У Вільні адкрылася канферэнцыя, прысвечаная працы беларускіх медыяў
10 верасня ў сталіцы Літвы распачалася канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», арганізаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў. У яе фокусе — пытанні захавання якасці медыяпрадукту ў складаных умовах працы, а таксама этычнае самарэгуляванне галіны.
З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся і старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
У межах канферэнцыі пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў традыцыйнага творчага конкурсу «Вольнае слова». Спадар Бастунец падкрэсліў, што конкурс «Вольнае слова» праводзіцца 10 верасня невыпадкова: ён прымеркаваны да 8 верасня, які ва ўсім свеце адзначаецца як Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.
— Салідарнасць і прафесіяналізм ствараюць сістэму каардынат, у якіх існуюць незалежныя медыя, — падкрэсліў старшыня БАЖ.
Андрэй Бастунец падзякаваў Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, Article 19, іншым міжнародным арганізацыям за падтрымку і салідарнасць з беларускай незалежнай прэсай.
Мая Север: Перажыла войны ў Харватыі і Босніі і Герцагавіне, але «цяжка ўявіць усе жахі Беларусі»
Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север павітала ўдзельнікаў цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Вольнае слова». Яна адмыслова прыбыла на цырымонію, каб падтрымаць беларускую незалежную прэсу.
Мая Север абраная прэзідэнткай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) у чэрвені 2022 года. Харвацкая журналістка і кіраўніца Прафсаюза харвацкіх журналістаў (TUCJ), яна стала першай жанчынай, якая ўзначаліла EFJ. У 2018 годзе Асацыяцыя прафесійных журналістаў (HND) выбрала Маю Север «Журналістам года». У 2020 годзе яна стала лаўрэаткай прэміі «Гонар Хаватыі» за гуманітарную дзейнасць. У 2021 годзе яна атрымала прэмію Fierce women за значны ўклад у забеспячэнне гендэрнай роўнасці і сацыяльнай справядлівасці ў Харватыі. IFJ аб’ядноўвае каля 320 тысяч журналістаў з 71 журналісцкай арганізацыі ў 43 краінах Еўропы.
Харвацкая журналістка, Мая Север перажыла сацыялістычную дыктатуру, войны ў Харватыі і Босніі і Герцагавіне, усё сваё жыццё змагалася з цэнзурай і ціскам. Аднак нават журналісцы з такім каласальным жыццёвым і прафесійным вопытам «цяжка ўявіць усе жахі Беларусі», дзе супрацоўніцтва з БАЖ – прафесійным аб’яднаннем журналістаў чалавеку можа каштаваць 10 гадоў турмы.
Мая Север згадала пра чатырох прадстаўніц беларускай журналістыкі, якія знаходзяцца за кратамі: галоўнага рэдактара і менеджэра tut.by Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, асуджаных да 12 гадоў пазбаўлення волі «за ўхіленне ад уплаты падаткаў, распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі»; журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву, якая адбывае 8‑гадовае зняволенне па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе»; журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную да 3,5 гадоў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыю Беларусі».
У зняволенні ж цяпер 34 прадстаўнікі медыяў.
Конкурс «Вольнае слова», па словах Маі Север, з’яўляецца сімвалам мужнасці, якую беларускія медыйшчыкі штодня дэманструюць сваёй працай.
Рэжым Лукашэнкі прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкай арганізацыяй. Мая Север ад імя Еўрапейскай федэрацыі журналістаў выказала падтрымку БАЖ у яго дзейнасці: «Мы папярэдзілі міжнародную супольнасць і яшчэ раз заклікаем яе падтрымаць вашую барацьбу за журналістыку. Мы тут дзеля таго, каб вашая мужнасць і прафесіяналізм былі прызнаныя і ацэненыя».
Мая Север падкрэсліла, што EFJ выступае за ўвядзенне санкцыяй супраць тых, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць журналістаў у Беларусі. «EFJ імкнецца ганрантаваць, што міжнародная супольнасць не закрые вочы на парушэнні правоў і свабод у Беларусі», — падкрэсліла госця.
EFJ і БАЖ разам імкнуцца пабудаваць грамадства, у якім свабодныя СМІ і права на праўду з’яўляюцца неад’емнымі правамі ўсіх грамадзян. «Сёння, як ніколі, мы павінны аб’яднацца дзеля свабоды СМІ ў Еўропе. Мы не павінны дазволіць страху і пагрозам задушыць праўду», — адзначыла Мая Север.
Рэйчэл Кей: «Беларускія незалежныя медыйныя прафесіяналы не здаліся»
Ліст падтрымкі IFEX для беларускіх журналістаў даслаў IFEX — міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец зачытаў вітанне намесніцы выканаўчага дырэктара IFEX Рэйчэл Кей.
Спадарыня Рэйчэл Кей нагадала ў вітальным слове, што ўдзячная БАЖ за «вырашальную ролю ў асвятленні праблем і пагроз, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты, у адстойванні гэтых свабод», нягледзячы на рост ціску з боку беларускіх улад.
IFEX — глабальная сетка, якая аб’ядноўвае больш за 100 арганізацый-чальцоў, IFEX імкнецца спрыяць і абараняць фундаментальнае права на свабоду выказвання меркаванняў і доступ да інфармацыі.
Аднак праз чатыры гады пасля падзей 2020-га, адзначае Рэйчэл Кей, «сітуацыя ў Беларусі застаеццца нестабільнай, бо рэжым Лукашэнкі ўзмацніў свае рэпрэсіўныя захады супраць журналістаў і свабоды СМІ агулам».
Паводле статыстыкі, якую прывяла Рэйчэл Кей, цяпер 34 беларускія журналісты знаходзяцца за кратамі, ліквідавана каля 1700 грамадскіх арганізацый, а ў Беларусі налічваецца амаль 1400 палітзняволеных.
Ландшафт для існавання незалежных медыяў дагэтуль пагаршаецца, судовы пераслед грамадскага сектара ўзмацняецца, а журналісты бязлітасна пераследуюцца як унутры краіны, так і па-за яе межамі.
«Свабода СМІ з’яўляецца важнай для любога здаровага грамадства, і нягледзячы на рызыкі, выкліканыя бягучай сітуацыяй, беларускія незалежныя медыйныя прафесіяналы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці не здаліся. Мы высока цэнім адданасць беларускіх журналістаў і арганізацый, якія іх падтрымліваюць, у прадастаўленні незалежнай, аб’ектыўнай і разнастайнай інфармацыі грамадзянам Беларусі на высокім прафесійным узроўні, а таксама міжнароднай супольнасці — нават калі гэта патрабуе вялікіх асабістых ахвяр.
Іх настойлівасць спрыяе захаванню свабоды выказвання меркаванняў і доступу да інфармацыі ва ўмовах варожага асяроддзя, накіраванага на знішчэнне гэтых правоў», — гаворыцца ў лісце.
***
Завершыцца журналісцкі дзень пасля абеду цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Вольнае слова».