• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ва Украіне выявілі расійскую сетку рэгіянальных прапагандысцкіх выданняў

    Insight News Media у межах свайго раследавання знайшла сетку рэгіянальных дэзынфармацыйных сайтаў, створаных Расіяй для ўздзеяння на аўдыторыю ва Украіне. Гэтыя сайты, замаскіраваныя пад лакальныя ўкраінскія навінавыя рэсурсы, уносяць значны ўклад у распаўсюджванне прапаганды і дэзынфармацыі.  

    сетка расійскай прапаганды ў Еўропе

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Псеўдаўкраінскія навіны

    Псеўдаўкраінскія сайты маюць аднолькавы дызайн і вялікую колькасць Z‑сімвалаў. Адразу кідаецца ў вочы, што ўсе яны знаходзяцца на даменах .ru. Як сцвярджаюць раследавальнікі, сайты зарэгістраваныя ў Маскве і абслугоўваюцца з аднолькавага расійскага IP-адраса.

    У навінах не хаваюцца звыклыя для расійскіх дзяржаўных СМІ наратывы, але з акцэнтам на падрыў мабілізацыйных намаганняў Украіны. Напрыклад, вось характэрныя загалоўкі для volyn-news.ru:

    • «Ніхто не хоча ваяваць»: вязень раскрыў праўду пра сітуацыю ў УСУ.
    • Пратэсты супраць прызыву ў Ковелі.
    • Выпадкі прымусовага прызыву ў Луцку.
    • Змовы нацыстаў у Кіеве.

    Аналіз зместу і дадзеныя аб серверах паказваюць на каардынаваную дзейнасць па распаўсюджванню расійскай прапаганды, якая нацэленая на распальванне хаосу ва Украіне і падрыў даверу да ўкраінскага ўрада. Сайты, арыентаваныя на заходнія рэгіёны Украіны, паказваюць на жаданне Расіі захапіць усю краіну, а не толькі ўсходнія рэгіёны.

    Як расійская прапаганда атакуе Беларусь і Украіну? Сабралі вынікі даследвання

    Расійскія шаблоны і метадычкі

    Сетка псеўдаўкраінскіх «навінавых» сайтаў — не новае слова ў працы расійскай прапаганды. Крэмль выкарыстоўвае падобныя метады і ў Еўропе, дзе была створана сетка сайтаў «Праўда», арыентаваных на аўдыторыю ў ЕС.

    Яшчэ ў 2023 годзе французскае агенцтва Vig­inum выкрыла ў Еўрасаюзе сетку сайтаў «Праўда». Раследавальнікі знайшлі нізку сайтаў з падобным дызайнам накшталт pravda-en.com, pravda-fr.com, pravda-de.com, у якіх на розных замежных мовах кланіраваліся «навіны» з антызаходнімі і антынатоўскімі наратывамі.

    Сваё даследаванне ўплыву расійскай прапаганды на краіны Захаду правяла Еўрапейская абсерваторыя лічбавых медыяў (EDMO). Яна высветліла, што ўсяго на працягу тыдня ў сакавіку 2024 года сетка Prav­da актывавалася ў 19 краінах ЕС. Сайты з такой назвай у дамене, з’явіліся ў Грэцыі, Італіі, Нідэрландах, Даніі, Харватыі, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Румыніі, Фінляндыі, Швецыі, Партугаліі, Эстоніі, Латвіі, Венгрыі, Ірландыі, Славеніі і на Кіпры. 

    Найбольш актыўна  крамлёўская прапаганда выкарыстоўвае англійскую, іспанскую і нямецкую мовы. Сваёй мэтай яна ставіць імкненне падарваць падтрымку Украіны. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці