• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуратура: супраць Семчанкі завялі крымінальную справу “за распальванне варожасці”

    У дачыненні да былога палітычнага аглядальніка тэлеканала АНТ Дзмітрыя Семчанкі распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса – “распальванне сацыяльнай варожасці”. Санкцыя прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

    Генпракуратура ў сваім афіцыйным паведамленні пацвердзіла, што пракуратура Кастрычніцкага раёна Мінска санкцыянавала ўжыванне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Дзмітрыя Семчанкі.

    “Выяўлена, што падазраваны цягам 2020–2022 гадоў у розных тэлеграм-каналах і чатах размясціў публікацыі, скіраваныя на фармаванне ў грамадскасці варожасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады. З улікам акалічнасцяў ўчыненага і асобы падазраванага ў дачыненні да яго абраная мера ўтрымання пад вартай”, — удакладнілі ў ведамстве.

    Першапачаткова Дзмітрыя Семчанку і ягоную жонку Юлію затрымалі 15 верасня нібыта за “рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў”. Паколькі сям’я выхоўвае непаўналетняга сына, маці абышлася штрафам у памеры 960 рублёў, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 сутак — праўда, ужо з новай фармулёўкай “за хуліганства”. Такое рашэнне 16 верасня прыняла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк.

    У вызначаны тэрмін Дзмітрыя Семчанку на свабоду не выпусцілі — 30 верасня ў Фрунзенскім РУУС склалі новы пратакол. Чарговы суд прызначыў фігуранту пакаранне тэрмінам 13 сутак адміністрацыйнага арышту — гэтым разам за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Аднак 13 кастрычніка, калі мінаў чарговы тэрмін, дома яго зноў не дачакаліся.

    Толькі цяпер стала вядома, што супраць журналіста пачата крымінальная справа.

    Больш за 10 гадоў — ад 2009-га да 2020-га — у якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Ён пераможца нацыянальнага конкурсу для праўладных СМІ “Тэлевяршыня”, лаўрэат шматлікіх прафесійных прэмій. За сукупнасць заслугаў атрымаў давер ад калег-прапагандыстаў узначаліць “прэзыдэнцкі пул” з найбліжэйшага медыйнага атачэння Лукашэнкі.  

    Аднак у жніўні 2020-га публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавых структур і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Ужо 10 верасня таго ж года па яго прыйшла цэлая “група захопу”, дома зладзілі ператрус.

    Следам суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Блізнюк пакарала былога  тэлевядоўцу 15 суткамі арышту паводле “народнага” артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Нейкі час Дзмітрый Семчанка заставаўся беспрацоўным, а ў лістападзе 2020 года яго запрасілі на пасаду піяр-менеджара ў кампанію “Белагра”, якая займаецца продажам беларускай сельгастэхнікі і запчастак.

    Аднак сёлета 29 верасня ў “Белагра” прыйшлі сілавікі, арыштавалі два дзясяткі спецыялістаў з ліку кіраўніцтва і супрацоўнікаў. А неўзабаве завялі крымінальныя і адміністрацыйныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года і падпіскі на “дэструктыўныя” інтэрнэт-рэсурсы.

    Адной з прычын надзвычайнага інтарэсу праваахоўнікаў да камерсантаў называлася менавіта тое, што тыя ўзялі на працу “здрадніка і перабежчыка”.  

    Адметна, што з усіх афіцыйных медыя пра крымінальную справу супраць экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула журналістаў Дзмітрыя Семчанкі згадалі  толькі ягоныя былыя працадаўцы з тэлеканала АНТ.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці