• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следчы Камітэт адмовіўся выдаць Святлане Завадскай копіі дакументаў

    У сакавіку і красавіку 2016 года Святлана Завадская з дапамогай юрыстаў зарэгістраванага ў Літве Беларускага дакументацыйнага цэнтра двойчы звярталася ў Следчы камітэт. Яна хадайнічала пра атрыманне інфармацыі па крымінальнай справе свайго мужа журналіста Дзмітрыя Завадскага і копій шэрагу працэсуальных дакументаў.

    Святлана прызнаная пацярпелай па крымінальнай справе аб знікненні Завадскага (ч. 1 арт. 28 і ч. 1 п. 14 арт. 50 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Як пацярпелая яна мае права ва ўстаноўленым парадку ўдзельнiчаць у крымінальным пераследзе абвінавачанага і атрымліваць ад органа, які вядзе крымінальны працэс, паведамленні пра рашэнні, што закранаюць яе інтарэсы, і бясплатна атрымліваць копіі гэтых рашэнняў.

    Крымінальную справу па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага распачалі 8 ліпеня 2000 г. па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 101 КК (у рэдакцыі 1960 года) – наўмыснае забойства.  

    У ходзе папярэдняга следства, праведзенага па гэтай справе, было ўстаноўлена, што Завадскі Д.А. стаў ахвярай выкрадання, здзейсненага ўзброенай бандай у складзе Ігнатовіча В.А. і Маліка М.М. Мінскі абласны суд асудзіў іх на пажыццёвае зняволенне, прызнаўшы вінаватымі ў выкраданні Завадскага і пазбаўленні яго волі.

    Між тым, месцазнаходжанне Завадскага высветлена так і не было, а цела так і не знойдзена. 10 красавіка 2001 г. была распачатая асобная крымінальная справа па факце знікнення Завадскага Д.А.  

    Паводле апошняй атрыманай Святланай Завадскай інфармацыі, 31 сакавіка 2006 г. папярэдняе следства па гэтай справе было прыпыненае на падставе п. 6 ч. 1 арт. 246 КПК Рэспублікі Беларусь у сувязі з тым, што зніклую без вестак асобу не знайшлі.

    У сваіх хадайніцтвах Святлана Завадская прасіла Следчы камітэт паведаміць, ці  аднаўлялася папярэдняе расследаванне справы, і калі не – то па якіх прычынах. Таксама яна прасіла выдаць ёй копіі пастаноў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, вылучэнне матэрыялаў у асобную вытворчасць і прыпыненне вытворчасці па крымінальнай справе. Яна ўказала, што копіі працэсуальных дакументаў ёй неабходныя для абскарджання дзеянняў (бяздзеяння) органа крымінальнага пераследу.

    У красавіку г.г. прыйшоў адказ ад начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Уладзіміра Сарокі, а ў маі – ад начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага Камітэта Вадзіма Грыца. Святлане Завадскай паведамілі, што вытворчасць па крымінальнай справе прыпыненая, і што закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.

    “Складваецца ўражанне, што кіраўніцтва следчага ўпраўлення галоўнага следчага падраздзялення краіны альбо не ведае патрабаванняў ч. 1 п. 14 арт. 50 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, альбо свядома перашкаджае Святлане ў яе намеры абскардзіць 10-гадовую бяздзейнасць Следчага Камітэта па належным расследаванні крымінальнай справы па факце гвалтоўнага знікнення яе мужа”, – лічаць эксперты Беларускага дакументацыйнага цэнтра.  

    Вышэйзгаданыя адказы Святлана Завадская будзе абскарджваць старшыню Следчага Камітэта І. Наскевічу і Генеральнаму пракурору А. Канюку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці