• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вяртанне з Лацінскай Амерыкі. Думкі

    Так яшчэ нядаўна я любаваўся бурштынавым лацінаамерыканскім сонцам, якое хавалася за горы кантона Сан-Рамон. А цяпер плыву па родных раўнінах аўтобусам Коўня-Мінск. Так скончылася мая лацінаамерыканская вандроўка.

    З непрывычкі адчуваю сябе дома дзіўна. Людзі мала ўсміхаюцца і не выглядаюць шчаслівымі. Маральная несвабода нібы раніць стрыманых у эмоцыях беларусаў нажніцамі хірурга, на якія забыліся пасля аперацыі. Такое склалася ўражанне.

    Пры гэтым шмат шчырых людзей. Прадавачкі ў крамах не ўсміхаюцца, але і не хлусяць, адпускаючы свае тавары. Праўда, кідаюцца ў вочы алкаголікі, якіх непрапарцыйна шмат. А на будаўнічым рынку вугалкі для шафы мне прадае ветлівы бубачны наркаспажывец.

    Мінск (Менск) выглядае развітым горадам. Усяго толькі за чытыры месяцы тут многае змянілася. 

    ***

    Я дома. Тут, канешне, ва ўсім бачны падзел на ідэалагічна-маральныя касты, ад чаго я адвык.

    Сотні мільёнаў лацінаамерыканцаў маюць маналітнае мысленне. На “Саміце Амерык” лідары гішпанамоўных краін, розных па палітычнай скіраванасці, бароняць аўтарытарную Кубу перад ЗША і Канадай. Беларусы, якіх не набярэцца 9,5 мільёнаў, расколатыя. Гэта паслабляе нашу краіну.

    Хвароба тычыцца і беларускай незалежнай журналістыкі. Праблему відаць голым вокам.

    Некаторыя калегі спісваюць сваё нежаданне развівацца на “дыктатуру”. Маўляў, прыціснулі паліцэйскім ботам, няма як прадыхнуць, будзем кляпаць навіны, будзем прадукаваць фаст-фуд… Некаторыя  калегі любяць бесперапынна перадрукоўваць чужую працу.

    У прынцыпе, падобныя праблемы – нармальныя для не самых топавых краін. Параўнаем, напрыклад, з Коста-Рыкай. У прэсе квітнеюць лёгкія жанры ў стылі цяп-ляп. Праўда, жыць на перадрукоўках матэрыялаў – забаронена. 

    У кастарыканскіх калег таксама ёсць праблемы, падобныя да нашых

    ***

    Гэтыя праблемы можна спісаць на “фактар другога эшалону”. Аднак Беларусь мне бачыцца краінай з прэтэнзіямі. Некалі мы былі адным з геапалітычных цэнтраў планеты (я пра часы ВКЛ). І пры гэтым цяжка выставіць нашым продкам папрокі ў імперыялістычнасці,  агрэсіі. Асэнсаванне значнасці – гэта тое, што вынішчалі з нас стагоддзямі і з усіх франтоў.

    Але нават на энергетычным узроўні беларусы маюць шанцы стаць краінай першага эшалону.

    Я ведаю, што журналістыка з’яўляецца ці не найважнейшым фактарам, ад якога залежыць наша будучыня. Няпраўда, што ў сённяшніх умовах слова не мае вагі. Я сам праверыў, што грунтоўны, сумленны матэрыял дае вынік у любых умовах. Ёсць прыклады калег, чые моцныя работы нарабілі шоргату.

    Я ведаю, што побач са мной працуе нямала прафесійных журналістаў, здольных дапамагчы краіне і вылекаваць яе ад “хваробы расколу”.

    ***

    Дык як трымацца праўды ў Беларусі, як развівацца журналісту? Для сябе я вызначыў такія прынцыпы:

    - Усведамляць значнасць Беларусі ў геапалітычных працэсах. Верыць у будучыню.

    - Цвёрда прытрымлівацца журналісцкай этыкі і стандартаў. Пазнаёміцца нарэшце з гэтымі галоўнымі пастулатамі і не адхіляцца ад іх. Выпраўляць памылкі, калі такія ёсць, умець прыносіць прабачэнні.

    - Адмовіцца ад пошукаў ворагаў, інтэгравацца ў грамадства і аб’ядноўваць яго вакол агульных праблемаў.

    - Паваліўшыся, умець падымацца і ісці далей.

    З такімі вось не самымі песімістычнымі прыцэлам я вярнуўся. І распавяду вам пасля, ці атрымаецца зноўку знайсці месца ў беларускай журналістыцы…

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці