У Магілёве журналістаў затрымлівалі за пазітыўны сюжэт пра гарадскі тралейбус
У Магілёве 8 лютага супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС затрымалі мясцовую журналістку Аліну Скрабунову. Крыху пазней быў таксама затрыманы журналіст-фрылансер, аператар Аляксандр Сідарэўскі.
Як распавяла сама Скрабунова, яе затрымалі ў двары дома супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Магілёва падпалкоўнік міліцыі Сяргей Афанасьеў і Андрэй Цярэнцій. Журналістку даставілі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, дзе склалі на яе пратакол адміністрацыйнага правапарушэння“за ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ” і пасля гэтага адпусцілі.
У міліцэйскім пастарунку журналістцы выпісалі позву з’явіцца ў суд 19 лютага. Судзіць Скрабунову будуць паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) за матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парка ў Магілёве, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат”.
Ужо пазней журналістцы вынеслі яшчэ і пратакол адміністрацыйнага затрымання, які быў складзены ўжо пасля таго, як Скрабунову адпусцілі.
Пазней па дарозе дадому быў затрыманы і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС аператар Аляксандр Сідарэўскі. На яго склаліадміністрацыйны пратакол за той жа матэрыялпра 50-годдзе тралейбуснага парка. Разглядаць справу Сідарэўскага ў судзе будуць таксама 19 лютага.
Па словах журналістаў, затрыманне адбылося, калі яны збіраліся ехацьна сход кіроўцаў, якія незадаволеныя ростам коштаў на паліва.
Аліна Скрабунова ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. У красавіку мінулага года суд Ленінскага раёна Магілёва пакараўяе штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1275 рублёў).
Тады суддзя Аксана Ратнікава прызнала Скрабунову вінаватай ва “ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, бо відэасюжэт пра адкрыццё інклюзіўнага кафэ ў гандлёвым цэнтры “Парк-Сіці” ў Магілёве, дзе працуюць інваліды-калясачнікі, быў паказаны на тэлеканале “Белсат”. Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна працуе на замежны тэлеканал без акрэдытацыі, хоць сама Скрабунова сцвярджала, што ў яе няма працоўнай дамовы ні з “Белсатам”, ні з іншым замежным СМІ.