• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Карме мясцовы ідэолаг выклікала міліцыю на незалежных журналістаў

    У райцэнтры Карма Гомельскай вобласці міліцыя затрымала амаль на дзве гадзіны незалежных журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша.

    – Мы здымалі траншэю вадаводу, на якой вялася праца. Прыехала на машыне жанчына, якая назвалася ідэолагам і стала перашкаджаць – заяўляла, што без яе дазволу мы ня маем права нічога здымаць. А пасля выклікала міліцыю, – расказалі ГА “БАЖ” затрыманыя журналісты.

    Журналістаў прывезлі ў аддзяленне міліцыі і ўзялі тлумачэнні. Высветлілася, што ініцыявала затрыманне Таццяна Вяркеенка, часовая выканаўца абавязкаў начальніцы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама. Яна сцвярджала, што перад вядзеннем здымкаў трэба падаць пісьмовую заяўку ў ідэалагічны адзел, які будзе прымаць рашэнне.

    У Карме ёсць праблемы з вода- і цеплазабеспячэннем. Па скарзе жыхароў журналісты і прыехалі падрыхтаваць інфармацыйны матэрыял на гэтую тэму, маючы пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка. У кнізе скаргаў і прапановаў сябра ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі пакінуў заяву пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў прадстаўніцай ідэалагічнага аддзелу і стварэнне  перашкодаў падчас відэаздымкаў.

    Як патлумачыла спн. Вяркеенка службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ні Жукоўскі, ні яго напарнік не паказалі ёй ніякіх дакументаў наконт акрэдытацыі ў Беларусі ў якасці карэспандэнтаў. І наогул – заяўлялі, што дакументы будуць паказваць толькі міліцыі. На яе ж пасведчанне дзяржслужбоўцы адрэагавалі гэтак: “Калі службоўца, то ідзі і служы”.

    – У кнізе скаргаў і прапаноў Жукоўскі напісаў, што я патрабавала ад яго дакументы як ад фізічнай асобы. Я так мяркую: калі ты фізічная асоба і калі ёсць нейкія пытанні па праблемах у нашым раёне, то ты маеш поўнае права звярнуцца па тлумачэнні ў “адно акно” – чаму ў нас такая сітуацыя з вадой ці, скажам, з дарогай. Але ж ён на гэты конт да нас не звяртаўся. А праводзіць здымкі як фізічная асоба, паводле закону аб СМІ, ён не мае права. Я ж як намесніца начальніка аддзела ідэалогіі маю права спытаць – што здымаюць, навошта, маюць акрэдытацыю альбо не. Дзеля чаго – для правакацыяў ці нейкіх правакацыйных учынкаў? Калі б мне прад’явілі акрэдытацыю, не ўзнікла б ніякіх пытанняў. А атрымалася так, што не я задавала пытанні, а на мяне пайшлі ў атаку. І я запрасіла ўчастковага, які абслугоўвае гэтую тэрыторыю”, – выклала сваю пзіцыю Вяркеенка.

    Пасля разбіральніцтва ў раённым аддзеле міліцыі незалежных журналістаў адвезлі на месца, дзе яны рабілі відэаздымкі.

    Журналісты падкрэсліваюць, што паводле беларускага заканадаўства, акрэдытацыю павінны мець прадстаўнікі замежных СМІ, а беларускім журналістам дастаткова пасведчання нацыянальных мэдыяў. І ўвогуле любы грамадзянін Беларусі мае канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Ніякіх акрэдытацый на здымкі вадаводаў, іншых камунікацый ды гутарак з жыхарамі не патрабуецца.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці