Журналістку Вольгу Радзівонаву прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі
Раніцай 10 снежня суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова вынесла вырак журналістцы Вользе Радзівонавай — 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Журналістку абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару.
Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле:
- частак 1 і 2 артыкула 367 КК РБ — «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
- артыкула 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- часткі 1 артыкула 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
- часткі 1 артыкула 368 ККРБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Працэс па справе журналісткі распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 16 лістапада. Наступнае слуханне прайшло 27 лістапада. А сёння раніцай суддзя Вера Галаўкова агучыла абвінаваўчы вердыкт.
Журналістку Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 года. Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 яе накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках.
Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Вольга Радзівонава раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі.
30 кастрычніка 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Радзівонаву палітычнай зняволенай.