Праграма «Тыдзень» сыходзіць з «Белсата»
У эфір вяртаецца «Студыя Белсат», якую будуць па чарзе весці Віталь Бабін і Віталь Цыганкоў, заўважыла «Наша Ніва».
Праграма «Тыдзень» больш не з’явіцца ў эфіры тэлеканала. Яе вядучыя Ігар Кулей і Сяргей Падсасонны звольніліся з «Белсата» праз канфлікт з кіраўніцтвам.
Замест «Тыдня» ў нядзелю, 12 студзеня, пасля працяглага перапынку ў эфір выйшла праграма «Студыя Белсат».
Гэта падобнае шоу, у якім таксама падводзяцца вынікі тыдня і аналізуюцца разам з экспертамі галоўныя падзеі, што адбыліся ў Беларусі і свеце. Першае выданне правёў Віталь Бабін, у наступную нядзелю вядучым будзе Віталь Цыганкоў.
Канфлікт на «Белсаце»
15 лістапада рэдакцыя «Белсата» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык, якая прыйшла з Офіса Святланы Ціханоўскай. Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву аб звальненні на ўласнае жаданне ад 22 лістапада. Хаця меў заставацца на пасадзе да 3 снежня. Звольніўся 27 лістапада.
Пасля інтэрв’ю з новым новым галоўным рэдактарам кіраўнік беларускай рэдакцыі «Белсата» Ігар Кулей быў зняты са сваёй пасады, а журналіст Сяргей Падсасонны, які задаваў пытанні, атрымаў наганяй. Ігар Кулей 29 снежня правёў апошні эфір на «Белсаце», пра што заявіў у эфіры праграмы «Тыдзень на Белсаце». Тады Аліна Коўшык адмовілася каментаваць БАЖ гэтае рашэнне.
Звальненне Ігара Кулея стала вынікам канфлікту часткі калектыва і новай кіраўніцы беларускай рэдакцыі Аліны Коўшык. У допісе на сваёй старонцы Facebook журналіст адзначыў, што яго сыход не быў добраахвотным і заявіў пра «ціск і кампанію па дэзінфармацыі» з боку кіраўніцтва.
Коўшык пра звальненне Кулея: Яго заявы не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала
5 студзеня 2025 года стала вядома пра звальненне Сяргея Падсасоннага. У допісе на сваёй старонцы ў Facebook ён наступным чынам патлумачыў свае матывы:
«Мае стандарты не супадаюць з напісаннем ПІСЬМОВЫХ СЛУЖБОВЫХ НАТАТАК кіраўніцтву, даносамі і падхалімствам, маўчаннем і страхам. Пасля публічных і непублічных прыніжэнняў у бок Ігара Кулея і мяне асабіста не магу больш заставацца на канале, які ў такім выглядзе ўжо не лічу маім. Гэта больш не зона свабоды і шчырасці, праўды, якую мы стварылі і якой трымаліся!»