• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд над журналістам Алесем Ляўчуком адбыўся без яго ўдзелу

    26 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да сябра ГА “БАЖ” Алеся Ляўчука. Яго вынікі сталі вядомыя толькі 27 сакавіка – журналісту паведамілі па тэлефоне, што яму прысудзілі штраф у памеры 21 базавая велічыня (3 млн 780 тысяч рублёў).

    Пра тое, што суд мае адбыцца менавіта ў гэты дзень, журналіста папярэдзілі ў міліцыі 18 сакавіка – тады ўчастковы інспектар Маскоўскага РАУС г. Брэста, капітан міліцыі Раман Трафімук склаў адміністрацыйны пратакол на журналіста за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    Падставай для завядзення адміністрацыйнай справы стаў матэрыял на сайце “Белсата” за подпісам “АЛ”. Участковы меў пры сабе раздрукоўкі гэтага ды іншых матэрыялаў з сайта, а таксама закона “Аб СМІ”. Са словаў міліцыянта вынікала, што аўтарства Алеся Ляўчука нібыта пацвердзіла міліцыі суразмоўца журналіста. 

    “Калі мае адбыцца судованае паседжанне, вырашае суд, а не міліцыя, – падкрэсліў у гутарцы са службай маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук. – Ніякай позвы я не атрымаў і пра час разгляду справы ня ведаў. Калі я патэлефанаваў у суд Маскоўскага раёна, то высветліў, што справу разглядалі без майго ўдзелу. Пры гэтым і мне, і іншым журналістам у судзе спачатку адмовіліся даваць інфармацыю пра прынятае рашэнне”.

    Сёлета ў Брэсце ўжо быў выпадак, калі незалежную журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну выклікалі на разгляд справы не судовай позвай, а праз праз смс-ку. Нягледзячы на тое, што журналістка прыехала на суд, разбіральніцвта адбылося без яе ўдзелу.

    Па падліках ГА “БАЖ”, у 2015 годзе па стане на 26 сакавіка паводле арт. 22. 9 КаАП:

    - Суды пяць разоў штрафавалі незалежных журналістаў: акрамя Алеся Ляўчука, два разы – Аліну Літвінчук (Брэст, 30 базавых і 40 базавых), Тамару Шчапёткіну (Бяроза, Брэсцкая вобласць, 40 базавых) і Ларысу Шчыракову (Гомель, 20 базавых). 

    - Складзеныя пратаколы за парушэнне арт. 22.9 КаАП, якія яшчэ не скончыліся штрафамі: Кастусь Жукоўскі (Гомель).

    - Выклікі ў міліцыю па падазрэнні ў парушэнні арт. 22.9 КаАП (пакуль без складання пратаколаў): Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Андрэй Мялешка (Гродна), Іна Хоміч (Брэст).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці