СТРАТЭГІЯ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 2019 – 2024
Дадзены дакумент стаў вынікам супрацы прадстаўнікоў незалежнага медыясектару Беларусі на працягу 2017–2018 гг. Удзел у падрыхтоўцы Стратэгіі прынялі прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыя», Фонда «Масавыя камунікацыі», нацыянальных і рэгіянальных СМІ, медыяэксперты.
ВЫЗНАЧЭННЕ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ БЕЛАРУСІ
Незалежны медыясектар Беларусі з’яўляецца неаднастайным і складаецца з недзяржаўных СМІ з рознымі тыпамі кантэнту – грамадска-палітычнага, забаўляльнага, інфармацыйнага, у тым ліку нішавых выданняў, а таксама медыяў, якія працуюць на беларускую аўдыторыю з‑за мяжы, і франшыз, зарэгістраваных у Беларусі.
Да незалежнага медыясектару таксама адносяцца няўрадавыя некамерцыйныя арганізацыі (сяброўскія аб’яднанні журналістаў, уласнікаў і кіраўнікоў СМІ), а таксама незалежныя кансультанты і медыяэксперты, сэрвісныя няўрадавыя арганізацыі, рэкламныя агенцтвы і іншыя ўдзельнікі незалежнага медыярынку.
МІСІЯ
Незалежны медыясектар Беларусі дапамагае грамадзянам рабіць усвядомлены выбар на аснове поўнай і праўдзівай інфармацыі, стварае ўстойлівае асяроддзе для свабоднага абмену меркаваннямі, імкнецца да рэалізацыі фундаментальных грамадзянскіх правоў і свабод чалавека.
АСНОЎНЫЯ ВЫКЛІКІ,
на працу з якімі накіравана стратэгія
- 
Палітычны ціск, абмежаванне свабоды слова і дзейнасці незалежных СМІ, блогераў і фрылансераў.
 - 
Недахоп фінансавання, скарачэнне аб’ёмаў даступных сродкаў на рынку незалежных СМІ ва ўмовах дамінавання расійскіх медыя на беларускім рынку, тэхналагічных платформ (Google, Youtube, Facebook, Yandex) на сусветным рынку медыя.
 - 
Кадравыя праблемы незалежных СМІ – уцечка кадраў, нізкія заробкі, недахоп маркетолагаў, адмыслоўцаў па продажы і прасоўванні медыяпрадукцыі, інш.
 - 
Змены форм медыяспажывання – пераход аўдыторыі ў сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, спажыванне кантэнту праз мабільныя прылады, рост праглядаў відэа і Live-трансляцый.
 - 
Недастатковае супрацоўніцтва ў сектары – слабая кааперацыя, негатыўны ўплыў канкурэнцыі за абмежаваныя рэсурсы (фінансавыя, чалавечыя і інш.).
 - 
Парушэнне аўтарскіх правоў гульцамі медыясектару – неправамернае выкарыстанне чужога кантэнту, недастатковае самарэгуляванне ў вобласці аўтарскага права.
 
Кожны з прыведзеных выклікаў быў прааналізаваны па схеме SWOT-аналізу, з дапамогай якога былі вызначаныя моцныя і слабыя бакі сектара ва ўзаемадзеянні з праблемай, а таксама быў праведзены аналіз магчымасцяў і пагроз.
На падставе SWOT-аналізу былі прапанаваныя пяць
прыярытэтных накірункаў дзейнасці незалежнага медыясектару Беларусі у 2019–2024 г., а менавіта:
- 
Пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова.
 - 
Умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару Беларусі.
 - 
Умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і павышэнне кваліфікацыі журналістаў.
 - 
Адаптацыя незалежных СМІ да змен у медыяспажыванні.
 - 
Развіццё самарэгулявання сектара, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.
 
СТРАТЭГІЧНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ
Прыярытэт 1.
Пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова:
Мэта: умацаванне здольнасці сектара абараняць свабоду выказвання і правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.
Задачы і ключавыя дзеянні:
Задача 1: Прасоўванне каштоўнасці свабоды слова ў беларускім грамадстве
Што трэба рабіць:
- 
Рыхтаваць і распаўсюджваць публікацыі на адпаведную тэму.
 - 
Удзельнічаць у публічных дыскусіях на гэтую тэматыку.
 - 
Укараняць праграмы развіцця медыяпісьменнасці і медыякампетэнтнасці.
 
Задача 2: Арганізацыя маніторынгу і апублікаванне фактаў парушэння свабоды слова ў Беларусі
Што трэба рабіць:
- 
Фіксаваць і абнародаваць факты парушэння правоў журналістаў і свабоды выказвання меркавання.
 - 
Інфармаваць пра вынікі маніторынгу нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі і структуры, іншых актораў.
 - 
Сістэматычна абмяркоўваць сітуацыю ў сферы правоў і свабод журналістаў, а таксама свабоды выказвання меркавання з выкарыстаннем існуючых пляцовак (праваабарончых арганізацый, грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы СМІ і іншых дыялогавых пляцовак).
 
Задача 3: Садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў і інтарэсаў прадстаўнікоў незалежнага медыясектару і свабоды выказвання меркавання
Што трэба рабіць:
- 
Прадстаўляць і абараняць інтарэсы суб’ектаў сектара ў адносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадскім сектарам, бізнесам.
 - 
Арганізаваць кансультаванне прадстаўнікоў незалежнага медыясектару, якія сутыкаюцца з парушэннямі іх правоў і свабоды выказвання меркавання.
 - 
Садзейнічаць абскарджанню рашэнняў, якія парушаюць правы прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.
 - 
Звяртацца ў дзяржаўныя органы з мэтай прадухілення ці спынення парушэння правоў прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.
 - 
Умацоўваць сістэму падтрымкі журналістаў і выданняў, якія трапляюць у крытычныя сітуацыі.
 
Задача 4: Прасоўванне змен заканадаўства ў сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый з мэтай яго лібералізацыі
Што трэба рабіць:
- 
Ажыццяўляць маніторынг, аналіз і экспертызу прававых актаў і практыкі іх прымянення ў сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый.
 - 
Інфармаваць прадстаўнікоў незалежнага медыясектару пра змены прававых умоў дзейнасці (у тым ліку праз правядзенне семінараў).
 - 
Распрацоўваць рэкамендацыі па паляпшэнні прававых умоў дзейнасці суб’ектаў сектара і іншых актораў у сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый, роўна як канцэпцыі і праекты нарматыўных актаў, дабівацца іх замацавання ў прававых дакументах.
 
Задача 5: Забеспячэнне бесперапыннай прававой адукацыі журналістаў і рэдактараў, іншых прадстаўнікоў незалежнага медыясектару
Што трэба рабіць:
- 
Праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для журналістаў, рэдактараў і іншых прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.
 - 
Ствараць і распаўсюджваць метадычныя і іншыя матэрыялы па пытаннях прававой пісьменнасці.
 - 
Інфармаваць прадстаўнікоў незалежнага медыясектару пра магчымасці выкарыстання міжнародных праграм у сферы прававой адукацыі.
 
Задача 6: Умацаванне патэнцыялу медыяюрыстаў
Што трэба рабіць:
- 
Праводзіць адукацыйныя праграмы і праграмы абмену досведам (у тым ліку міжнародныя) для медыяюрыстаў.
 - 
Садзейнічаць спецыялізацыі юрыстаў у сферы медыяправа.
 
Задача 7: Абарона інтарэсаў журналістаў-фрылансераў
Што трэба рабіць:
- 
Дамагацца прызнання на заканадаўчым узроўні статусу журналістаў-фрылансераў і іх роўных прафесійных правоў з правамі журналістаў, якія працуюць у штаце СМІ.
 - 
Дамагацца спынення незаконнага пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі пры МЗС Беларусі (у прыватнасці, выкарыстанне супраць іх ч. 2 арт. 22.9 КаАП «незаконны выраб і (ці) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»).
 - 
Дамагацца змены практыкі правапрымянення тэрміна «акрэдытацыя» (як для журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, так і для ўсіх журналістаў) з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з дэмакратычнымі стандартамі.
 
Прыярытэт 2.
Умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару Беларусі
Задача 1: Павышэнне кампетэнтнасці менеджараў беларускіх медыя ў сферы кіравання кантэнтам, персаналам, фінансамі, стратэгічнага планавання
Што трэба рабіць:
- 
праводзіць навучальныя праграмы для медыяменеджараў;
 - 
лабіяваць удзел беларускіх медыяменеджараў у міжнародных адукацыйных праграмах і шукаць сродкі для арганізацыі такога навучання;
 - 
знаёміць з сучаснымі бізнес-мадэлямі і практыкамі (замежны досвед і ўнутрысектаральны);
 - 
навучаць менеджараў эфектыўнаму фандрэйзінгу (у тым ліку краўдфандынгу і іншым інавацыйным бізнес-мадэлям);
 - 
навучаць маркетолагаў і іншых супрацоўнікаў рэдакцыі (рэкламшчыкаў, праграмістаў, бухгалтараў, тэхнічных супрацоўнікаў, якія садзейнічаюць вырабу мультымедыйнага кантэнту).
 
