• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спрэчка «фізікаў» і «лірыкаў»

    Ну вось і дачакаліся… У мінулым стагоддзі спрачаліся фізікі і лірыкі, у нашым — Інтэрнет і традыцыйныя СМІ. Зразумела, канкурэнцыя паміж імі існуе ўжо даўно, але хіба ў гэтым справа? Спрабуюць дзяліць не ўвагу аўдыторыі, а, хутчэй, сродкі фундатараў.

    Тэма грошай у постсавецкім грамадстве такая ж далікатная, як тэма інтымных зносінаў. Таму агучваюць яе публічна адзінкі. Тым больш, калі гаворка ідзе пра грошы фундатараў.

    Але ж на «круглым стале», што адбыўся 7 ліпеня ў інфармацыйным цэнтры амерыканскай амбасады, фінансавай падтрымцы і спрэчцы паміж традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі і інтэрнет-СМІ надалі даволі вялікую ўвагу.

    Пытанне ставілася, як кажуць, рубам: «Ці справядліва, што „стрэлкі“ цікавасці грамадства, апазіцыйных палітыкаў, а таксама фундатараў скіраваныя ў бок электронных СМІ?»

    Маўляў, на раскрутку сайтаў скіроўваюцца вялізныя чалавечыя і прафесійныя высілкі, а таксама немалыя фінансавыя сродкі. І гэта ў той час, калі гэтыя рэсурсы так патрэбныя існуючым у краіне газетам.

    «Газет хапае, але ім не хапае падтрымкі! Недаравальна малая ўвага надаецца папяровым выданням!» — сцвердзіў падчас дыскусіі адзін з удзельнікаў «круглага стала».

    Мне чамусьці ўзгадаўся эпізод з савецкага мультфільма: «А чаму вам — усё, а нам — нічога? А чаму ў вас яблыкі ёсць, а ў нас — няма?»

    З аднаго боку — зразумела, што ў сучасных умовах падтрымка той невялікай колькасці незалежных друкаваных СМІ, якія ячшэ засталіся ў краіне, жыццёва неабходная. З іншага, новыя медыя — гэта аб’ектыўна заўтрашні дзень журналістыкі, пра які варта падумаць ужо сёння.

    Упэўненая, што, як у мастацтве няма больш і менш важных жанраў, гэтак і ў журналістыцы няма медыяў, больш ці менш вартых увагі. Кожнае з іх — нават маланакладныя «баявыя лісткі» — мае сваю аўдыторыю, а значыць, мае права на існаванне і на падтрымку.

    Магу зразумець тых, каму больш баліць стан сучасных друкаваных СМІ, бо сама пачынала свой прафесійны шлях з газеты. Гэта як першае каханне, якое ніколі не забудзецца. Але ж час ідзе, змяняемся мы, змяняецца і сама журналістыка. І тут я згодная са спадаром Аляксандрам Класкоўскім, які бачыць будучыню за сімбіёзам друкаваных і электронных медыя.

    У хуткім часе мы ўсе прыйдзем да простай формулы: навіны будуць жыць у Інтэрнеце (бо аператыўнасці Сеціва друкаваным СМІ проста няма чаго супрацьпаставіць), а вось аналітыка будзе «каньком» традыцыйных медыя. Зразумела, што грамадству патрэбна і тое, і іншае.

    І тады спрэчка паміж двума «сёння» не будзе мець сэнсу, бо прыйдзе «заўтра», якое ўсё расставіць па сваіх месцах і прымусіць стрэлкі гадзінніка паказваць дакладны час. А фундатары? Будзем спадзявацца, што яны — справа часовая, якая знікне разам з існуючай сістэмай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці