«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: TikTok-акаўнт «Позірка» і Telegram-канал «Беларусь Сегодня»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 14 студзеня ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 11 студзеня «экстрэмісцкім» прызнаны Telegram-канал «Беларусь Сегодня» і Telegram-чат «Беларусь Сегодня Chat». Інтэрнэт-адрасы гэтых рэсурсаў у дакуменце не пазначаныя. Telegram-канал з такой самай назвай і ідэнтыфікатарам t.me/belarus_news_onlinerby ужо згадваўся на сайце Мінінфарма. 26 снежня мінулага года яго змест прызнаваў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй суд Партызанскага раёна Мінска.
Суд Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці 11 студзеня пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» TikTok-акаўнт «pozirk-online» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@pozirk_online).
Летась на пачатку снежня «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя старонкі ў Instagram і Х. Такое рашэнне тады вынес суд Цэнтральнага раёна Мінска. Іншыя інтэрнэт-рэсурсы медыя «Позiрк — Навiны пра Беларусь» атрымалі «экстрэмісцкі» цэтлік ад гэтага суда яшчэ раней.
19 снежня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла медыяпраект «Позірк» «экстрэмісцкім фармаваннем».