Задача 2: Замацаваць фінансавую ўстойлівасць беларускіх медыя праз прымяненне (у тым ліку сумеснае) інавацыйных падыходаў па развіцці медыябізнесу
Што трэба рабіць:
- 
Выводзіць на рынак унікальныя платныя прадукты праз конкурсы стартапаў, у межах адмысловых конкурсаў, у межах праграмы навучання фандрэйзараў.
 - 
Навучаць стварэнню і ўкараненню прылад аплаты анлайн.
 - 
Папулярызаваць паспяховыя гісторыі прасоўвання і распаўсюду прадукцыі СМІ.
 - 
Вывучыць магчымасці арганізацыі сумеснага аўтсорсінгу няпрофільных паслуг (юрыдычных, бухгалтарскіх, маркетынгавых і інш.), выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і стварэння сумесных сэрвісаў.
 
Задача 3: Паляпшэнне супрацоўніцтва паміж ключавымі гульцамі беларускага незалежнага медыясектару
Што трэба рабіць:
- 
Арганізаваць абмен інфармацыяй паміж ключавымі гульцамі беларускага незалежнага медыясектару з мэтай каардынацыі іх дзейнасці.
 - 
Лабіяваць інтарэсы сектара перад міжнароднымі арганізацыямі (узмацняць уплыў на вызначэнне прыярытэтаў іх праграм).
 - 
Умацоўваць узаемадзеянне паміж ключавымі гульцамі сектара для выпрацоўкі сумеснай пазіцыі па ключавых пытаннях і для сістэмнай абароны/прасоўвання інтарэсаў сектара перад дзяржавай і бізнесам.
 - 
Арганізаваць сумесную замову даследаванняў, якія тычацца пытанняў развіцця медыясектару, ці лабіяваць іх правядзенне.
 
Прыярытэт 3.
Умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і павышэнне кваліфікацыі журналістаў
Задача 1: Удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі журналістаў і росту прафесійнага майстэрства
Што трэба рабіць:
- 
Прааналізаваць існуючыя на рынку адукацыйныя праграмы і ацаніць іх патэнцыял, вызначыць запатрабаваныя, але незабяспечаныя кірункі.
 - 
Арганізаваць абмен інфармацыяй пра праграмы, якія рэалізоўваюцца, для журналістаў, рэдактараў, іншых прадстаўнікоў медыясектару.
 - 
Рэгулярна актуалізоўваць навучальныя праграмы з улікам запатрабаванняў сектара і сітуацыі на медыярынку.
 - 
Удасканальваць сістэму падрыхтоўкі трэнераў.
 - 
Забяспечыць падрыхтоўку і даступнасць падручнікаў, дапаможнікаў, метадычных матэрыялаў.
 - 
Арганізоўваць стажыроўкі ў рэдакцыях.
 - 
Праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства.
 
Задача 2: Папулярызацыя паспяховых практык працы з кадрамі
Што трэба рабіць:
- 
Арганізоўваць абмеркаванні кадравай палітыкі з менеджментам рэдакцый.
 - 
Распаўсюджваць паспяховы досвед/практыкі арганізацыі працы з кадрамі.
 
Задача 3: Абарона працоўных і сацыяльных правоў працаўнікоў медыясферы і спрыянне вырашэнню канфліктаў
Што трэба рабіць:
- 
Навучаць метадам адстойвання сваіх працоўных і сацыяльных правоў (у тым ліку журналістаў-фрылансераў).
 - 
Навучаць менеджмент рэдакцый асновам кіравання канфліктамі.
 - 
Выкарыстоўваць прыёмы медыяцыі для вырашэння канфліктных сітуацый.
 - 
Рэкамендаваць рэдакцыям распрацоўваць унутраныя дакументы, якія рэгулююць сферу працоўных ўзаемаадносін.
 - 
Выкарыстоўваць досвед незалежных прафсаюзаў па абароне сацыяльных правоў прадстаўнікоў медыясферы (наёмных працаўнікоў і фрылансераў).
 
Прыярытэт 4.
Адаптацыя незалежных СМІ да змен у медыяспажыванні
Задача 1: Даследаванне новых тэндэнцый у медыяспажыванні і інфармаванне пра іх прадстаўнікоў медыясектару
Што трэба рабіць:
- 
Даследаваць спосабы манетызацыі кантэнту ў сацыяльных асяродках і абменьвацца досведам працы ў гэтым кірунку.
 - 
Даследаваць спосабы дыстрыбуцыі кантэнту ў сацыяльных асяродках і папулярызаваць лепшыя практыкі ў гэтым кірунку.
 - 
Вывучаць аўдыторыю і карэктаваць стратэгіі развіцця медыясектару.
 - 
Вывучаць уплыў манапалізацыі каналаў камунікацыі (Facebook, Google, «Вконтакте», «Аднакласнікі» і г. д.) на бізнес-стратэгіі развіцця медыя, з’яўленні фарматаў спажывання кантэнту без пераходу на сайт.
 - 
Навучаць кіраванню і прасоўванню кантэнту менеджэраў і іншых супрацоўнікаў СМІ.
 
Задача 2: Далучэнне аўдыторыі да фармавання парадку дня беларускіх медыя
Што трэба рабіць:
- 
Папулярызаваць механізмы далучэння аўдыторыі да планавання, стварэння і абмеркавання медыякантэнту.
 - 
Прыцягваць блогераў да рэдакцыйнай працы і выкарыстоўваць кантэнт, створаны карыстальнікамі (User Generated Content — UGC).
 - 
Абмяркоўваць канцэпцыі рэдакцыі, як куратара UGC.
 - 
Праводзіць адкрытыя рэдакцыйныя мерапрыемствы з прыцягненнем аўдыторыі.
 
Задача 3: Умацаванне даверу да незалежных беларускіх медыя ў новых умовах медыяспажывання
Што трэба рабіць:
- 
Фармаваць лаяльнасць аўдыторыі праз стымуляванне зваротнай сувязі, стварэнне механізмаў уплыву на парадак дня.
 - 
Ствараць належныя ўмовы для забяспячэння інтарэсаў і правоў грамадзян у суадносінах з медыясектарум.
 - 
Супрацьдзейнічаць прымітывізацыі кантэнту, штучнай драматызацыі матэрыялаў у СМІ, клікбейту і матываваць да стварэння якаснага кантэнту (шляхам правядзення ўнутрысектаральных дыскусій, конкурсаў і інш.).
 - 
Абмеркаваць унутрысектаральныя стандарты вытворчасці натыўнай рэкламы, прасоўвання ў СМІ брэндаў і г. д.
 - 
Рэалізоўваць і папулярызаваць праграмы медыяпісьменнасці і медыякампетэнтнасці для павышэння даверу аўдыторыі да якасных медыя.
 
Задача 4: Развіццё мультыплатформеннасці
Што трэба рабіць:
- 
Папулярызаваць магчымасці стварэння і дыстрыбуцыі кантэнту на шматлікіх платформах, уключаючы фарматы спажывання кантэнту без пераходу на сайт.
 - 
Навучаць магчымасцям выкарыстання розных платформаў для манетызацыі кантэнту і прасоўвання брэнду СМІ.
 - 
Арганізаваць абмен досведам развіцця медыя на прынцыпах мультыплатформеннасці (спажыванне кантэнту на камп’ютарах, у мабільным браўзары і ў мабільных дадатках, з выкарыстаннем розных каналаў – сайты, сацыяльныя сеткі, месэнджары, мабільныя прылады, новыя спосабы дыстрыбуцыі з выкарыстаннем пуш-апавяшчэнняў і г. д.).
 
Прыярытэт 5.
Развіццё самарэгулявання сектара, ў тым ліку ў сферы аўтарскага права
Задача 1: Стварэнне механізмаў для ўрэгулявання канфліктных сітуацый у сферы аўтарскага права
Што трэба рабіць:
- 
Ствараць кансультацыйныя пляцоўкі для абмеркавання сітуацыі і канфліктаў, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.
 - 
Рэкамендаваць суб’ектам сектара распрацоўваць і ўдасканальваць унутраныя і сумесныя дакументы ў сферы самарэгулявання.
 - 
Праводзіць маніторынг і аналіз канфліктаў, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.
 
Задача 2: Асвета і кансультаванне па пытаннях аўтарскага права і падтрымка самарэгулявання ў гэтай сферы
Што трэба рабіць:
- 
Навучаць прадстаўнікоў медыясектару асновам аўтарскага права (абарона аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, асабістых немаёмасных правоў аўтараў і іншых праваўладальнікаў, маёмасных правоў) і правілам выкарыстання запазычанага кантэнту.
 - 
Арганізаваць дыскусію па выпрацоўцы агульных прынцыпаў працы з запазычаным кантэнтам.
 - 
Стымуляваць распрацоўку і ўкараненне рэдакцыйных палітык, якія ўлічваюць пытанні выканання аўтарскіх правоў.
 
                        @bajmedia