• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Глыбокім прэс-клуб прайшоў у былым будынку суда, дзе раней судзілі журналістаў

    У Глыбокім адбыўся прэс-клуб з удзелам праваабаронцы і журналіста з Віцебска Паўла Левінава. Мерапрыемства ладзіла глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” у былым будынку суда, дзе калісьці судзілі некаторых яе сяброў.

    Падчас сустрэчы прысутныя абмеркавалі змены ў заканадаўстве аб СМІ: як яны паўплываюць на далейшую працу рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў-фрылансераў. Асноўныя змены павінны набыць моц з 1 снежня 2018 года, яны тычацца ў першую чаргу ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і іх карыстальнікаў. Размова ішла пра ўвядзенне абавязковай ідэнтыфікацыя асобаў, якія размяшчаюць матэрыялы ў інтэрнэт-рэсурсах (не толькі ў сеткавых выданнях), у тым ліку каментатараў на форумах.

    pres_klub_3.jpg

    У сувязі са зменамі ў закон аб СМІ фактычна прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў. Таксама дапускаецца блакіроўка і аднаўленне доступу да інтэрнэт-рэсурсу без магчымасці абскарджваць рашэнне ў судзе.

    Павел Левінаў засяродзіў увагу прысутных на тым, што Закон аб СМІ ў першую чаргу тычыцца юрыдычных асобаў, у тым ліку і сумна вядомы артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, па якім прыцягваюць да адказнасці журналістаў-фрылансераў.

    pres_klub_2.jpg

    Але ўлады працягваюць і надалей пераследваць па гэтым артыкуле фізічных асобаў, а менавіта журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з  “Радыё Рацыя” і “Белсатам”. Тым самым парушаюцца не толькі артыкулы Канстытуцыі Беларусі, але і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія ратыфікавала краіна.

    Значную ўвагу ў прэс-клубе надалі пытанням прысутнасці карыстальніка ў інтэрнэце і прадугледжанай адказнасці за каментары, допісы і перапосты. Эксперт пералічыў прычыны і прывёў прыклады прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці фізічных асобаў з‑за перапостаў у сваіх сацыяльных сетках малюнкаў, фота і дэматыватараў рознай тэматыкі. Гэта ў асноўным тычылася матэрыялаў, якія ўлада палічыла экстрымісцкімі і парнаграфічнымі.

    pres_klub_1.jpg

    Паводле Паўла Левінава, праўкі ў закон аб СМІ накіраваныя не на эфектыўнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі дзяржавы і рэалізацыю правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi – на што спасылаецца ўлада – а на ўзмацненне кантролю за медыйным полем у Беларусі. Зразумела, што ў асноўным будуць цярпець ціск недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама журналісты-фрылансеры. Гэтую катэгорыю журналістаў улады ўвогуле не жадаюць бачыць у юрыдычным полі і акрэсліваць нейкім чынам іх статус. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці