• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хэмінгуэй, Стывэн Хокінг і Ўладзімір Караткевіч. Што журналіст Карней чытае на «Валадарцы»

    Журналіст Ігар Карней прачытаў у «Валадарцы» 80 кніг, у тым ліку «Архіпэлаг ГУЛАГ» Салжаніцына. З дазволу жонкі палітвязня Радыё Свабода зазірнула ў ягоныя лісты.

    Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

    Журналіста Ігара Карнея 22 сакавіка асудзілі на 3 гады зьняволеньня нібыта за сувязь з экстрэмісцкай арганізацыяй. Затрымалі Карнея летась у ліпені і спачатку зьмясьцілі на Акрэсьціна, потым перавялі ў «Валадарку», дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Пра ўмовы ў камэры Ігара Карнея нават ягоным сваякам вядома няшмат, асобныя дэталі праточваюцца ў допісах пра чытаньне кніг з турэмнай бібліятэкі. У прыватнасьці, гэтак сваякі журналіста зразумелі, што ягоны ложак на верхнім ярусе двух- альбо трохпавярховых «нараў», інакш ён бы не называў гэтае месца «пальмай». З кароткіх вытрымак зь лістоў Ігара Карнея зразумела, пра што думаюць вязьні «Валадаркі», што ўспамінаюць і пра што мараць.

    Нарадзіўся ў месцах, апісаных Генрыкам Сянкевічам у «Крыжаках»

    Амаль у кожным лісьце Ігар Карней пералічвае прачытаныя ў «Валадарцы» кнігі і дае ім уласную ацэнку. Звычайна не абыходзіцца і без камэнтароў, бо аўтар у жыцьці шмат дзе павандраваў і пазнае ў кнігах некаторыя лякацыі.

    «На маёй „пальме“ на калене можна і ліст напісаць, і кніжачку чытануць.

    Якраз узяўся за таўшчэзны фаліянт „Амазонія“ (Дж. Ролінс). Ня чуў раней ані назвы, ані аўтара, думаў, можа штосьці навукова-папулярнае пра амазонскія джунглі, а на справе аказаўся закручаны дэтэктыў з бразыльскімі індзейцамі і фармакалягічнымі канцэрнамі. Вельмі кляснае чытво. Таксама „Майстра і Маргарыту“ ўзяў перачытаць, бо першы раз прачытаў у студэнцтве, а тады яшчэ не сасьпеў».

    «Наконт адаптацыі, якраз адсылка да Гэмінгуэя. Прачытаў „Сьвята, якое заўсёды з табой“, гэткая ода Парыжу, дзе той пасьля Першай сусьветнай вайны. Гэтак смачна напісана, бо ўсе вакол п’юць ды ядуць. Нават пазнаваў месцы, па якіх нядаўна галёпам прабеглі. Зачапіўся за цытату: „Вандруй толькі з тымі, каго любіш“. Гэта фактычна пра наш вандроўны дуэт».

    «Чытаю мэмуары Генры Форда — цудоўны аналіз арганізацыі працы, які трэба было б праштудзіраваць нашым „крепким хозяйственникам“. Напісана 100 гадоў таму, а нібыта пра нас. Толькі сэнс зусім іншы. „Мы ніколі не пытаем пра мінулае ў чалавека, які шукае ў нас працы: мы ж наймаем не мінулае, а чалавека. Калі ён сядзеў у турме, няма падстаў меркаваць, што ён зноў у яе трапіць… Выходзіць ён з Гарварду ці зь Сінг-Сінгу, нам усё роўна. Ён павінен мець толькі адно — жаданьне працаваць“. Як не параўнаць з кляймом, якое пакідае пэнітэнцыярная сыстэма тут?»

    «Вось думаю, калі ты са сваёй загрузкай яшчэ і чытаць пасьпяваеш? Я — іншая справа, асноўны спосаб запоўніць час. Асабліва ў выходныя, калі няма працэдурных рухаў. Падбіраюся да 30 прачытаных кніжак. З твайго пераліку з задавальненьнем прачытаў „…Элджэрнана“ і „…зязюліна гняздо“ Кізі. Цяпер штудзірую „Крыжакоў“ Генрыка Сянкевіча. Усё вельмі блізка, бо аповед пра знакавыя этапы вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта. Асноўныя падзеі вакол Кракава, але шмат адсылак да маёй радзімы — замку ў Крэве, дзе і была падпісаная унія аб каранаваньні Ягайлы на караля Рэчы Паспалітай. А я ж нарадзіўся за 5 км ад Крэва і ведаю мястэчка як абарыген».

    «Дачытваю „Архіпэляг ГУЛАГ“»

    Досьвед вязьня і чытача бібліятэкі «Валадаркі» Ігара Карнея сьведчыць — нават за кратамі ёсьць літаратура пра рэпрэсіі.

    «У мяне кніжны „юбілей“ — 25 кніжак прачытана, у „мірным“ жыцьці такой інтэнсіўнасьці не было. Вялікае ўзрушаньне ад „Quo vadis“ Генрыка Сянкевіча, такое ўражаньне, што сутнасьць тыраніі ад Нэрона да іншых за 2 тысячы гадоў не асабліва зьмянілася. Адчуваньне, як пра сёньня. Вельмі сымбалічна і пазнавальна».

    «Узяўся за тое, што 30 гадоў адкладаў — „Архіпэляг ГУЛАГ“. Амаль самвыдат зь мінімальным шрыфтам (бібліятэка „Нового времени“) на жоўтай паўтуалетнай паперы. Проста глябальная катастрофа. Насамрэч ведаем толькі малую долю вынішчэньня ўласнага насельніцтва. І гэтак падобна… Жахлівыя сьведчаньні татальнага тэрору і разуменьне, што нічога насамрэч ня скончылася, толькі мэтады не такія людаедзкія».

    «З апошняга прачытанага — „Фэрма“ Оруэла, дагэтуль, да сораму, не дайшоў. Вельмі ў тэму, усё знаёма да дэталяў».

    «А яшчэ тое, што ў «мірным жыцьці» наўрад ці і падумаў бы — «Дао жыцьця» Ірыны Хакамады. Атрымаў задавальненьне, наколькі граматна, даходліва расклала псыхалёгію «гома саветыкуса».

    «Паскорыўся. Чытаю ўсё запар, асабліва выбіраць не даводзіцца. Мілан Кундэра, Чэслаў Мілаш, Дэніэл Кіз, нават Стывэн Гокінг і зямляк Уладзімер Караткевіч з падборкай паэзіі. Пакуль чакаем абнаўленьня кніжнага парку, узяўся за „Страчаны сымбаль“ Дэна Браўна».

    Пра Маскву ад Караткевіча

    Акрамя вершаў Уладзімера Караткевіча, палітвязьню Ігару Карнею ў «Валадарцы» траплялі ў рукі таксама іншыя творы славутага беларускага аўтара, а таксама кнігі сучасных беларускіх літаратараў. І нават у прачытаных «на пальме» пісьменьнікаў небеларускага паходжаньня Ігар Карней здолеў знайсьці «беларускія разынкі».

    «Заказаў у бібліятэцы „Чорны замак Альшанскі“ Караткевіча — чытаў яго ў школе па-расейску ў часопісе „Нёман“ (праз 40 гадоў нарэшце адновіцца справядлівасьць). А таксама перачытваю па-беларуску Оруэла, наколькі ўсё ж актуальна».

    «Назамаўляў кучу кніжак. Як ні дзіўна, атрымаў большую частку. (Звычайная прапорцыя 1:10). Тут і Вінцэсь Мудроў, і Віця Марціновіч, і нават Стынг з мэмуарамі. З чацьвёртай спробы выдалі Майсея Кульбака, смаргонскага земляка, які сто гадоў таму пісаў на адной зь дзяржаўных моваў — ідыш, і быў расстраляны ў „ноч паэтаў“. Дарэчы, як усё было вычытана, без усялякай ахвоты ўзяў „Замежніцу“ Даўлатава. На дзіва, спадабалася — пра стракатых эмігрантаў Нью-Ёрку пачатку 1980-х. Праскоквае нават Фіра са Шклова».

    «Пісаць пакуль ня мае сэнсу, бо рукапісы ў любы момант маюць уласьцівасьць згарэць. Таму па-ранейшаму загружаюся чытвом, самым розным. Упершыню нават пачуў пра апавяданьне Караткевіча „Зброя“ — шыкоўнае апісаньне Масквы сярэдзіны 19 стагодзьдзя. Кляака і бескультур’е».

    «А цяпер узяўся за „Зялёную мілю“ Стывэна Кінга. Здавалася, што глядзеў кіно (Том Гэнкс у галоўнай ролі), але чытаю і пакуль не магу накласьці на карцінку, можа і ня бачыў. У некаторых момантах трэба ўсё ж мець больш тэхнічнай базы, але збольшага апісаньне папулярнае. У цябе дакладна карціна сусьвету складаецца, як завершаны пазл».

    «Пры канцы пра навінкі кнігачытаньня. Дзіва, але на бязрыб’і ўхапіўся за Акуніна „Сьмерць Ахілеса“ і прачытаў на адным дыханьні. Закручаны сюжэт, і Расея яшчэ ня кончаная, заходнеарыентаваная. А цяпер акучваю фрашкі (караценькія нарысы-казкі) Адама Глобуса, у якога куплялі карцінкі на вясельле. Так што „адукацыйная пальма“ паступова ажывае».

    • Паводле зьвестак зь лістоў Ігара Карнея, за 8 месяцаў у «Валадарцы» ён прачытаў каля 80 кніг.
    • Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітвязьнем. Журналіст не пагадзіўся з прысудам і вырашыў яго абскардзіць.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці