• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ці рэальна запомніць тры тысячы экстрэмісцкіх матэрыялаў?» Праваабаронцы — пра крыміналізацыю інфапрасторы

    Размалёваныя цюкі з саломай — хуліганства. Надпіс «Не вайне» — вандалізм. А любое іншадумства — экстрэмізм. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прадставіў справаздачу аб тым, як крыміналізуецца не толькі журналістыка, але і ўся інфармацыйная прастора Беларусі. Фактычна на прыкладзе адной сферы мы назіраем пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму.

    Ціск на свабоду выказвання прадстаўляецца як барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам

    Па дадзеных на сярэдзіну сакавіка 2023 года, экстрэмісцкімі матэрыяламі названы тры тысячы адзінак, сярод якіх — больш за тысячы Telegram-каналаў і Telegram-чатаў.

    Гэта дазваляе ўладам, падкрэсліваюць праваабаронцы, карыстацца і прыцягваць людзей да адказнасці за выказванне меркаванняў і карыстанне незалежнымі крыніцамі інфармацыі. Так, крыху больш чым за год па адміністрацыйных артыкулах за распаўсюд ці захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў прыцягнуты да адказнасці 1200 чалавек.

    — Ці рэальна запомніць тры тысячы экстрэмісцкіх матэрыялаў? — задае рытарычнае пытанне юрыст «Вясны» Павел Сапелка. — Атрымліваецца, кожны чалавек перад выказваннем меркавання павінен быць упэўнены, што рэсурс, на які ён спасылаецца, не з’яўляецца экстрэмісцкім. Гэта добра адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі.

    Па яго словах, свабода выказвання меркавання прыгняталася і да 2020 года, але цяпер надзвычай добра бачна імкненне ўлады прадстаўляць ціск пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.

    — Насамрэч гэта барацьба з іншадумствам і пратэснымі выступамі, а таксама жорсткае задушэнне дзеянняў, што маюць прыкметы правапарушэнняў, аднак здзейсненых з мэтай выказвання грамадска-палітычнай пазіцыі, — адзначаюць аўтары справаздачы.

    Рашэнні прымаюцца «за зачыненымі дзвярыма»

    Цяпер больш за 2500 чалавек уключаны ў спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. У іх ліку — журналісты, многія з якіх былі асуджаны за прафесійную дзейнасць.

    Асабліва ўдарна МУС працавала ў кастрычніку 2022 года, калі туды ўнеслі імёны амаль 900 чалавек.

    — Што значыць статус экстрэміста? Гэта фактычная забарона на фінансавыя аперацыі, педагагічную і выдавецкую дзейнасць, магчымасць займаць дзяржаўныя пасады і інш. — тлумачаць праваабаронцы.

    Яны таксама звяртаюць увагу, што рашэнні аб уключэнні ў экстрэмісцкія спісы прымаюць «за зачыненымі дзвярыма», а працэдура не прадугледжвае ўдзелу «падазроных» асоб і парадку абскарджання рашэння.

    — На практыцы ў адміністрацыйным парадку ў пералікі ўключаюцца групы грамадзян, грамадскія арганізацыі, СМІ і ініцыятывы за крытыку дзейсных уладаў, выказванне альтэрнатыўнага меркавання, патрабаванні зменаў у дзяржаве, — сказана ў дакуменце.

    Такая ж сітуацыя — з «экстрэмісцкімі фармаваннямі», якіх цяпер налічваецца 121. Вельмі характэрна, што ў гэтым спісе шмат незалежных медыя («Белсат», «Радыё Свабода», Еўрарадыё, «Наша Ніва» і інш.), а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў.

    — Вызначэнне экстрэмісцкага фармавання — вельмі шырокае, пад яго падпадаюць любыя арганізацыі, якія займаюцца грамадскай дзейнасцю, — лічаць у «Вясне».

    Больш недарэчнае з боку беларускай улады хіба абвінавачванне ў тэрарызме такіх арганізацый, як, напрыклад, NEXTA. На падставе рашэння Вярхоўнага Суда ў адпаведны спіс унесены чатыры арганізацыі.

    Тэрарыстамі дзяржава лічыць больш за 1000 чалавек, з іх 266 — грамадзяне Беларусі.

    — Тэрарызм цяжка апраўдваць і праваабаронцы ніколі не рабілі і не будуць гэтага рабіць. Але ў той жа час мы не падтрымліваем дзеянні ўлады, якая называе тэрарызмам тое, што такім не з’яўляецца, — ясна пазначыў пазіцыю Павел Сапелка.

    Міжнародныя эксперты пад тэрарызмам разумеюць акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах. Звычайна яны суправаджаюцца намерам прычыніць смерць ці сур’ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў, а таксама выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення.

    — А у нас пад тэрарызм штучна падганяюцца дзеянні, якія маюць частку фармальных прыкметаў і не адказваюць міжнародным крытэрыям. Як гэта было з падпалам танка на чыгуначным перагоне, што, між іншым, спярша абвяргала прапаганда, — прывёў прыклад юрыст «Вясны».

    Крытычныя меркаванні цяпер таксама па-за законам

    Відавочнай мэтай рэжыму было не толькі дыскрэдытаваць і маргіналізаваць актараў інфармацыйнай прасторы, але і запалохаць спажыўцоў.

    Апошнія гады рэжым актыўна ўносіў змены ў заканадаўства, якія павінны былі легалізаваць рэпрэсіі, стварыць бачнасць законных санкцый у адносінах да людзей, якія выказваюць меркаванні.

    Была ўзмоцненая адказнасць за распальванне сацыяльнай варожасці, заклікі да санкцый, абразу прадстаўніка ўлады і г. д.

    А замест сумна знакамітага адміністрацыйнага артыкула 23.34 беларусаў цяпер актыўна вінавацяць па 19.11 («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»).

    Паводле гэтага артыкула да адказнасці прыцягваюць за рэакцыі і рэпосты ў сацсетках, падпіскі на Telegram-каналы і інш. Неаднаразова фіксаваліся выпадкі, калі «содні» прызначалі некалькі разоў запар ці пасля адміністрацыйнай справы заводзілі крымінальную.

    — Цяпер пад экстрэмізмам разумеюць абразу прадстаўнікоў улады, — звяртаецца да яшчэ аднаго прыкладу Павел Сапелка. — Але гэтая норма прымяняецца выбарачна: напрыклад, для маргінальнай сям’і лаянка ў адрас міліцыі ў горшым выпадку пагражае адміністрацыйнай справай. А вось крытычнае выказванне ў бок улады звычайнага карыстальніка інтэрнэта цягне на крымінальны пераслед.

    Менавіта 369 артыкул Крымінальнага кодэкса («абраза прадстаўніка ўлады») стаў адным з «рэкардсменаў» па прыцягненню да крымінальнай адказнасці. Паводле яго асуджана да 700 чалавек. Рэальная лічба, лічаць праваабаронцы, прыкладна на 20% болей.

    Адным з найбольш масштабных выпадкаў у сувязі з гэтым стала «справа Зельцэра», калі людзей масава затрымлівалі за каментары ў інтэрнэце.

    — Адзін з выпадкаў вельмі характэрны, — расказвае юрыст «Вясны». — Аўтара каментара было складана абвінаваціць у абразе прадстаўнікоў улады або распальванні сацыяльнай варожасці, бо фармулёўка была досыць акуратная. Тады ўлада не знайшла нічога іншага, як асудзіць яго за дыскрэдытацыю Беларусі (артыкул 369–1).

    Праваабаронцам вядома пра 16 выпадкаў асуджэння па гэтым артыкуле, які існаваў у Крымінальным кодэксе не адзін год, але ўвесь гэты час вісеў дамоклавым мячом над грамадзянскімі актывістамі, выконваючы стрымліваючую функцыю.

    Між тым, як лічыцца па міжнародных стандартах, нават супрацьпраўныя выказванні не павінны прыводзіць да пазбаўлення свабоды, хаця і могуць пераследавацца па закону.

    «Дзейнасць суддзяў неабходна прызнаць злачынствам супраць чалавечнасці»

    Яшчэ адной кропкай ціску на грамадскасць сталі жорсткія затрыманні і правядзенне судовых пасяджэнняў у закрытым рэжыме.

    — Улады і суды як інструмент ўлады хочуць, каб усе забыліся, за што людзі асуджаныя. А можа, нават не даць ім магчымасці ў будучыні рэабілітавацца, калі зменіцца палітычная сітуацыя, — лічыць Павел Сапелка.

    Паводле заканадаўства, крымінальная справа па 368‑м (абраза прэзідэнта) і 369‑м (абраза прадстаўніка ўлады) артыкулах захоўваецца ў архіве усяго пяць гадоў. Праз гэты тэрмін чалавек застанецца крымінальнікам. Калі не збіраць, не захоўваць і не сістэматызаваць звесткі бязвінна асуджаных, на жаль, чакае забыццё.

    — Судовая ўлада цалкам інструменталізаваная, — падкрэслівае юрыст «Вясны». — Мы мусім дасягнуць, каб дзейнасць суддзяў была прызнаная, у тым ліку на міжнародным узроўні, злачынствам супраць чалавечнасці. Перад намі стаяць сур’ёзныя і доўгатэрміновыя задачы.

    Як кажуць праваабаронцы, вялікая частка адвольных рэпрэсій стала магчымай праз адсутнасць незалежнага суда і ўключэнне судзейскага корпусу ў карныя практыкі.

    А з дапамогай шырокай фармулёўкі паняццяў «экстрэмізм» і адвольнага пашырэння паняцця «тэрарызм» шырока практыкуецца рэпрэсіўная практыка па задушэнні выказвання меркавання і пераследзе апанентаў.

    Цяпер гаворка ідзе пра татальнае задушэнне іншадумства ў грамадстве, насаджанне страху ва ўсіх сферах адносінаў.

    Незалежная інфармацыя знаходзіцца пад забаронай, а парушэнне «нормаў» прыводзіць да пераследу у розных формах: жорсткае абыходжанне і катаванні, штрафы, канфіскацыя маёмасці, адміністрацыйны арышт і крымінальны пераслед, прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, пагрозы пазбаўлення грамадзянства.

    Чытайце яшчэ:

    «Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?

    Класкоўскі: Сістэма імкнецца запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галаву, каб не было альтэрнатыўнай думкі

    Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці