• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуратура Крупак супраць Сцяпана Пуцілы: інфапрадукцыя Nexta ў сетцы TikTok прызнаная “экстрэмісцкай”

    Застаецца ўсе меней раённых цэнтраў у Беларусі, якія ўслед за цэнтральнымі органамі ўлады не далучыліся да пераследу “крамольных акаўнтаў” у сацсетках. Гэтым разам ролю цэнзараў прымералі на сябе Крупкі. 

    Афіцыйны Telegram-канала Генеральнай пракуратуры Беларусі паведаміў, што на падставе заявы пракуратуры Крупскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя Tik­Tok-акаўнта Nex­ta прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

    У гэтым пераліку таксама “цік-токаўскія” ініцыятывы “Belaru­sian Bat­tal­ion”, “Беларусь на целе”, “Свежыя навіны з Польшчы” і акаўнт палітыка Паўла Латушкі “Pavel Latush­ka”.

    Як удакладняецца на сайце Міністэрства інфармацыі , дзе збіраюцца звесткі пра ўсіх новых “экстрэмістаў”, адпаведнае рашэнне суд Крупскага раёна ўхваліў яшчэ 13 снежня. 

    “Падлягае неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 314  Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса”, – гаворыцца ў рэзулятыўнай частцы. 

    Выглядае, што Крупская пракуратура знайшла апошнюю віртуальную пляцоўку, дзе канал Nex­ta яшчэ існаваў без “экстрэмісцкага статусу”.

    Нагадаем, раней Cледчы камітэт Беларусі ініцыяваў так званую “дыстанцыйную спецвытворчасць” у дачыненні да арганізатараў шэрагу “тэрарыстычных арганізацый” і асобных прадстаўнікоў “экстрэмісцкай супольнасці”. У гэтым пераліку фігуруе і заснавальнік адной з самых масавых інфармацыйных інтэрнэт-платформ Nex­ta Сцяпан Пуціла. 

    Старшыня СК Дзмітрый Гара ў сярэдзіне лістапада ўдакладніў, што такі механізм дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі “цяжкія злачынствы супраць дзяржавы і народа Беларусі”. Падзяліўся ён і планамі наконт аднаго з заснавальнікаў Telegram-канала Nex­ta.

    «У найбліжэйшы час будзе разглядацца пытанне аб ініцыяцыі спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да сапраўдных здраднікаў, якія нанеслі вялізную шкоду нашай краіне. Гэта і Nex­ta (сярод першых у краіне рэдакцыя прызнана “тэрарыстычнай арганізацыяй”, – БАЖ), і непасрэдна сам Пуціла і яго падзельнікі», — заявіў кіраўнік ведамства.

    У апошнія дні 2021 года сілавыя структуры Беларусі ўжо абвінавацілі Сцяпана Пуцілу ў “арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 і 3 арт. 293 КК, ч. 1 і 2 арт. 342 КК), а таксама ў “распальванні варожасці” (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў – агулам набралася блізу дзясятка “злачынстваў”.

    На адрас пракуратуры Польшчы (у гэтай краіне апошнія гады жыве блогер), са Следчага камітэта быў дасланы запыт аб экстрадыцыі заснавальніка Nex­ta дзеля накіравання справы ў суд. Аднак сёлета ў  студзені польскі бок адмовіў у задавальненні хадайніцтва. Як аргументаваў суддзя па справе Сцяпана Пуцілы, нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча “псіхапатычны дыктатар”.

    Пасля першых пагроз крымінальнага пераследу ў 2020 годзе Сцяпан Пуціла атрымаў міжнародную абарону, а ў 2021‑м — статус палітычнага ўцекача ў Польшчы. Следам на радзіме ён апынуўся ў спісе “арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

    Сцяпану Пуцілу 24 гады. Нягледзячы на маладосць, ён адзін з самых вядомых і пазнавальных блогераў як у Беларусі, так і за яе межамі. Гэтаму паспрыяла перадусім інфармацыйная актыўнасць калектыву аднадумцаў падчас масавых акцый пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020, калі створаны да таго Telegram-канал Nex­ta стаў адным з лакаматываў інфармавання пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі падлікаў электаральнай кампаніі і неабгрунтаванага гвалту сілавікоў.

    Чытайце яшчэ:

    У Мінску прайшло развітанне з тэатральным крытыкам Аляксеем Стрэльнікавым

    Дзеці ў ЗША, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Адкуль узяўся прапагандыст Андрэй Мукавозчык

    У Гомелі з’явіўся самвыдат пад брэндам прапагандысцкага дзяржаўнага выдання

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці