• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі акаўнт у TikTok аналітыка Сяргея Чалага і Telegram-канал блогера Дзмітрыя Казлова

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 5 траўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    chalyy-1

    Сяргей Чалы. Скрыншот праграмы «Ноч з Чалым»

    «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны змест Tik­Tok-акаўнта chaly_news (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@chaly_news). Адпаведнае рашэнне 30 красавіка 2026 года прыняў суд Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гэта Tik­Tok-акаўнт вядомага беларускага эканаміста і аналітыка Сяргея Чалага, які працяглы час супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». Інтэрнэт-рэсурс мае каля 23 тысяч падпісчыкаў.

    Імя і прозвшча Сяргея Чалага фігуруе ў рашэнні КДБ Беларусі аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускага расследавальніцкага цэнтра, прынятым 31 сакавіка 2026 года.

    У гэты пералік забароненых да распаўсюду ў Беларусі інфармацыйных рэсурсаў унеслі таксама Telegram-канал блогера, былога палітзняволенага Дзмітрыя Казлова, вядомага пад псеўданімам Шэры Кот. Telegram-канал seryikot­new (ідэнтыфікатар https://t.me/seryikotnew) прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» у адпаведнасці з рашэннем суда Полацкага раёна і горада Полацка ад 30 красавіка 2026 года.

    Гэты Telegram-канал, які мае больш за 1 200 падпісчыкаў, Дзмітрый Казлоў запачаткаваў пасля таго, як быў вызвалены і прымусова вывезены ў Літву 11 верасня 2025 года. Незадоўга да вызвалення, у ліпені 2025 года, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаны два YouTube-каналы блогера — «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы», якія ён вёў з 2018 года. Зараз Дзмітрый Казлоў жыве за мяжой, улады Беларусі анулявалі ягоны беларускі пашпарт.

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі і акаўнт у Threads з назвай free­vi­as­na (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/freeviasna). Рашэнне прызнаць яго кантэнт «экстрэмісцкім» прыняў 30 красавіка 2026 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Той самы суд сёлета ў студзені прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сайт free­vi­as­na, а ў лютым суд Ленінскага раёна Магілёва пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» змест старонкі free­vi­as­na ў Insta­gram. На інтэрнэт- рэсурсах ініцыятывы free­vi­as­na размяшчаецца інфармацыя пра беларускіх палітвязняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.