пяць гадоў чакання. Як Беласток сустракаў Анджэя Пачобута пасля вызвалення
Анджэй Пачобут нарадзіўся ў Беларусі, з’яўляецца сябрам Саюза палякаў у Беларусі і журналістам беларускіх і польскіх СМІ. За сваю дзейнасць і крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ён правёў больш за пяць гадоў у беларускіх турмах як вязень сумлення.
На працягу многіх гадоў журналіст супрацоўнічае з уладамі Беластока і арганізацыяй «Wspólnota Polska», падтрымліваючы польскую дыяспару ў Беларусі і беларускую меншасць у Падляшшы.
@bajmedia