• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі 2015 года ад Kyky.org: Прырост аўдыторыі даюць не блакіроўкі, а наша праца

    ГА “БАЖ” працягвае падводзіць вынікі адыходзячага года. Адной з гучных медыяпадзеяў сёлета стала прымяненне на практыцы прынятых летась паправак у Закон аб СМІ. У прыватнасці, блакаванне шэрагу сайтаў.

    Бадай самым гучным выпадкам стаў інцыдэнт з Kyky.org. Пра тое, што засталося ад гэтай гісторыі ў сухім астатку і як яна паўплывала на працу, мы пагутарылі з галоўным рэдактарам парталу Сашай Раманавай.

    Год для Kyky.org

    – Год для нашага выдання быў яркім, турботным і крыху істэрычным, бо ў чэрвені мы перажылі пяцідзённую блакіроўку. Я лічу, што мы выйшлі з сітуацыі з годнасцю – праўда, крыху перанерваваліся. Асабіста я з гэтай гісторыі вынесла, што мы сапраўды робім патрэбную справу. Вельмі шмат людзей і выданняў тады выказвалі нам сваю падтрымку і прапаноўвалі дапамогу.

    Пасля блакіроўкі было шмат размоваў адносна таго, у які бок мы станем мяняцца. Ці будзем мы неяк фільтраваць спіс тэмаў на сайце, закрываць адзін аднаму рот… Я вельмі рада, што нічога гэтага не адбылося. Па-ранейшаму мы прытрымліваемся прынцыпу: калі людзі праяўляюць цікавасць да нейкіх матэрыялаў, значыць, гэта сапраўды важна для іх. Нельга баяцца і залішне асцярожнічаць.

    Так, мы ходзім па лязе нажа, але мы – вопытныя эквілібрысты.

    Наш сайт зарэгістраваны ў дзяржаўнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь па наглядзе за электрасувяззю як “інфармацыйна-аналітычны партал аб Беларусі мары”. Я думаю, гэта назва вельмі дакладна адлюстроўвае сутнасць Kyky.org. Яна паказвае, што існуе дзве Беларусі. Адна – рэальная, а другая – Беларусь мары. Мы пішам пра другую, шукаем у ёй гісторыі і герояў.

    Пасля нашай блакіроўкі некаторыя СМІ пісалі пра нібыта прырост цікавасці да нашага сайта і яго аўдыторыі. Але насамрэч гэта не так, бо прырост аўдыторыі адбываецца значна часцей – тады, калі мы выстаўляем той ці іншы рэзанансны матэрыял. Таму сапраўды прырост аўдыторыі даюць не блакіроўкі, а наша праца!

    Медыяпадзеі года

    Медыяпадзеі здараюцца кожны тыдзень, і пра іх мы пішам у навінах і матэрыялах. Калі б іх не было, то журналісты б не працавалі. Калі казаць пра галоўныя – гэта, канешне, выбары, Нобель Алексіевіч і перамогі Домрачавай. Але апроч гэтага вельмі шмат усяго адбываецца кожны тыдзень.

    Напрыклад, зараз вось дзяўчына з вакна тралейбуса вылезла. Мне здаецца, гэта абмяркоўваюць больш за нешта іншае. З асвятлення розных падзеяў пад рознымі ракурсамі і складаецца праца журналістаў.

    Пажаданні на 2016 год

    У наступным годзе я вельмі хацела б пажадаць усім беларусам паболей самасвядомасці. Я заўважаю, што з кожным годам мы робімся ўсё больш бадзёрымі. Дзесьці больш хуткімі, дзесьці нават больш нахабнымі. Мы пачынаем узнімаць галаву, выказваць уласнае меркаванне, карыстацца ўсімі перавагамі інтэрнэт-тэхналогій, каб выказвацца, каментаваць нейкія дзеянні чыноўнікаў, якія нам не падабаюцца.

    Таму я хачу ўсім пажадаць, каб у наступным годзе ўвесь гэты добры ком нарастаў.

    Каб гэтая “другая” Беларусь, якая існуе анлайн, пераважыла “першую”.

    Каб колькасць людзей, якія не баяцца выказвацца, з кожным днём павялічвалася, а група пасіўных назіральнікаў паціху знікала.

    Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях

    Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам

    Вынікі 2015 года. Камісія па этыцы

    Вынікі 2015 года. Служба і прафесія Антона Сурапіна

    Вынікі 2015 года. Чым жыла Mediakritika.by

    Вынікі 2015 года. Два шляхі “Белорусов и рынка”

    Моладзевая рэдакцыя часопіса “Абажур” запрашае калег на прэзентацыю навагодняга нумара

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці