• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Свядомы «ігнор» ці збег абставінаў? Чаму ў беларускіх СМІ мала пішуць пра культуру

    Сітуацыя з асвятленнем культуры ніколі не была моцным бокам беларускіх СМІ. Хутчэй, яе асвятленне хранічна кульгала то на адну, то нават на дзве нагі. Але цяпер сітуацыя становіцца ледзь не катастрафічнай. Калумніст БАЖ Мікалай Катовіч пра тое, чаму так атрымалася.

    Прычын, чаму беларускія СМІ да 2020 года не надта цікавіліся культурай, багата. Я б сказаў, іх цэлы комплекс.

    Гэта маленькія прагляды «культурніцкіх» тэкстаў у параўнанні з палітычнымі і эканамічнымі (іншымі словамі, мінімальная цікавасць у чытачоў да айчыннай культуры), невялікая колькасць журналістаў, якія пішуць на такія тэмы, відавочныя праблемы з падрыхтоўкай «культурніцкіх кадраў» у ВНУ, адсутнасць пераемнасці з аглядальнікамі па культуры старэйшага пакалення.

    Нарэшце, адсутнасць у шэрагу рэдакцый разумення таго, што асвятленне культуры – адна з найбольш істотных задач у журналістыцы, якая ўплывае на грамадскае сталенне асобна ўзятага чытача, а таксама фарміравання беларусаў як нацыі.

    Таму акцэнты ў асвятленні тых або іншых тэмаў часта залежала ад асабістай схільнасці рэдактараў, іх гатоўнасці адсочваць, адглядаць і апісваць тую ці іншую тэму. Напрыклад, «Анлайнер», дзе працаваў музычны крытык Аляксандр Чарнуха, больш за ўсё пісаў пра музыку, TUT.BY, супрацоўнікам якога з’яўляўся тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч — пра спектаклі, Afisha.tut.by, дзе рэй вяла кінакрытык Ганна Яфрэменка — пра кіно і г.д.

    На жаль, праблемы дарэвалюцыйных гадоў нікуды не зніклі. Ды і, бадай, не могуць знікнуць у адначассе. Для іх пераадольвання патрабуюцца кардынальныя змены ў існаванні мадэляў беларускіх СМІ. Зрэшты, гэта тэма для асобнага тэкста. Тут жа хочацца паразважаць наконт таго, што змянілася ў асвятленні культуры нашымі выданнямі пасля 2020 года.

    Калі казаць агулам, стала прыкметна горш, на што зноў-такі паўплываў комплекс прычын.

    Першая — з’яўленне «чорных спісаў». Натуральна, дзяржаўныя СМІ і да 2020 года былі шмат у чым абмежаваныя ў асвятленні культурных тэмаў. Але гэта, у першую чаргу, тычылася радыкальных (натуральна, у разуменні ўлады) творцаў. Напрыклад, «​Свабоднага тэатра», прадстаўнікі якога ніколі не хавалі сваю грамадскую пазіцыю. Пераважная большасць астатніх умела балансавалі, а значыцца маглі трапляць на старонкі дзяржаўных СМІ. Таму ў апошніх з’яўляліся тэксты і пра эксперыментальныя стужкі незалежных беларускіх кінематаграфістаў, і пра незалежны тэатральны фестываль ТЕАРТ.

    Палітычныя падзеі апошніх гадоў (у першую чаргу, рэпрэсіі і эміграцыя) прывялі да з’яўлення «чорных спісаў». Усе іх прадстаўнікі трапляць на старонкі дзяржСМІ рэзка перасталі. Колькасць дазволеных спікераў рэзка зменшылася. Напрыклад, з незалежных кінематаграфістаў супрацу з дзяржавай працягнуў, здаецца, толькі Кірыл Халецкі, які зняў фільм «Кіношнікі». З прадстаўнікоў беларускага альтэрнатыўнага тэатра ў Беларусі працягнуў ставіць хіба Яўген Карняг. Адпаведна, сегмент «дазволенай культуры» у Беларусі цяпер надзвычай вузкі. Знаходзячыся ў Беларусі, можна асвятляць дзейнасць толькі пэўных творцаў, аналізаваць даследаванні па культуры, што ствараюцца ў дзяржаўнай сістэме: ВНУ і Акадэміі навук і г.д.

    Нагадаю, што пісаць на гэтыя тэмы могуць пераважна дзяржаўныя СМІ: з мэтай бяспекі ў незалежных СМІ няма супрацоўнікаў і пазаштатнікаў з Беларусі. Застаецца хіба перадрук.

    Існаванне «чорных спісаў» моцна ўдарыла і па незалежным СМІ. Тыя з іх прадстаўнікоў, хто засталіся ў Беларусі, з мэтаў бяспекі перайшлі ва ўнутраную эміграцыю, спынілі публічную актыўнасць і закрыліся ад каментавання. Згадваць іх у цяперашніх умовах — гэта значыць непазбежна падставіць. Таму незалежныя СМІ пераважна пра іх не пішуць.

    Гэты сегмент культуры наогул застаецца ў «шэрай зоне»: дзяржСМІ пра іх пісаць не хочуць, незалежныя — не могуць.

    Сярод тых, хто з’ехаў, па-ранейшаму ёсць асобы, якія не гатовыя спальваць масты і імкнуцца пакінуць за сабой магчымасць перыядычна вяртацца ў Беларусь. Яны таксама адмаўляюцца ад каментароў і інтэрв’ю. У выніку патэнцыйнымі героямі незалежных СМІ можа быць вузкае кола творцаў — тых, якія выехалі з краіны і (па шэрагу прычын) не баяцца агучваць сваю пазіцыю. Нездарма назіраецца сітуацыя, калі адныя і тыя ж спікеры і героі вандруюць з аднаго сайта на другі (напрыклад, актрыса «Купалаўцаў» Зоя Белахвосцік або пісьменнік Альгерд Бахарэвіч).

    Другая праблема — у агульнай дзяржаўнай палітыцы. Рэпрэсіі прывялі да глабальнай зачысткі культурнай прасторы.

    На пэўных падзеях і з’явах (напрыклад, фестываль ТЕАРТ) была пастаўлена кропка. У выніку, колькасць культурных тэмаў зменшылася.

    Іншыя зведалі такую трансфармацыю (кінафестываль «Лістапад»), што перасталі быць цікавымі для аўдыторыі, а значыцца і для незалежных СМІ. Таму падставай для з’яўлення на «экстрэмісцкіх» сайтах інфармацыі пра «Лістапад» хутчэй за ўсё можа быць скандал. Такі прыклад — далёка не адзіны. І ў гэтым таксама пастка, бо значнай частцы ўнутранай беларускай аўдыторыі скандалы не заўжды цікавыя.

    Ва ўмовах каласальнага стрэсу апошніх гадоў людзям хочацца забаўляльнасці і пазітыву (у тым ліку, культурнага), а замест іх СМІ «падсоўваюць» чарговую забарону.

    Хтосьці «пераехаў» за мяжу (напрыклад, літаратурны Стральцоўскі фэст). Многія аформіліся ўжо ў эміграцыі (гаворка пра прэм’еры беларускіх спектакляў, здымкі беларускіх стужак і г.д.). З гэтай нагоды таксама ўзнікае дылема. Натуральна, дзяржаўныя СМІ пра такія падзеі і такіх герояў пісаць не будуць (хіба выключна ў адмоўнай стылістыцы «Мінскай праўды» і «СБ. Беларусь сегодня»).

    Але і з незалежнымі СМІ ёсць цяжкасці. Большасць іх аўдыторыі працягваюць знаходзіцца ў Беларусі. Асвятленне «эмігранцкай павесткі» азначае перакос, пераключэнне ўвагі на дыяспару. Ці будуць СМІ пісаць пра спектаклі, якія можна ўбачыць у Вільнюсе ці ў Варшаве і да якіх большая частка аўдыторыі не дабярэцца? Хутчэй за ўсё, не.

    Іншая цяжкасць з кіно. З аднаго боку, знятыя фільмы пераважна паказваюцца па фестывалях, што робіць немагчымым масавы пракат. З другога боку, рэжысёры (калі стужка прысвечаная падзеям 2020–2022 гадоў) катэгарычна выступаюць супраць адкрытых паказаў: яны баяцца «засвяціць» герояў, якія рызыкуюць зрабіцца ахвярамі спецслужбаў (згадайце кейс з фільмам Мікалая Мамінава пра падзеі 2020 года, паказаным на літоўскім сайце Delfi – спецслужбы імгненна пачалі затрыманні, апелюючы, што маюць гэтую стужку). У выніку шмат кінатэмаў знікаюць з навінавай павесткі. Тое ж можна сказаць пра частку літаратурных навінак, далёка не ўсе з якіх трапляюць у Беларусь і г.д.

    Такім чынам, сітуацыя выглядае надзвычай складанай. Ранейшыя дарэвалюцыйныя цяжкасці наклаліся на паслярэвалюцыйныя. У выніку атрымаўся клубок праблемаў, цалкам разблытаць які ў цяперашніх умовах, бадай, немагчыма. Аднак, як не банальна гучыць, выйсце толькі адно: пісаць, пісаць і пісаць пра культуру. Што, дзеля аб’ектыўнасці, незалежныя СМІ ўсё ж імкнуцца рабіць.

    Чытайце яшчэ:

    Васіль Калач: «Для Беларусі гэта неадпрацаваная карма — вярнуць памяць пра шляхту»

    Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў

    «Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці