• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Прафесійны і небяспечны блазан». Што замежная прэса пісала пасля перамогі Лукашэнкі ў 1994‑м

    30 гадоў таму заходняя прэса называла Лукашэнку папулістам і дэмагогам з вульгарнымі манерамі, які можа адкінуць краіну ў мінулае «не на адзін крок назад, як Кебіч, а на цэлых два».

    Аляксандр Лукашэнка 30 гадоў ва ўладзе

    Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня 1994 года на выбарчым участку ў шклоўскай сярэдняй школе №1. Фота: president.gov.by

    «Аляксандр Лукашэнка — непрадказальны апаратчык»

    Інфармацыю пад такім загалоўкам, якую распаўсюдзіла агенцтва Франс Прэс, апублікавалі шматлікія французскія газеты.

    Франс Прэс называла Лукашэнку «маладасведчаным і непрадказальным палітыкам», якому «камуністы дапамаглі зрабіць кар’еру». Аднак «ягоны памагаты дэпутат-юрыст падбіў яго зляпіць новы імідж — чалавека, незалежнага ад камуністаў. Аўтар адзначае, што шмат хто гэтаму даў веры, асабліва пенсіянеры і сяляне. Франс Прэс цытуе таксама аднаго заходняга дыпламата, які заявіў пра Лукашэнку: «Гэта ў найвышэйшай ступені папуліст, без досведу ўлады, феномен кшталту Жырыноўскага».

    Le Monde пісала, што Захад можа зусім адвярнуцца ад Беларусі

    Аляксандр Лукашэнка 30 гадоў ва ўладзе

    Аляксандр Лукашэнка за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, Мінск, 9 ліпеня 1994 года. Фота Reuters

    Карэспандэнт Le Monde піша, што праграма Лукашэнкі «наскрозь дэмагагічная». Яна «пераважна пабудаваная на вобразе гэткага змагара з карупцыяй, які абяцае ў выпадку перамогі пасадзіць у турму прэм’ер-міністра і ягонае атачэнне».

    Аналізуючы першы тур выбараў, Le Monde адзначае: пасля таго «як дэмакратычная апазіцыя выбыла з барацьбы, разам з ёй, мяркуючы па ўсім, зніклі надзеі на эканамічныя рэформы і сцверджанне нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Заходнія краіны, якія і без таго аддавалі Беларусі ўвагу хіба што сярод іншых, пасля перамогі Лукашэнкі могуць страціць да яе ўсялякі інтарэс». Імкненне Лукашэнкі да так званага эканамічнага саюзу з Расіяй «можа прывесці да хуткай і поўнай страты незалежнасці краіны», — пісаў карэспандэнт Le Monde.

    Liberation: «Прафесійны блазан»

    «У другім туры ў беларускіх выбарцаў не было ніякага выбару, — адзначае французская Lib­er­a­tion. — Абодва кандыдаты выступалі за шчыльны саюз з Расіяй і вяртанне Беларусі ў зону расейскага рубля».

    Гэтая газета таксама называе Лукашэнку папулістам і параўноўвае яго з Жырыноўскім. Lib­er­a­tion піша, што замежныя дыпламаты, якія працуюць у Мінску, характарызуюць Лукашэнку як «прафесійнага блазна, прытым блазна небяспечнага», ад якога невядома чаго можна чакаць.

    Як ствараюцца дыктатары і што гэтаму можна супрацьпаставіць. Парады ад Ганны Мірочнік

    Сярод іншага аўтар адзначае, што над Домам ураду ў Мінску трапечацца невялікі бел-чырвона-белы сцяжок, а пад ім — вялізная эмблема БССР, якую так дагэтуль і не прыбралі. «Гэтая краіна пакуль так і не вырашыла, па якім шляху ёй ісці».

    Gazeta Wyborcza: «Па Беларусі сунецца бульдозер»

    Gaze­ta Wybor­cza змясціла публікацыю пад красамоўнай назвай «Хто больш любіць Расею». Журналіст інфармуе пра тэледэбаты Лукашэнкі і Кебіча: Кебіч пераконваў, як шмат зрабіў дзеля інтэграцыі рэспублікі з Расіяй, а Лукашэнка абвінавачваў яго ў хлусні і абяцаў, што зробіць значна больш.

