• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У доме ў Крывым Рогу, куды трапіла расейская ракета, жыве журналістка беларускага выдання «Салідарнасць»

    Сёння раніцай расейскімі ракетамі быў абстраляны Крывы Рог (Украіна). Адна з іх трапіла ў шматпавярховы дом, зруйнавана колькасць кватэр. Апынулася, што ў ім жыве журналістка інтэрнэт-выдання «Салідарнасць» Кацярына Сельдзярэева. Яна не пацярпела.

    Ракета трапіла ў дзевяціпавярховы дом. Разбураная адна з жылых секцый — з чацвёртага па дзевяты этаж. На момант публікацыі было вядома пра пяць загінулых і больш за сорак пацярпелых. Але яшчэ вялася выратавальная аперацыя, падчас якой адбылося абрушэнне часткі дома.

    Праз некалькі гадзін стала вядома, што менавіта ў гэтым доме жыве ўкраінская журналістка беларускага выдання «Салiдарнасць» Кацярына Сельдзярэева. Яна напісала для сайта ўжо больш за 130 частак дзённіка вайны.

    — Беларускія і ўкраінскія журналісты доўгія гады цесна камунікавалі ў прафесійных колах, — расказалі БАЖ у рэдакцыі «Салiдарнасці». — У многіх склаліся цёплыя адносіны, сяброўства. Гэта гісторыя і пра нас з Кацяй. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай па просьбе нашага выдання яна пачала публікаваць свой дзённік вайны. 7 сакавіка 2022 года на нашых старонках выйшаў першы раздзел: «Як я праспала вайну і ніяк не магу прачнуцца».

    З пачатку расейска-украінскай вайны за межы краіны журналістка не выязджала. Толькі ў Львоў на чатыры месяцы з сакавіка 2022 года. Заставацца ва Украіне — гэта яе свядомая грамадзянская пазіцыя.

    — Да шчасця, нашай калежанкі на момант ракетнага удара дома не было, — адзначылі супрацоўнікі выдання. — Яна цяпер знаходзіцца ў Кіеве.

    Па словах Кацярыны, гледзячы па пашкоджаннях дома, у яе кватэры пацярпелі балкон і вокны. Што ўнутры, невядома. У дом жыхароў не пускаюць.

    — Кватэра знаходзіцца блізка ад эпіцэнтру выбуху, — удакладніла журналістка. — Невядома, ці вытрымалі нясучыя сцены. Сказалі, што да заўтра жыхароў дакладна не пусцяць.

    У сённяшняй, 132 частцы, дзённіка вайны Кацярына Сельдзярэева напісала:

    — «Я дома». Цяпер гэтая фраза гучыць у мінулым часе. 31 ліпеня 2023 года, у 523 дзень поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны, у мяне забралі мой дом. Жорстка, крывава, па-варварску, цынічна.

    Яна адзначае, што з пачатку лета колькасць абстрэлаў горада павялічылася, але кожны раз нейкім цудам бяда яе абыходзіла.

    — Тады абсалютна не верылася, што па маёй вуліцы некалі будуць лятаць расейскія балістычныя ракеты. Кожная атака ўспрымаецца балюча, але ўсялякія думкі аб тым, што чарговым расейскім тэрактам можа стаць мой дом катэгарычна абвяргаліся, — радкі чарговага артыкула поўныя болю.

    Па словах журналісткі, яна плакала некалькі гадзінаў, крычала ад неразумення, цела трэслася як на холадзе.

    — У чорны панядзелак раніцай вайна літаральна зайшла ў маю хату. Цяпер у мяне яшчэ больш матывацыі змагацца з чумой пад назвай «рускі свет». Цяпер мая разбураная кватэра — яшчэ адно месца злачынства Расеі, — адзначае Кацярына Сельдзярэева.

    Чытайце яшчэ:

    Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»

    З кожнага праса. Усё, што трэба ведаць пра нацыянальны тэлемарафон «Єдині новини» ва Украіне

    «На гэтай вайне чалавек на перадавой з пазнакай «Press» ці «TV» — лепшая прыманка для варожых снайпераў»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці