• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фінал чэмпіянату свету з родным каментаром. Спартыўныя журналісты ладзяць маштабны івэнт для беларусаў

    19 ліпеня, у дзень фіналу чэмпіянату свету, у Варшаве пройдзе маштабны беларускі футбольны фэст. Ініцыятыва вядомых спартыўных журналістаў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі, якая пачыналася два гады таму з невялікіх праглядаў на 25 чалавек, вырасла ў паўнавартасны фэст з беларускім каментаром, інтэрактыўнымі зонамі і асаблівай хатняй атмасферай.

    афіша, футбол, фінал, Івулін, Пісарэнка

    Афіша беларускага фэсту з нагоды футбольнага фіналу ЧС-2026

    Арганізатары ставяць перад сабой не камерцыйную, а стратэгічную мэту: стварыць прастору, дзе беларусы могуць адчуць сувязь адзін з адным праз любімую гульню.

    «19 ліпеня будзем не толькі глядзець фінал на трох вялізарных экранах. Акрамя гэтага, зладзім турніры па кікеры (настольным футболе. — заўвага БАЖ) і FC26 на PlaySta­tion, а таксама некалькі крутых дабрачынных розыгрышаў з класнымі падарункамі. Дзетак таксама бярыце з сабой (да 14 гадоў уваход вольны) — для іх будуць працаваць забаўляльныя зоны», — запрашаюць арганізатары, Аляксандр Івулін і Яраслаў Пісарэнка.

    Івулін, Пісарэнка, спорт

    Яраслаў Пісарэнка і Аляксандр Івулін. Фота: Face­book

    Журналісты распавялі БАЖ пра свой досвед правядзення пазамедыйных, на першы погляд, актыўнасцяў і стратэгічныя мэты ў гэтым кірунку.

    Як кажа Аляксандр Івулін, два гады таму дырэктар Прэс-клуба Сяргей Альшэўскі прапанаваў на базе арганізацыі паспрабаваць «зрабіць прыкольнае кам’юніці».

    «Я і пагадзіўся — пачалі рабіць прагляды футбольных гульняў. На першую спробу, здаецца, чалавек 25 сабралася. І мы такія з Яраславам: «А на якой мове будзем каменціць?» І ўсе былі за беларускую. Ну і пачалі, гэта быў цікавы досвед. Якраз быў год чэмпіянату Еўропы, каменціць было што, — распавёў журналіст. — З футбольных сустрэч тады і пачало расці вось гэтае кам’юніці. Мяркую, атрымалася вельмі класна, быў запыт на гэта, мы адчувалі. Тады ж паспрабавалі зладзіць вялікі футбольны фэст у Варшаве.

    Гэта было вельмі крута — сабралося больш за 300 чалавек. Быў насамрэч такі нейкі асаблівы вайб у фэсту, было шмат усялякіх актыўнасцяў, тры вялікіх экраны, турніры па кікеру, дзіцячая зона, PlaySta­tion, футбольны квіз, а таксама размовы з Алегам Дулубам і Мікітам Мелказёравым. Карацей, было вельмі-вельмі крута, таму вырашылі, што трэба паўтарыць і сёлета з сусветным фіналам».

    Яраслаў Пісарэнка заўважае:

    «Ідэя сама па сабе — не нейкая там прарыўная, такое ёсць у кожнай краіне. Проста паспрабавалі каменціць для людзей — і ваў, атрымалася даволі весела, з беларускім такім ухілам. І далей Саша прапанаваў рабіць такія сустрэчы. Мне гэта падалося цікавым, бо ў свой час я быў футбольным каментатарам, але, скажам так, не атрымаў нейкай завялікай асалоды ды не так і доўга працаваў ім.

    Вось з гэтага ўсё пачыналася два гады. Тут ужо будзем рабіць паўнавартасны фэст, то-бок каб людзі не проста прыйшлі паглядзець футбол пад піва, а каб былі прышпільныя актыўнасці, каб усім было клёва, проста хочацца зрабіць больш файны прадукт».

    У бары не будзе па-беларуску, і гэта — не крута 

    Аляксандр Івулін зазначае, што адрозненні паміж іхнім фэстам і фіналам у якімсьці спартовым бары істотныя:

    «Па-першае, у барах вы не пачуеце беларускай, не каментуюць там на нашай мове — і гэта не крута. А крута тое, што зараз ёсць у беларусаў запыт на сваё, у тым ліку і глядзець футбол па-беларуску.

    Да таго ж, адрозненне ў тым, што на такіх імпрэзах бачым жаданне беларусаў яднацца, разам класна бавіць час, шмат розных актыўнасцяў уключна з дабрачыннасцю рабіць. І гэта сапраўды выглядае вельмі натхняльна — такі сяброўскі, хатні фэст у нас атрымліваецца. Вось гэтым і адрозніваемся ад прагляду ў барах».

    вядомы беларускі спартыўны журналіст Аляксандр Івулін

    Аляксандр Івулін. Варшава, Польшча. Фота Уладзімір Яўстаф’еў

    Фэст, паводле арганізатараў, найперш разлічаны на ўсіх тых, хто шануе беларускасць, Беларусь і хоча весела пабавіць час.

    «Мы рэгулярна глядзім футбол нашым кам’юніці. У розных месцах, глядзелі і ў «Моладзевым хабе», і ў тым жа Прэс-клубе ў Варшаве. Таму прыядноўвайцеся, падпісвайцеся на нашы сацсеткі — там уся інфармацыя будзе», — кажа Аляксандр Івулін.

    «Рэгулярныя сустрэчы ўжо ёсць. Існуе ўжо пэўны касцяк людзей, якія заўсёды прыходзяць, калі мы каменцім не толькі топ-турніры са зборнымі, але і клубныя — Лігу чэмпіёнаў, Прэм’ер-лігу англійскую і г. д. То-бок робім такія сустрэчы, калі ёсць час, калі ёсць жаданне і, самае важнае, калі ёсць класныя матчы. Таму пэўная суполка ўжо ёсць, ёсць чат, дзе мы абмяркоўваем, якія матчы трэба глядзець і г. д.», — дадае Яраслаў Пісарэнка.

    На думку Аляксандра Івуліна, стратэгічная мэта гэтага палягае «ў тым, каб у беларусаў было шмат розных месцаў, дзе яны могуць бавіць час»: «Гэта такое аб’яднанне беларусаў. Калі шмат добрых людзей збіраюцца ў адным месцы, то абавязкова атрымліваецца нешта добрае. Таму самае галоўнае — рабіць класна і крута для сваіх людзей. Вось таму нам кайфова збірацца, кайфова глядзець футбол, атрымліваць ад гэтага асалоду. Гэта самае галоўнае ў гэтай гісторыі».

    «Для мяне гэта дакладна for fun, зноў жа, мне заўсёды хацелася быць каментатарам. Праз пэўныя рэчы ў 2020‑м у мяне не атрымалася гэта рэалізаваць, таму сёння для мяне гэта клёвая нагода і магчымасць паразмаўляць з людзьмі, абмеркаваць у тым ліку і беларускі спорт, і сусветны футбол і г. д.

    Мне падаецца, гэта клёва з усіх бакоў, я проста кайфую ад гэтых сустрэч, — зазначае Яраслаў Пісарэнка. — Не ўспрымаю гэта як працу, хаця, канешне, калі робім такія вялікія івэнты, то вельмі шмат арганізацыйных пытанняў, якія трэба вырашаць, планаваць і гэтак далей».

    «Уявіце, 300–400 чалавек у Варшаве на беларускай глядзяць футбол, камунікуюць паміж сабой — гэта ж супер!» 

    Аляксандр Івулін пагаджаецца: «Безумоўна, арганізаваць усё гэта патрабуе шмат высілкаў — арэнда, памяшканне і іншае. Сёлета мы знялі вельмі крутую пляцоўку, але, зразумела, таму і вельмі дарагую. Усё гэта каштуе грошыкаў, але не сказаць, што мы зарабляем нейкія касмічныя грошы на гэтай імпрэзе».

    Журналісты чакаюць на фінал «чалавек 350, базавы мінімум — 300, шыкоўны максімум — 400».

    «Уявіце, 300–400 чалавек у Варшаве на беларускай глядзяць футбол, камунікуюць паміж сабой — гэта ж супер крута! Па квітках у нас пад сотню ўжо разыйшлося, таму ўжо трэба хутчэй набываць, бо пад фінал будуць разлятацца як гарачыя піражкі», — кліча на сусветны фінал Аляксандр Івулін.

    «Гэта не пра камерцыю, гэта, хутчэй, пра пэўную місію — зладзіць двіж для беларусаў»

    Што да лёгкасці збору аўдыторыі, то, паводле Яраслава Пісарэнкі, «ёсць моманты, канешне, бо лэйбачкі «экстрэмізму», які навешвае рэжым, маюць пэўны ўплыў».

    «Але ўсё роўна запыт на беларускія мерапрыемствы стопрацэнтна ёсць — мінулы раз на фінал Еўра да нас прыязджалі беларусы з іншых гарадоў нават. На маю думку, важна проста пабыць у коле беларускім, пабачыць сваіх, сустрэцца, правесці час. Гэта крута, і людзі заўсёды будуць такога прагнуць, — кажа журналіст. — Як бачым, увогуле афлайн-мерапрыемстваў якасных не так шмат. Можа, дарэчы, і для гэтага мы робім гэтыя фэсты, каб зрабіць яшчэ адзін беларускі асяродак.

    Гэта тое, чаго бракуе, на маю думку, вельмі сёння. Нават бачна па аўдыторыі, што ёсць сапраўды вельмі дасведчаныя людзі ў футболе, да сустрэчы з якімі трэба, канешне, рыхтавацца, каб адпавядаць іх чаканням, але ёсць шмат людзей, якія нават не ведаюць, хто там гуляе сёння — яны проста ідуць дзеля беларускага вайбу, дзеля фану выключна».

    Журналіст Яраслаў Пісарэнка

    Журналіст Яраслаў Пісарэнка. Фота: з уласнага архіва

    Яраслаў Пісарэнка заўважае, што фэст робіцца без вялікіх спонсараў: «Гэта адна з самых вялікіх праблем, бо, з аднаго боку, трэба знайсці клёвую вялікую пляцоўку, дзе ўсім будзе ўтульна і вольна, але такія пляцоўкі каштуюць грошай. Пры гэтым квіткі мусяць быць дасяжнымі для беларусаў. То-бок гэта ўсё не пра камерцыю, гэта, хутчэй, пра пэўную місію — зладзіць такі двіж для беларусаў у Варшаве. А як манетызаваць гэта ўсё, пра гэта думаецца, напэўна, у апошнюю чаргу, калі ўвогуле думаецца. Але сапраўды без вялікіх спонсараў цяжкавата».

    Што да чаканняў уласна ад футбола, то, як заўважае Аляксандр Івулін, чэмпіянат толькі разганяецца, але ёсць ужо і сенсацыі:

    «Я, што праўда, засмучаны, што моцныя, на першы погляд, Германія, Нідэрланды вылецелі так рана. І, канешне, дужа нязручна, што шмат матчаў гуляюцца ноччу па еўрапейскім часе. Але назіраць усё роўна вельмі цікава. Спадзяюся, фінал будзе Аргенціна супраць Францыі. Як колькі гадоў таму на чэмпіянаце свету, а той фінал я прапусціў з вядомых прычын — быў у калоніі. Таму хацелася б паглядзець такі на Мбапе супраць Месі сёлета».

    Спорт як інструмент захавання ідэнтычнасці ў эміграцыі

    Практыка такіх фэстаў, якую рэалізуюць Аляксандр Івулін і Яраслаў Пісарэнка, дэманструе варыянты трансфармацыі ролі спартыўнай журналістыкі ва ўмовах эміграцыі. Гэта ўжо не проста інфармаванне ці каментаванне падзей, а актыўнае сom­mu­ni­ty build­ing. Выбар менавіта беларускай мовы для жывога каментавання на афлайн-пляцоўках становіцца ключавым дыферэнцыятарам, які адрознівае гэтыя сустрэчы ад звычайных праглядаў футбола.

    Праўдападобна, такія ініцыятывы выконваюць функцыю «гарызантальнай сшыўкі» грамадства. У сітуацыі, калі афлайн-мерапрыемстваў для беларусаў за мяжой бракуе, спартыўны фэст становіцца бяспечнай і эмацыйна станоўчай пляцоўкай для камунікацыі людзей з розным узроўнем зацікаўленасці ў спорце — ад экспертаў да тых, хто прыходзіць «дзеля вайбу».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.