    «Па Беларусі сунецца бульдозер» — так называўся іншы артыкул у GW. «На характэрную постаць Лукашэнкі ўпершыню звярнулі ўвагу, калі ён быў абраны на пасаду старшыні парламенцкай камісіі па справах карупцыі ў органах дзяржаўнай улады. Тады злоязычныя журналісты назвалі яго «Бульдозерам». Дырэктар саўгасу з‑пад Магілёва са сваёй лысінай, на якую зачэсвае рэдкі космык валасоў, і беларуска-расійскім дыялектам, у Вярхоўным Савеце хутка стаў прадметам для кпінаў. «Для амбітнага дырэктара саўгасу здабыць уладу — не сродак дзеля дасягнення мэты, а сама мэта».

    Rzecz­pospoli­ta ацэньвае выбар беларусаў: «Для людзей, якія за яго галасуюць, ён — народны герой, беларускі Робін Гуд, які забярэ ў багатых — спекулянтаў, мафіі — народнае дабро і аддасць бедным, то бок сумленным працаўнікам і пенсіянерам».

    Życie Warsza­wy пісала: «Апазіцыя суцяшаецца тым, што першаму прэзідэнту наканавана быць „з’едзеным“, бо ён змушаны прымаць вельмі непапулярныя рашэнні».

    «Аднак застаецца пытанне: ці пагодзіцца першы прэзідэнт Беларусі на „з’яданне“, перш чым Беларусь аддадуць на „з’яданне“ Расіі».

    30 гадоў ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Філарэт

    Злева направа: экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт, Аляксандр Лукашэнка, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II падчас цырымоніі адкрыцця помніка Перамогі на Прохараўскім танкавым полі. Расея, Белгародская вобласць, Прохараўка. 3 траўня 1995 г. Фатахроніка ТАСС

    «Палітыка, ад якой валасы дыбарам становяцца» — брытанская прэса

    «Прасавецкі рэфарматар выйграў беларускія прэзідэнцкія выбары», — пад такім загалоўкам надрукавала інфармацыю лонданская Times. Яна піша, што Лукашэнкавы «дзікія абяцанні» далі падставу заходнім аглядальнікам назваць магчымую лінію новага прэзідэнта «палітыкай, ад якой валасы дыбарам становяцца». Аднак «іншыя кажуць, што ён павінен будзе ўзяць больш прагматычны курс», — адзначае Times.

    Finan­cial Times лічыць, што перамога Лукашэнкі «пагражае пагоршыць эканамічныя праблемы Беларусі, калі новы прэзідэнт выканае свае абяцанні змагацца супраць карупцыі і рынкавай эканомікі».

    Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник

    Guardian называе Лукашэнку «нахабным папулістам з малым палітычным досведам». «Ніхто не ведае, што будзе рабіць Лукашэнка з уладай, якую ён атрымаў у якасці першага прэзідэнта краіны».

    «Большасць беларусаў паводзіць сябе так, нібыта не хоча жыць ані ў незалежнай, ані ў дэмакратычнай дзяржаве», — нямецкая прэса

    Бонская Gen­er­al Anzeiger, вядомая сваёй набліжанасцю да МЗС Нямеччыны, піша, што вынікі выбараў у Беларусі былі «ўдарам грому надзвычайнай сілы» не толькі для «звыклага да ўлады, панурага і сварлівага Кебіча», але і ягоных «нязграбных маскоўскіх памочнікаў на выбарах пад кіраўніцтвам Чарнамырдзіна». Кебіч быў для Масквы «цалкам прадказальны», Лукашэнка «такім не будзе», — лічыць Gen­er­al Anzeiger.

    Газета Frank­furter All­ge­meine назвала перамогу Лукашэнкі з такою перавагай «сенсацыйнай». Падобна да таго, адзначаецца ў каментары, што Беларусь і Украіна, моцна зрусіфікаваныя, пачынаюць рухацца «назад у імперыю». Калі б у гэтых дзяржавах быў эканамічны ўздым, то ані Кучма, ані, відаць, нават Лукашэнка не сталі б прэзідэнтамі. Яны абодва сказалі сваім народам, што ў саюзе з Расіяй справы пойдуць угару, аднак яны не сказалі, што ў самой Расіі эканоміка стаіць. Калі народы Беларусі і Расіі расчаруюцца ў сваіх прэзідэнтах, то падымецца «новая нацыянальная хваля». Беларусь, як адзначаецца, будзе зноў «шукаць дыстанцыю» ад Расіі. Што ж да Украіны, то няясна, ці застанецца яна цэльнаю дзяржавай.

    Барыс Ельцын, Біл Клінтан, Аляксандр Лукашэнка і Джон Мэйджар

    Злева направа: Барыс Ельцын, Біл Клінтан, Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Джон Мэйджар падчас цырымоніі падпісання пратаколаў аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана. Венгрыя. Будапешт. 5 снежня 1994 г. Фатахроніка ТАСС

    На думку газеты, застаецца таямніцай, чаму выбарцы Беларусі падчас першых свабодных выбараў аддалі галасы Лукашэнку, які, «як мяркуецца, завядзе незалежную дзяржаву не на адзін крок назад у мінулае, як Кебіч, а на цэлыя два». Выхад з цяжкага эканамічнага крызісу Лукашэнка бачыць у тым, каб узмацняць ролю дзяржавы ў цэнаўтварэнні і захоўваць дзяржаўную ўласнасць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Гэта азначае, што нават самыя сціплыя спробы рынкавых рэформаў будуць стрымлівацца. Адным словам, лічыць Frank­furter All­ge­meine, Лукашэнка прапануе старыя ідэі ў «папулісцкай упакоўцы».

    Беларусы хацелі неадкладнай змены ўлады. Абраўшы Лукашэнку, яны паводзяць сябе так, «нібыта большасць народу не хоча жыць ані ў незалежнай, ані ў дэмакратычнай дзяржаве», робіць выснову Frank­furter All­ge­meine.

    Газета Welt паведаміла, што Лукашэнку параўноўваюць з Жырыноўскім за «дэмагагічныя выказванні». «Застаецца пад вялікім пытаннем ягоная здольнасць прысутнічаць на міжнароднай арэне з такімі, часта вульгарнымі, манерамі выказваць свае думкі».

    З прыходам Лукашэнкі «ўзрастае небяспека і хаос». Зноў да ўлады прыйшоў «красамоўны папуліст, ягоная мінуўшчына ляжыць у камунізме, а сучаснасць складаецца з выразаў-загадаў». Лукашэнка — гэта чалавек, «чый поціск рукі спрычыняе боль». На Захадзе таксама адчуваецца «перапалох»: мінскі лідар яшчэ мае ядзерную зброю.

    Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность

    На думку Han­dels­blatt, да ўлады ў Беларусі прыйшоў чалавек, які «шмат разоў мяняў перакананні». Газета падкрэслівае: «У эканоміцы Лукашэнка мае намер адразу ж зрабіць прадпрыемствы прыбытковымі. Гэта тройчы немагчыма. Па-першае, прадпрыемствы Беларусі, у сваёй большасці зарыентаваныя на вайсковую прадукцыю, яшчэ ніколі не прыносілі прыбытку. Па-другое, кіраўнічы апарат ёсць і застаецца карумпаваным, бо Лукашэнка ў бліжэйшай будучыні не зможа знайсці чыноўнікаў. Нарэшце, у ягонай камандзе няма сапраўдных прафесіяналаў.

    Перадусім, лічыць Han­dels­blatt, у Беларусі разгорнецца «жорсткая барацьба за ўладу». Кебіч, які пацярпеў паразу, зусім не адмовіўся ад «інструментаў старога апаратчыка». «Прэм’ер-міністрам ён быў толькі на паверхні».

    У Маскве заяўлялі, што «мелі дачыненне да палітычнай мінуўшчыны Лукашэнкі»

    Як паведаміла ІТАР-ТАСС, «добрым варыянтам» для Расіі назваў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы Аляксандр Венгероўскі. Спаслаўшыся на словы лідара ЛДПР, намеснікам якога ён з’яўляецца, Венгероўскі адзначыў, што «на першых прэзідэнцкіх выбарах, як правіла, перамагае чалавек, які больш за ўсіх і вельмі канструктыўна крытыкаваў улады».

    У сваю чаргу, каардынатар думскай фракцыі «Выбар Расіі» Барыс Залатухін падкрэсліў, што «існуе вялікая розніца паміж кандыдатам у прэзідэнты і самім прэзідэнтам». Спыніўшыся на апошніх выказваннях Лукашэнкі ў Думе пра тое, што ён імкнецца да дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў, Залатухін адзначыў, што «ад прэзідэнта любой дзяржавы не залежыць дэнансацыя міжнародных пагадненняў — гэта залежыць ад парламента».

    Каардынатар думскай фракцыі «Яблоко» Ігар Якаўенка заўважыў, што «мае пэўнае дачыненне да палітычнай мінуўшчыны спадара Лукашэнкі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці