«Віцебскі Кур’ер NEWS» і MOST далучыліся да Пагаднення аб самарэгуляванні
26 сакавіка выданне «Віцебскі Кур’ер NEWS» далучылася да Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара і Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў. А 27 сакавіка гэтыя дакументы падпісаў MOST.media.

Фота ўзята з сайта «Віцебская вясна»
«Віцебскі Кур’ер NEWS» асвятляе навіны абласнога цэнтра і Віцебшчыны.
MOST — гэта дынамічнае медыя, створанае незалежнымі беларускімі журналістамі ў 2022 годзе. Яно дапамагае беларускамоўным і рускамоўным эмігрантам у Польшчы разбірацца ў мясцовым жыцці. А таксама піша пра легалізацыю, працу, вучобу, медыцыну, культуру і асаблівасці жыцця ў Польшчы.
Што за Пагадненне аб самарэгуляванні?
20 сакавіка ў Вільні 15 беларускіх незалежных медыяў і 3 медыяарганізацыі падпісалі Пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара і Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў. Тым самым яны стварылі Медыяасамблею, якая цягам 60 дзён абярэ Раду па медыяэтыцы.
Рада па медыяэтыцы будзе разглядаць скаргі парушэнні этычных стандартаў у недзяржаўных беларускіх медыя. Таксама рэдакцыі далучыліся да выканання новага Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў.
Дакументы адкрытыя да далучэння. Кожная рэдакцыя медыя ці медыяарганізацыя, якая лічыць, што адпавядае вызначаным крытэрыям, можа даслаць заяўку на далучэнне ў БАЖ і стаць сябрам Медыяасамблеі і ўдзельнічаць у стварэнні Рады па медыяэтыцы.
План стварыць новы орган самарэгулявання і новы Кодэкс этыкі журналістаў падтрыманы на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», якая прайшла 10 верасня 2024 года ў Вільні.
