Як бароцца з падробкай навінавых сайтаў? У Японіі выпрабоўваюць адмысловую маркіроўку
Вэбстандарт Originator Profile дапамагае праверыць, ці сапраўды навінавы сайт належыць арганізацыі, за якую сябе выдае. Да ініцыятывы ўжо далучыліся вядучыя японскія выданні, піша Nieman Journalism Lab.

Ілюстрацыя з сайта Japantimes
Originator Profile (OP) — гэта вэбстандарт, які выкарыстоўвае крыптаграфічныя лічбавыя подпісы для стварэння абароненых ад падробкі пасведчанняў сайтаў. Яны пацвярджаюць, хто апублікаваў матэрыял.
Ідэя стварэння OP узнікла ў 2021‑м. Сёлета з’явілася першая публічная прылада для праверкі профіляў з крыптаграфічным подпісам. З ліпеня 2026 года OP працуе ў Chrome і Firefox. Калі карыстальнік адкрывае, напрыклад, артыкул вядучага японскага штотыднёвіка Yomiuri Shimbun, пашырэнне паказвае бакавую панэль з адзнакай, якая пацвярджае арганізацыю, што кіруе вэб-старонкай, а таксама дае спасылкі на рэдакцыйныя стандарты і палітыку прыватнасці выдання.
«OP працуе ўнутры HTML — ён сканцэнтраваны на самой вэб-старонцы», — Nieman Lab Макота Ёшыікэ, намеснік генеральнага сакратара арганізацыі Originator Profile Collaborative Innovation Partnership, якая выступае за распаўсюджванне стандарту. — Нам не патрэбны белы спіс для добрых СМІ, асобна ад дрэнных. Мы проста хочам сказаць, што інфармацыя сапраўды паступіла ад ідэнтыфікаванага адпраўніка».
Пры гэтым у функцыянал вэбстандарту не закладзена вызначэнне, праўдзівая навіна ці не. Ён не правярае канкрэтныя фатаграфіі або відэа. Замест гэтага новая маркіроўка дапамагае праверыць сам сайт, дзе быў размешчаны пэўны кантэнт. Напрыклад, пацвярджае, што інфармацыю сапраўды апублікавала тая рэдакцыя, якая пазначана на вэб-старонцы.
«Мы не спрабуем вырашаць, дакладная інфармацыя ці не. Уся справа ў паходжанні: адкуль гэтая інфармацыя ўзнікла?» — тлумачыць Nieman Lab Макота Ёшыікэ.
У перспектыве асобныя пашырэнні могуць увогуле не спатрэбіцца. Калі стандарт падтрымае W3C — міжнародны кансорцыум World Wide Web Consortium, які распрацоўвае і падтрымлівае вэбстандарты, — то распрацоўшчыкі OP змогуць паказваць адпаведны значок непасрэдна ў адрасным радку браўзера. Зараз W3C вывучае магчымасць далейшага развіцця японскага OP і яго выкарыстання на міжнародным узроўні.
@bajmedia