• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры міліцыянты і два ідэолагі: хто знайшоў экстрэмізм у кнізе аб націдэі журналіста Змітра Лукашука

    Еўрарадыё атрымала копію заключэння экспертнай камісіі, якая знайшла экстрэмізм у кнізе “Беларуская нацыянальная ідэя”. Дакумент складзены 4 сакавіка. Кнігу абмяркоўвалі восем экспертаў, трое з якіх — міліцыянты, а яшчэ двое маюць дачыненне да ідэалагічнага ўпраўлення Мінаблвыканкама.

    Высновы, да якіх прыйшла камісія, займаюць адзін абзац. Там проста гаворыцца, што ў кнізе “ўстаноўлена наяўнасць прыкмет праявы экстрэмізму”. Далей пазначаны непасрэдна прыкметы, якія пералічваюцца ў беларускіх законах. Усе яны адносяцца да тэкстаў пра беларускую нацыянальную ідэю ці нейкія канкрэтныя — незразумела.

    Мы звязаліся з трыма з васьмі ўдзельнікаў экспертнай камісіі, якая рыхтавала заключэнне. Адна з іх адмовілася ад каментароў. А яшчэ двое распавялі нам, як шукалі экстрэмізм у “Беларускай нацыянальнай ідэі”.

    Эксперты па экстрэмізме

    У камісіі мы знайшлі траіх супрацоўнікаў УУС Мінаблвыканкама: палкоўнік міліцыі Мікалай Максімовіч, першы намеснік начальніка Віталь Казлоў, начальнік крыміналістычнага аддзела Максім Цупа. Таксама там двое ідэолагаў з Мінаблвыканкама — Вольга Тапдэмір і Ніна Грамузава. Першая да гэтага часу працуе ў ідэалагічным упраўленні, а другая, падобна, звольнілася або перавялася, хоць раней згадвалася як супрацоўніца аддзела па працы са СМІ. Цяпер, мяркуючы па сайце выканкама, у аддзеле застаўся адзін супрацоўнік з чатырох, астатнія тры месцы вакантныя.

    Эксперты Максімовіч, Цупа, Казлоў / Еўрарадыё

    Акрамя іх, у камісіі экс-дырэктар радыёстанцыі “Мінская хваля” Тамара Вяцкая, выкладчык БДМУ Аляксей Кацічаў і кіраўнік “Цэнтра глабалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва” ў Інстытуце філасофіі НАН РБ Наталля Кутузава.

    З васьмі ўдзельнікаў камісіі адзін галасаваў супраць

    Менавіта Наталля Кутузава — адзіная са складу камісіі, хто не ўбачыў экстрэмізму ў кнізе “Беларуская нацыянальная ідэя”.

    Пры мне гэтыя [экстрэмісцкія. — Еўрарадыё] прыкметы агучаныя не былі, і я галасавала, зыходзячы з уласнага разумення зместу гэтай кнігі. Прыкметы [экстрэмізму. — Еўрарадыё] не былі сфармуляваны на пасяджэнні камісіі, — тлумачыць яна нам.

    Наталля Кутузава / zviazda.by

    Тамара Вяцкая кажа, што аб тым, якія прыкметы экстрэмізму змяшчае ў сабе кніга “Беларуская нацыянальная ідэя”, ёй казаць не рэкамендавалі. Але асабіста ёй кніга не падабаецца.

    — Усе мае сваякі жывуць на Украіне [так і сказала. — Еўрарадыё], і я гэтую сітуацыю ведаю знутры, і яна вельмі неадназначная. І я не разумею, навошта такая кніга патрэбная. Я не знайшла адказу ў гэтай кнізе, навошта яна напісана. Яна разбуральная, яна жорсткая. Зноў жа, я жанчына, і, можа, мужчынам гэта ўсё падабаецца, але мне гэта не падабаецца. Адкажу на гэта так: нам, праваслаўным, можна ўсё, але не ўсё карысна. Гэтая кніга не карысная.

    Як камісія вырашае, дзе ёсць экстрэмізм, а дзе няма

    На абмеркаванне 600-старонкавага выдання эксперты збіраліся адзін раз.

    Проста сябры камісіі прагаласавалі, і ўсё, — працягвае Наталля Кутузава.

    Метад экспертызы, указаны ў заключэнні камісіі, — “візуальнае даследаванне”. Ствараецца ўражанне, што эксперты проста паглядзелі на вокладку кнігі. Але гэта не так. Тамара Вяцкая распавядае, што ўсё ж азнаёмілася са зместам.

    Не, [чытала кнігу. — Еўрарадыё] не ўсю. Я яе чытала “па дыяганалі”. Дачытвала яе ў інтэрнэце, — дадае экспертка.

    Цікава, што ў вольным доступе тэксту кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя” няма. Яго можна хіба што купіць.

    — Звычайна кнігі проста праглядаюць. Я ведаю, што кнігу глядзелі, пры мне яе бралі ў рукі, перагортвалі. Аб тым, наколькі ўважліва чыталі, я не магу сказаць. Звычайна на пасяджэнні кожны бярэ кнігу і глядзіць, выказвае сваё меркаванне — ці ёсць там нейкія прыкметы, ці няма, — распавядае Наталля Кутузава. — Улічваючы, што там размешчаны інтэрв’ю досыць вядомых людзей, чыя пазіцыя мне вядомая па іншых іх публікацыях, асабіста ў мяне гэта заняло вельмі шмат часу.
     

    Высновы — як пад капірку

    Яшчэ адна кніга, у якой эксперты нядаўна знайшлі прыкметы праявы экстрэмізму, — “Беларускі Данбас” журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Камісіі збіраліся ў розным складзе: на абмеркаванні кнігі аб удзеле беларусаў у супрацьстаянні на паўднёвым усходзе Украіны Наталлю Кутузаву замяніў дырэктар комплексу “Хатынь” Артур Зельскі. А вось высновы, да якіх прыйшлі камісіі, слова ў слова паўтараюць адна адну.

    Высновы экспертнай камісіі па абедзвюх кнігах / “Еўрарадыё”

    Пералік знойдзеных у кнігах “прыкмет праявы экстрэмізму” займае амаль восем радкоў. Гэта кампіляцыя з некалькіх артыкулаў Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў.

    Пра тое, што камісія не асабліва ўдумваецца ў тэкст, а проста капіруе яго з заключэння ў заключэнне, сведчыць фармулёўка “і (або)” ў канцы пералічэння. Калі б кнігі рэальна вывучаліся на прадмет экстрэмізму, эксперты павінны былі б прыйсці да канкрэтнай высновы: “інструкцыі па выбуховай справе” можна “выкарыстоўваць у планаванні і здзяйсненні тэрарыстычных актаў шляхам падрыву” грамадзянскіх або ваенных аб’ектаў ці ўсё ж такі грамадзянскіх і ваенных аб’ектаў? Тут жа канкрэтнай фармулёўкі няма — толькі агульная.

    Тым не менш у красавіку на падставе гэтай высновы ў Мінску судзілі жыхара Мінскага раёна Ягора Старавойтава, у якога кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя” знайшлі дома падчас ператрусу. Але 7 траўня — справу спынілі — скончыўся час, адведзены на прыцягненне да адміністрацыйнага спагнання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці