«Бацька мае рацыю!» Што за дзяўчына вядзе тыкток БТ?
Каб завабіць гледачоў, яна запісвала навіны ў лазні.

Паліна Калачык у Барселоне. Фота з яе інстаграма
Паліне Калачык 22 гады. Яна мінчанка. Вучылася ў школе № 3 побач з мінскім мікрараёнам Грушаўка. Яшчэ ў школе цікавілася журналістыкай і хадзіла ў клуб маладых журналістаў «Равеснік».
Пасля паступіла на журфак, на спецыяльнасць «аўдыёвізуальная журналістыка». У 2022‑м абараніла дыплом па тэме «Трэнды і перспектывы моладзевага тэлебачання». І трапіла па размеркаванні на БТ.
«Я здзівілася, калі ўбачыла яе ў тыктоку БТ. Паліна была даволі актыўнай ва ўніверсітэце і добра вучылася. Вельмі прыемная дзяўчына, заўсёды адгукалася на просьбы, была на пазітыве», — кажа дзяўчына, якая раней вучылася з ёй разам.

Відэа «Бацька мае рацыю!» на тыктоку БТ з цытатай Лукашэнкі пра «самых прыгожых беларускіх жанчын»
Упершыню Калачык з’явілася ў кадры яшчэ ва ўніверсітэце, у праграме «Пін_код» ад тэлеканала «Беларусь 2» (выпускі гэтай праграмы на ютубе збіраюць па пару дзясяткаў праглядаў).
На размеркаванні Паліне даверылі весці тыкток.
У «Навінах з душа ў душу» дзяўчына, седзячы ў лазні, расказвала пра сілавую нараду ў Лукашэнкі і Масленіцу. Палітыка яна ў сваіх роліках называе «бацькам».

Паліна Калачык і «навіны з душа ў душу». Скрыншот з тыктока БТ
Але агулам кантэнт, які стварае дзяўчына, хутчэй забаўляльны, чым палітычны.
У сацсетках Паліна паказвае свае вандроўкі. Нягледзячы на працу ў адным з галоўных інструментаў прапаганды, адпачывае яна ў «недружалюбных» краінах — у маі, напрыклад, ездзіла ў Італію і Іспанію.
