• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чатыры гады за кратамі. У якіх умовах трымаюць журналіста Свабоды Ігара Лосіка

    Журналіста Свабоды Ігара Лосіка затрымалі раніцай 25 чэрвеня 2020 года ў яго дома ў Баранавічах. За кратамі Ігар роўна чатыры гады.

    Ігар Лосік палітзняволены журналіст

    Ігар Лосік

    25 чэрвеня 2020 года раніцай у баранавіцкую кватэру Ігара і Дар’і Лосікаў уламіліся дзевяць сілавікоў і двое панятых. Паказалі санкцыю пракурора аб затрыманні Ігара ў крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках»). Сілавікі правялі ператрус, канфіскавалі кампутары і тэлефоны. Ігара Лосіка з Баранавічаў на шэрым бусіку маркі «Мэрсэдэс» павезлі ў Мінск. Там змясцілі спачатку ў ізалятар на завулку Акрэсціна, потым перавялі ў СІЗА № 1. А ў жніўні — у жодзінскую турму.

    Пазней Ігару Лосіку дадалі абвінавачанні яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. У знак пратэсту журналіст абвясціў бестэрміновую галадоўку.

    Перад судом Ігара перавялі ў гомельскі СІЗА. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля ў закрытым працэсе, які праходзіў у СІЗА, асудзіў Лосіка на 15 гадоў пазбаўлення волі.

    Па інфармацыі некалькіх крыніц, блізкіх да Ігара, у чэрвені 2020 года ён адчуваў пагрозу затрымання і збіраўся з’ехаць з Беларусі 1 ліпеня 2020 года. Акурат у гэты дзень аднаўляліся авіязносіны Беларусі з Грузіяй, спыненыя праз эпідэмію каранавірусу. У сям’і Лосікаў ужо былі квіткі на самалёт.

    Ігар Лосік палітзняволены журналіст

    Ігар Лосік. Фота: сацсеткі

    «Разеткі і люстэрка»

    Штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) у Наваполацкай калоніі знаходзяцца ў асобным будынку, куды ўсім астатнім, акрамя аховы, уваход забаронены. Усяго там 14 камер. Пад ПКТ адведзена 5 з іх: адна маленькая і 4 вялікія.

    Па словах былых зняволеных, у камеры № 5 пастаянна трымаюць Віктара Бабарыку, ён заўсёды сядзіць адзін. Гэтая камера невялікая, яна адзіная знаходзіцца па левым баку. Ігар Лосік, паводле гэтых жа сведчанняў, звычайна сядзіць у 4‑й камеры. Камеру пад нумарам 1 (яна вялікая, на 9 чалавек) — выкарыстоўваюць для звычайных вязняў, у 2‑й камеры — звычайныя зэкі і частка палітычных (паводле артыкула 411, якім падоўжаны тэрмін за непадпарадкаванне адміністрацыі і якіх хутка перавядуць у крытую турму).

    «Розніца паміж ШЫЗА і ПКТ нязначная. Усе камеры абкладзеныя белай керамічнай пліткай, столь таксама белая. Вонкава нібыта прыгожа, але… Я туды трапіў у жніўні, калі на вуліцы была спякота. А ў камеры летам пастаянна прахалода (15, максімум 18 градусаў). Але ў астатнія поры года холадна. Калі выходзіш на шпацыр, пасля гэтага белага колеру цяжка фокусаваць зрок на іншых колерах», — дзеліцца былы вязень наваполацкай калоніі.

    Наваполацкая калонія схема

    Схема ПКТ і ШЫЗА Наваполацкай калоніі. Фота: з сайта «Прававая ініцыятыва»

    Паводле яго, у ПКТ, у адрозненне ад ШЫЗА, ёсць разеткі. Праўда, працуюць яны не ўвесь час, а толькі пару гадзін на дзень. Напрыклад, электракіпяцільнікам можна скарыстацца з 10 да 11 раніцы, з 15 да 16 і з 18 да 19. Таксама ў ПКТ ёсць дадатковыя палічкі і люстэрка з нержавейкі. З рэчаў — толькі самае неабходнае: зубная шчотка, паста, мыла, ручнік. Прадукты з перадач, якія прывезлі родныя, у ПКТ праносіць нельга. Тэарэтычна вязням дазволена зрабіць «атаварку» у турэмнай краме на 1 базавую велічыню ў месяц (з 1 студзеня 2024 года гэта 40 рублёў. — РС).

    «Ігар расказваў, што яго прымушалі купляць за тую адзіную базавую велічыню анучы для прыбірання камеры, мыйныя сродкі. Іх у калоніі не выдаюць, на іх зняволеныя павінны „скідвацца“ са сваіх грошай. Знарок даводзілі да сітуацыі, калі ў Ігара не было туалетнай паперы. Прынамсі, у студзені 2024 года. Ну і ён сядзіць у асноўным адзін і яму часам не давалі магчымасці купіць самыя элементарныя прадметы першай неабходнасці. Гэта проста здзек», — кажа былы палітвязень наваполацкай калоніі.

    Апошні ліст бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 года

    З 2017-га па сакавік 2023 года наваполацкай калоніяй кіраваў падпалкоўнік Андрэй Пальчык. Ігар Лосік у дзяцінстве жыў у адным доме з Пальчыкам — у Паўночным раёне Баранавічаў, на вуліцы Наканечнікава, 33.

    Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было не менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або развіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Цяпер адваката ў Ігара няма.

    Вядома, што ў калоніі Ігар спачатку працаваў на так званай «промцы», на ўчастку па ачыстцы дроту са старых кабеляў ад ізаляцыі. Сярод вязняў такая праца лічыцца цяжкай і шкоднай. Пасля адміністрацыя пачала караць Лосіка змяшчэннем у штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 года. З таго часу з ім няма ніякай сувязі.

    «Цяпер у яго, здаецца, чацвёрты тэрмін у ПКТ»

    Зрэдку ад былых вязняў даходзяць звесткі пра Ігара Лосіка. Паводле іх слоў, ён «бязвылазна» знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Пра гэта расказваў Свабодзе былы палітвязень Георгій, які сёлета ў траўні вызваліўся з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1.

    «Ігара ні разу „не падымалі ў атрад“ (не змяшчалі ў агульнае з іншымі вязнямі памяшканне. — РС). Вызваляць з ПКТ — і тут жа за адмову прыбіраць туалеты зноў змяшчаюць туды. Цяпер у яго, здаецца, чацвёрты тэрмін у ПКТ. Ігар вельмі засмучаны сітуацыяй з дачкой і жонкай (Дар’ю Лосік асудзілі за інтэрв’ю пра Ігара ў 2022 годзе, яна знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі, дачку Паўліну даглядаюць бацькі Дар’і. — РС). У яго цяжкі псіхалагічны стан, ён вельмі схуднеў. Кажуць, што яму даюць антыдэпрэсанты. Бачылі яго (іншыя зняволеныя. — РС) „у калідорах“ у другой палове красавіка. Ведаю, што да Ігара прыязджалі кадэбісты, хтосьці ў штацкім, прымушалі запісаць прызнанне, але ён не пагадзіўся», — кажа былы палітвязень Георгій.

    Дар'я Лосік жонка палітзняволенага Ігара Лосіка

    Дар’я Лосік. Фота: Белсат

    «Думаеш пра ежу, худнееш, высыхаеш»

    Для «штрафнікоў», змешчаных у ПКТ, дазваляецца адна прагулка ў дзень. Выводзяць кожную камеру асобна хвілін на 15–20 у закрыты дворык з «небам у клетачку». Ежа ў ПКТ і ШЫЗА значна горшая, чым у атрадзе, кажуць суразмоўцы з ліку былых зняволеных.

    «У атрадзе адна норма, на „бальнічцы“ крыху лепшая — дыетычнае харчаванне, нават масла даюць. А ў ПКТ і ШЫЗА рацыён у параўнанні з атрадам скарачаецца ўдвая. Першыя 10 дзён яшчэ трываеш, а далей цяжка…

    Уявіце: першы прыём ежы — а 6‑й раніцы (пустая каша і гарбата), абед у 11:30 (суп і ў асноўным капуста ці макарона і кампот), вячэра — а 16‑й (вадкае пюрэ з дзвюма кількамі) — і ўсё! Ты пастаянна думаеш пра ежу і хутка худнееш, потым проста высыхаеш», — успамінае былы вязень.

    У ПКТ на працу вязні не ходзяць, можна чытаць. Але бібліятэка там асобная, з абмежаваным у параўнанні з агульнай наборам кніг.

    «У асноўным там толькі расейская класіка кшталту „Вайны і міра“, кніг замежных аўтараў няма зусім. У лістападзе забралі ўсе падручнікі замежных моў, размоўнікі, беларускія кнігі. Лісты нібыта дазваляюць пісаць і атрымліваць. Але на маёй памяці ніхто з палітычных у ПКТ нічога не атрымліваў», — кажа былы палітвязень.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці