• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усё было падрыхтавана, але не паспеў выехаць з Беларусі». Расказваем пра экс-вядучага БТ Лукшу і яго затрыманне КДБ

    Былы вядучы Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Лукша ў лютым ажаніўся, а ў сакавіку апынуўся за кратамі. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Расказваем, што вядома пра журналіста і яго затрыманне.

    Былы вядучы Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Лукша ў лютым ажаніўся, а ў сакавіку апынуўся за кратамі. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Расказваем, што вядома пра журналіста і яго затрыманне.

    З культуры — у крымінал 

    Дзмітрыю 32 гады, ён нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў Інстытут журналістыкі БДУ, з 2008 года працаваў у Белтэлерадыёкампаніі. Пазней, у 2014 годзе, скончыў курсы тэлерадыёжурналістаў Акадэміі медыяіндустрыі пры Астанкіне (Масква, Расія).

    Дзмітрый Лукша пачаў працаваць у 18 гадоў

    Працаваць Дзмітрый пачаў рана. Як толькі пераехаў у Мінск, яшчэ 18-гадовым юнаком падпрацоўваў на канцэртах: быў кантралёрам, правяраў квіткі.

    Цікава, што пачынаў сваю тэлекар’еру Лукша з асвятлення навін культуры. Пазней перайшоў на крымінальныя навіны, стаў карэспандэнтам перадачы «Зона Х», а з 2012 года і вядучым гэтай перадачы.

    «Дзіма пачаў працаваць журналістам з 19 гадоў. Так, спачатку асвятляў культуру, але тое было не яго — было проста не цікава. Таму ён проста прыйшоў аднойчы ў студыю «Зоны Х» і сказаў кіраўніку Кірылу Казакову: хачу ў вас працаваць! На той момант Дзіма быў яшчэ студэнтам-другакурснікам. Але Казакоў не змог яму адмовіць, — расказваюць блізкія Лукшы. — Праца ў «Зоне Х» Дзіму вельмі спадабалася».

    У складзе здымачнай групы АТН Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый прыязджаў на месца выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. Пасля стаў суаўтарам фільма «Метро», прысвечанага гадавіне тэракта. 

    У лютым 2011-га быў узнагароджаны міністрам інфармацыі і кіраўніцтвам Міністэрства абароны як найлепшы карэспандэнт беларускіх СМІ, які пісаў на ваенную тэматыку. Неаднаразовы лаўрэат і пераможца творчых конкурсаў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны. 

    У 2012 годзе Лукша стаў лаўрэатам конкурсу «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Найлепшы рэпарцёр».

    Удзельнічаў у стварэнні прапагандысцкага фільма пра «Малады фронт»

     

    Пра гэта сам Лукша распавёў у Інстаграме:

    «Цкаванне — гэта самае нізкае, што можа рабіць чалавек! Кажу гэта як той, хто ў 2009‑м годзе быў менавіта зацкаваны і практычна «зламаны»!»

    Я тады толькі прыйшоў працаваць на БТ. Як маладога стажора, мяне адправілі на падздымкі для дакументальнага фільма пра дзейнасць «Маладога фронта». Я паняцця не меў, якім будзе фільм на выхадзе, ды ў цэлым не быў пагружаны асабліва ў палітыку.

    Мой удзел у фільме склалі АДНЫ невялікія здымкі — да тэксту і мантажу я не меў НІЯКАГА дачынення! Але! На пару секунд аўтары мяне «светанулі» ў кадры, і ў выніку — сотні лістоў у сацыяльных сетках з агіднымі абразамі і пагрозамі мне, маім бацькам. Не разабраўшыся, мяне запісалі ў аўтары фільма, самыя жорсткія прапагандысты і ворагі народа! Пры гэтым — на тэлефон паступілі толькі два званкі для ўдакладнення інфармацыі і маёй ролі ў гэтым праекце! Гэта было сапраўднае цкаванне, подлае, з‑за вугла!»

    На яго падалі ў суд «шэрыя рыэлтары»

    У 2016 годзе ішоў гучны судовы працэс па справе «банды Сяргея Молнара» — крымінальнай групоўкі, якая займалася вымагальніцтвам, разбоем, незаконнымі здзелкамі з нерухомасцю. Іх таксама называлі «шэрымі рыэлтарамі» — бо, у адрозненне ад так званых «чорных рыэлтараў», молнараўцы ўсё ж не забівалі людзей.

    Перадача «Зона Х», дзе працаваў Лукша, таксама выпускала сюжэты пра справу Молнара і яго хаўруснікаў. У выніку адзін з абвінавачаных, рыэлтар Павел Рыжніцын, падаў іск у суд на БТ: маўляў, працэс яшчэ ідзе, а ў «Зоне Х» фігурантаў ужо называюць злачынцамі. 

    «Пасля таго, як на БТ выйшаў першы сюжэт, мы тэлефанавалі ў «Зону Х», — казала жонка Сяргея Молнара. — Я казала, што гатовая паказаць усе дакументы, што ў матэрыялах справы нічога няма пра забойства, пра 500 пацярпелых, пра якія казаў журналіст Дзмітрый Лукша. І адвакатка наша была гатовая з ім сустрэцца, але, мабыць, у праграмы не было задачы аб’ектыўна асвятліць працэс».

    Усе фігуранты справы Молнара атрымалі вялікія тэрміны, той жа Рыжніцын — 13 гадоў калоніі.

    Дакладна не вядома, чым скончыўся іск Рыжніцына супраць БТ. Спачатку суддзя перанесла разгляд да заканчэння суда па крымінальнай справе. Што было далей, незразумела, але былая жонка Рыжніцына паведаміла «Нашай Ніве», што нават не памятае, чым скончыўся разгляд іску супраць БТ.

    Але якраз у 2016 годзе Лукша звольніўся з Белтэлерадыёкампаніі.

    Памяняў БТ на «Хабар»

    «Чаму ён сышоў з БТ — мы не ведаем, Дзіма нам ніколі не расказваў падрабязнасці. Але як мы зразумелі, быў нейкі канфлікт з кіраўніцтвам.

    Дзіма вельмі прынцыповы, хутчэй за ўсё, не змог пайсці на кансэнсус. Але ён не любіў абмяркоўваць гэтую тэму», — кажуць яго блізкія.

     

     

    Нейкі час Лукша быў без працы, пасля стаў пазаштатнікам казахскага канала «Хабар24» («хабар» перакладаецца з казахскага як «навіна, паведамленне»). У канала быў нават свой офіс у Мінску. 

    «Дзіму падабаўся калектыў — маладыя творчыя людзі. Ніякага негатыву пра гэтую працу не выказваў», — кажуць блізкія.

    У 2020 годзе Дзмітрый здымаў шмат сюжэтаў, прысвечаных беларускім пратэстам, дзе сумленна паказваў падзеі, абураўся сваволлем сілавікоў. 

    Нават у сацсетках Лукша дадаваў да сваіх паведамленняў хэштэг #немойпрезидент. Таксама публікаваў свае вершы. Вось што ён напісаў у дзень смерці Рамана Бандарэнкі (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя. — «НН»):

    «Вайне, здаецца, ужо ня трэба грукат бомб! 
    Акопы…
    Крыкі…
    Лусты хлеба, што на могiлцы кладуць на кружку! 
    Да сценкi сення ставяць не захопнiкаў — 
    Сваiх! 
    А забiваюць… то за слова, 
    То за стужку! 
    Вайне не трэба, разрываючы зямлю, 
    Капаць траншэi,
    Узмаценнi ўздагонку! 
    Лапата ў глебу ўсе часцей заходзiць пад труну 
    Для пахаваных
    «Перагорнутай старонкай»! 
    Не зразумець у цяперашней вайне, хто вораг, 
    Хто суддзя… 
    Хто кат…
    Дзе тут падман, 
    Калi яны ўсе хаваюцца пад маскай? 
    Чаму яны спыняюць наш с табой Раман,
    Краiна,
    Што квiтнела некалi у гiмне…
    Ды ў казцы?»

    Пагражае 4 гады калоніі

    У лютым 2022 года Дзмітрый ажаніўся. Выбраў прыгожую дату: 22.02.2022, а аказалася, што гуляе вяселле за два дні да вайны.

    Менш чым праз месяц яго затрымалі.

    «Дзіма баяўся, што да яго могуць прыйсці, разумеў, што гэта цалкам магчыма, што могуць быць праблемы праз яго працу. Ён ужо збіраўся з’язджаць за мяжу, усё было падрыхтавана, але не паспеў — прыйшлі сілавікі. Не хапіла літаральна некалькіх дзён», — кажуць блізкія.

    Увечары 11 сакавіка па Лукшу прыйшлі з КДБ. У кватэры некалькі гадзін праводзілі ператрус. 

    Прычынай нібыта стаў адзін з апошніх сюжэтаў Лукшы для казахскага канала, у ім журналіст «не так» выказаўся пра апошнія падзеі ў Беларусі.

    Спачатку Лукшу абвінавацілі па арт. 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Затым праглядзелі сацсеткі — і дадалі абвінавачванне па «народным» артыкуле 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

    Жонка Дзмітрыя адмовілася ад каментарыяў.

    У красавіку сілавікі затрымлівалі і аператара, які працаваў з Лукшам. Але ў той жа дзень мужчыну адпусцілі.

    Сёння Лукша знаходзіцца на Валадарцы. 

    «Ад Дзімы даходзяць лісты. Трымаецца бадзёра. Часам нават весялейшы, чым таго патрабуе сітуацыя, — кажуць блізкія. — Настроены вельмі аптымістычна. Але, можа быць, гэта ён так нас падтрымлівае?»

    Цяпер Дзмітрыю Лукшу пагражае да 4 гадоў калоніі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці