• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вы — маё шчасьце, маё апірышча, мая надзея, маё сонца, мой маяк». Навіны ад Андрэя Кузьнечыка

    "Палітзьняволены журналіст Свабоды, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, меў кароткае спатканьне зь сям’ёй — з маці Аляксандрай і жонкай Алесяй".

    Спатканьне Андрэя з роднымі адбывалася праз шкло і тэлефон, яно пакінула мноства прыемных і цёплых уражаньняў, піша Андрэева жонка Алеся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

    «Кабінкі ў першай калёніі сьветлыя і акуратныя, шкло паміж суразмоўцамі чыстае і ўсё добра бачна. Можна палічыць усе новыя зморшчынкі на твары каханага і ацаніць яго новую спартыўную фігуру. Пагаварыць далі аж тры гадзіны, а з прывезенай перадачы амаль нічога не забракавалі. Ну чым ня шчасьце?

    Магчыма, цэнзары і ахоўнікі не прывыклі, каб зьняволеныя і іх наведнікі падчас сустрэчы ўголас сьмяяліся, бо паглядалі яны на нас дзікавата», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка Алеся.

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае.  Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!

    «Была не адна нагода засмуціцца, але я — бы таўстаскуры бэгемоцік»

    Андрэй пасьля спатканьня даслаў жонцы вельмі цёплы і шчыры ліст, у якім піша:

    «Вы — маё шчасьце, мая сіла, мая надзея, маё апірышча, мой ветразь, маё сонца, мой маяк. Уражаны, колькі ў табе энэргіі, няўрымсьлівасьці, свабоды. Так адвык ад гэтага, і так быў рады гэтым падзарадзіцца. Ну, і гастранамічныя ўражаньні і ўспаміны таксама, аказваецца, не пусты гук.

    Пасьля нашага спатканьня яшчэ раз успамінаў пра тваю цытату, што такое шчасьце і як яго адчуць нават у неспрыяльных абставінах. Я на сабе праверыў, што можна быць шчасьлівым, нават калі дождж, неўладкаванасьць, прыкрыя размовы, непаразуменьне. Была не адна нагода засмуціцца, але я, бы таўстаскуры бэгемоцік, думаю пра сваё багацьце — вас, і цешуся зь мінулага, і мару пра будучыню», — піша палітвязень.

    «Я ж ня звыклы да такой нагрузкі. Мне б клявіятуру…»

    Родныя пішуць, што Андрэй вельмі схуднеў. Давялося самому ўшываць усю вопратку. У калёніі ён працуе на лесапілцы на вуліцы 6 дзён на тыдзень. Прызнаецца, што ад працы зь пілой баліць локаць. І вельмі сумуе па рэдактарскай працы: «Я ж ня звыклы да такой нагрузкі. Мне б клявіятуру…»

    Сваякі прывезьлі Андрэю новую вопратку. Ён жартуе, што паколькі гэтая зіма ўжо канчаецца, затэстуе цёплыя шкарпэткі з рукавіцамі наступнай зімой на ровары.

    «У мяне нядзеля апісаньня новых рэчаў у торбе. Прыемны клопат з адчуваньнем цеплыні і любові, зь якой вы ўсё зьбіралі і рыхтавалі. А паглядзеўшы на рукавічышчы і шкарпэцішчы з вусьцілкамі-футрамі, аж пашкадаваў, што зіма скончылася збольшага, мо ў наступную для ровара такія апранахі затэстую. Дый для вясны ёсьць цудоўныя гумовыя ўцепленыя пальчаткі, але хутчэй хочацца схапіць імі на працы якое бервяно.

    У гэтым кантэксьце твая згадка пра непрыемныя працы, якія я рабіў дома, выклікала настальгічную ўсьмешку. Нават тады гэтыя працы былі мне прыемныя. Праўда, рукастым майстрам я ніколі ня буду і ня быў, само сабой».

    Алеся прыводзіць некалькі выразаў Андрэя, якія ёй запомніліся:

    «Калі вы мне кажаце, што фатаграфія на маёй бірцы да мяне не падобная, гэта яшчэ ня страшна. А вось калі на праверцы мне такое ж кажуць…»

    «Мама, калі будзеш толькі за сваю пэнсію перадачы мне купляць і ад дапамогі адмаўляцца, наступны раз замоўлю адной бульбы».

    «Яго былыя таварышы па зоне пры гэтым кажуць, што Андрэй Кузьнечык стаханавец і любіць працаваць. А яшчэ, што ён нобэлеўскі ляўрэат, але я іх папраўляю, кажу, магчыма, наступным разам».

    У ютубе зьявіліся дзіцячыя песенькі на вершы Кузьнечыка

    Андрэй у душы рамантык і лірык, заўважае кожную дробязь.

    «А ў нас ужо ўтвараюць у небе размаітыя танцы фігур і вобразаў гурты птушак (праўда, знаўцы псуюць рамантыку: кажуць, коршак на іх палюе, а яны гэтак ратуюцца). Вылятаюць хісткай траекторыяй самыя нецярплівыя камарыкі, а найдзіўнеўшыя дзівы — проста пад нагамі трапечуцца прыгожыя чорна-чырвоныя матылі — лётаць ня могуць, але ўжо аднекуль узяліся».

    Андрэй працягвае пісаць сваім дзецям — 9‑гадовай Яніне і 3‑гадоваму Мацьвею — вершы на паштоўках. Нядаўна ў ютубе зьявіліся песенькі на Андрэевы вершы — «Верабейка-гаспадар»

    Музыку напісала і прасьпявала песенькі Тацяна Грыневіч-Матафонава.

    Чытайце яшчэ:

    «Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую

    “Я уехала, чтобы приносить пользу Беларуси”. Ради чего Александра Богуславская прервала журналистскую карьеру

    Каханне на адлегласці: журналісты пра свае сямейныя стасункі, нягледзячы на мяжу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці