У Беластоку адбудзецца сустрэча з Анджэем Пачобутам
10 чэрвеня ў Беластоку пройдзе сустрэча з гродзенскім журналістам, былым палітзняволеным Анджэем Пачобутам.

Сустрэча адбудзецца а 18.00 (па польскім часе) у скверы каля помніка Ежы Папялушку. Менавіта на гэтым месцы цягам некалькі гадоў штомесяц збіраліся акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі беларускімі палітвязнямі. На акцыі, звычайна 25-га дня (у дату, калі быў арыштаваны журналіст), прыходзілі прадстаўнікі беларускай і польскай грамадзянскай супольнасці, палітыкі і актывісты, піша Беларускае Радыё Рацыя.
Анджэй Пачобут быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ч. 3 арт. 130 — «Распальванне варожасці ці варажнечы». 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У выніку доўгіх дыпламатычных перамоваў і абмену вязнямі Пачобут быў вызвалены 28 красавіка. У зняволенні ён прабыў 5 гадоў. Цяпер Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы.
@bajmedia