• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Расейскі сайт знайшоў стваральніка сайта 1863x.com Джона Сільвэра ў бранскай турме

    Новыя падрабязнасьці пра арышт стваральніка сайта http://1863x.com, які працаваў пад псэўданімам Jhon Silver, апублікаваў расейскі прапагандысцкі рэсурс «Спутник и погром», які назваў яго як Эдуарда Пальчыса.

    Расейскі сайт паведамляе, што Джон Сільвэр быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласьці пры перасячэньні расейска-ўкраінскай мяжы:

    «25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага горада Ліда, практыкуючы каталік, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс».

    У Расею Пальчыс паехаў нібыта ў пошуках працы, бо ня змог атрымаць ва Ўкраіне палітычны прытулак, піша расейскі прапагандысцкі рэсурс са спасылкай на ўправу МУС Расеі па Бранскай вобласьці:

    «Цяпер у Джона Пальчыса ёсьць два варыянты. Першы — яго экстрадуюць у Беларусь матаць тэрмін за распальваньне варожасьці і распаўсюд парнаграфіі. Другі — няўдачлівага гастарбайтэра будуць судзіць у Расеі па 282-ым артыкуле КК РФ. Падставай для крымінальнага перасьледу Пальчыса ў РФ зьяўляюцца дзьве ягоныя публікацыі: «Крэмль павінен быць разбураны» і «Як забіць рускі мір» (абедзьве ўжо выдаленыя з сайта). У адной зь іх рускія названыя «неданацыяй», якая жыве «па прынцыпах качэўнікаў — разбойныя напады на чужую тэрыторыю з мэтай выпампоўваньня рэсурсаў».

    Свабода будзе імкнуцца праверыць гэтую інфармацыю, карэспандэнт Свабоды, які гутарыў зь Джонам Сільвэрам летась у Кіеве, апазнаў яго па фатаздымку з бранскай турмы, які публікуе расейскі чарнасоценны рэсурс.

    Стваральнік сайту http://1863x.com/ хаваўся пад псэўданімам Jhon Sil­ver, вёў сайт-блог, матэрыялы якога папулярызаваў праз сацыяльныя сеткі. Тэматыка сайта — «выкрыцьцё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі».

    Раней яго затрымлівалі беларускія спэцслужбы, завялі дзьве крымінальныя справы і на месяц пасадзілі ў псыхлякарню. Пасьля гэтага ён пакінуў Беларусь і знаходзіўся ва Ўкраіне. «Джон Сільвэр» даў Свабодзе інтэрвію, у якім паведаміў, што супраць яго распачалі дзьве крымінальныя справы: гэта артыкул 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкул 343 ч.2 (распаўсюд парнаграфіі).

    25 студзеня 2016 году на сайце 1863x.com была апублікаваная інфармацыя, што John Sil­ver «затрыманы спэцслужбамі Расейскай Фэдэрацыі некалькі дзён таму». Пасьля гэтага сайт не абнаўляўся.

    У бранскай паліцыі ня ведаюць пра арышт Джона Сільвэра

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці