• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Папаўненне «экстрэмісцкага спісу»: Telegram-канал праекта InformNapalm, YouTube-канал NEXTA Plus і іншыя рэсурсы

    Абнаўленне Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі адбылося ў панядзелак, 6 траўня.

    Фота: Jan van der Wolf для pexels.com

    24 красавіка суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй старонку «Обычное утро» ў Insta­gram (ідэнтыфікатар instagram.com/usual_morningg). Іншыя інтэрнэт-рэсурсы шоў-праекта Канстанціна Каверына і Людмілы Міласлаўскай былі прызнаныя экстрэмісцкімі: 21 лютага 2023 года ў спіс забароненых ад Мінінфарма ўнеслі Telegram- і YouTube-каналы з назвай «Обычное утро» і лагатып, а 23 лютага 2024 года — Tik­Tok-акаўнт.

    29 красавіка рашэннем суда Міёрскага раёна Віцебскай вобласці «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны YouTube-канал NEXTA Plus з ідэнтыфікатарам youtube.com/@nextaplus. Гэта канал пра навіны Беларусі з вядоўцам Змітром Лупачом — журналістам з Глыбокага, які вымушана пакінуў радзіму пад пагрозай крымінальнага пераследу за прафесійную дзейнасць.

    У той самы дзень суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ў Face­book пад назвай «Тыдзень Белсат» (ідэнтыфікатар facebook.com/tydzienbel). Старонка прысвечаная праграме «Тыдзень» на тэлеканале «Белсат», апошні раз яна абнаўлялася ў жніўні мінулага года.

    Кантэнт Telegram-канала Inform­Na­palm з ідэнтыфікатарам t.me/informnapalm 29 красавіка прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.

    Inform­Na­palm — гэта шматмоўны некамерцыйны праект аб расійскім вайсковым уварванні ва Украіну. Пераклад беларускамоўнай версіі сайта да затрымання ажыццяўляў палітзняволены  журналіст Дзяніс Івашын, асуджаны да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і арт. 179 Крымінальнага кодэкса (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).

    Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста ад 30 красавіка «экстрэмісцкім» абвешчаны Tik­Tok-акаўнт @reformby (ідэнтыфікатар tiktok.com/@reformby). 14 сакавіка ў адпаведнасці з рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў быў уключаны  інфармацыйны сайт Ref­or­ma­tion — Reform.by. Раней, у лютым, у экстрэмісцкі спіс  быў уключаны відэапраект каманды Reform пад назвай «Саша, что ты несешь?!». На тэрыторыі Беларусі сайт інфармацыйнага рэсурсу Reform.by быў заблакаваны яшчэ ў жніўні 2021 года. Сёлета ў сакавіку  ААЦ забраў у сайта дамен, але медыя працягвае працу па новым адрасе — Reform.news.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці