• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стандарты і пазыцыі

    ­Па вялікім рахунку, любы тэкст мусіць адказваць на пытаньне, прасьвятляць праблему ці акрэсьліваць нашае стаўленьне да нейкага фрагмэнту рэчаіснасьці. У гэтым сэнс аднаго з прафэсійных стандартаў журналісцкай працы — тлумачыць сутнасьць любой важнай праблемы і рабіць яе разуменьне даступным як мага шырэйшаму колу людзей.

    Сутнасьць праблемы журналіст рэсурсу naviny.by Аляксандар Зайцаў сфармуляваў так: «Нужен ли Беларуси российский рубль?» Не хачу сьцьвердзіць, што тэкст непрафэсійны. З фармальнага гледзішча ён нават бездакорны. Аўтар прыводзіць два розныя (палярныя) меркаваньні экспэртаў. І, здавалася б, чытачу застаецца толькі прааналізаваць розныя пазыцыі, параўнаць іх і зрабіць высновы.

    Але, прачытаўшы тэкст, высноваў рабіць не захацелася. Паразважаўшы,   чаму, зразумеў, што маем справу не з прафэсійнай аргумэнтацыяй, а з палітычна-заангажаванай пазыцыяй.

    Адзін з экспэртаў запэўнівае: лукашэнкава «команда, в которой, как иногда кажется, вообще нет экономистов, не сможет вытянуть белорусский рубль из болота. У нас слабая валюта, она не имеет будущего».  Карацей, трэба ўводзіць расейскі рубель. А дзе аргумэнты?!

    Далей — болей. Экспэрт «налягае», узмацняючы «аргумэнтацыю» па прынцыпе «ну, яны ж не зусім ідыёты, а таму мусяць дзейнічаць так, як я кажу»: «Если наше правительство умное, то одновременно с введением российского рубля оно будет договариваться и о постепенном выравнивании социальных стандартов — ­зарплаты-то и пенсии в России все же повыше будут. Думаю, Россия на это пойдет».

    І нарэшце: «Сегодня у белорусской власти есть фактически два варианта либо всеми силами пытаться сохранить существующий порядок вещей в государстве и тем самым ещё ниже опускать уровень жизни населения, либо «сдаться» России. Второй вариант кажется наиболее гуманным», — так лічыць Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія».

    Хацелася б, канешне, даведацца, адкуль ў «экспэрта» такая ўпэўненасьць, што Расея абсыпе нас усялякімі дабротамі. (Эканамісту Заіку, відаць, вядома, што і расейскі ўрад дэвальвуе свой рубель. А крыза прыйшла да нас ня з Захаду, а з Расеі)). Цікава таксама, а як «мы» будзем уваходзіць у РФ, — шасьцю абласьцямі ці аўтаноміяй? І чаму, напрыклад, «экспэрту» ня «сдаться» б ­Расеі ў індывідуальным парадку і пераехаць туды на пастаяннае месца жыхарства? Але гэтыя пытаньні тут усё ж неістотныя. Бо, насамрэч, хачу зьвярнуць увагу на іншую праблему.

    Па-першае, ці ня мусяць журналісты практыкаваць больш крытычны погляд як на рэчаіснасьць, так і на тое, зь якімі інтэрпрэтацыямі гэтай рэчаіснасьці яны маюць справу?

    Па-другое, ці ня мусяць журналісты адрозьніваць рацыянальную аргумэнтацыю ад ідэалягічных і палітычна-заангажаваных меркаваньняў?

    І апошняе — няма сумневу, што пазыцыі могуць і мусяць быць розныя. Але варта, каб у экспэртаў і журналістаў яны былі яшчэ і прафэсійныя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці