• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як маладая дзяўчына з Берліна спрабуе развіваць беларускую журналістыку

    Сабрына Бабоўскі ўзначальвае “Школу журналістыкі ІВВ” ужо цэлы год. За гэты час пад яе кіраўніцтвам для журналістаў былі праведзены дзясяткі мерапрыемстваў, сустрэч, адукацыйных паездак. Хоць галоўнай мэтай для сябе дзяўчына лічыць змены ў людской свядомасці.

    Сабрына Бабоўскі. Як маладая дзяўчына з Берліна спрабуе развіваць беларускую журналістыку

    Прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з Сабрынай пра яе цікавасць да  Беларусі, пра тутэйшыя медыя, а таксама пра планы школы журналістыкі ІВВ на 2016 год.

    – Маё дзяцінства праходзіла ў былым індустрыяльным цэнтры Нямеччыны – Рурскай вобласці. У першай палове ХХ стагоддзя гэта быў фактычна цэнтр еўрапейскай паўночнай прамысловасці і вуглездабычы.

    Але зараз усе гэтыя рэшткі былой цяжкой прамысловасці закінутыя, вельмі шмат індустрыяльных будынкаў і нават цэлых кварталаў засталіся непатрэбнымі. Там я выхоўвалася, хадзіла ў школу. Пасля школы вырашыла паступаць на культуралогію, але зусім у іншым месцы – у Франкфурце на Одэры, гарадку ў 60 тысяч насельніцтва на самай мяжы з Польшчай. Наш Еўрапейскі універсітэт Віадрына (EUV) быў вельмі моцна арыентаваны на Усходнюю Еўропу.

    Там я стала вывучаць рускую мову, хаця мае бацькі вельмі негатыўна ставіліся да гэтага і наогул да ўсяго “постсавецкага”. Магчыма, адным з фактараў маёй зацікаўленасці стала тое, што ў той час у Беларусі быў закрыты ЕГУ, і наш універсітэт прыняў шмат студэнтаў з Мінска. Так у мяне завязаліся кантакты з Беларуссю, я пачала ўдзельнічаць у праектах па абмену, у падтрымцы грамадзянскай супольнасці. Я бачыла, што ў гэтым можна знайсці нешта цікавае для сябе.

    Да мінулага года я працавала ў розных праектах, звязаных з падтрымкай медыя і грамадзянскай супольнасці ва Усходняй Еўропе. А напрыканцы 2014 года вырашыла падаць заяўку на працу ў ІВВ у Мінску, і мяне прынялі.

    Сабрына Бабоўскі. Як маладая дзяўчына з Берліна спрабуе развіваць беларускую журналістыку

    – Якія праблемы Вы бачыце ў беларускім медыясектары?

    – Не думаю, што скажу нешта новае. Першае адрозненне беларускіх СМІ ад нямецкіх я магу прадэманстраваць у матэрыяльным выглядзе. У гэтым зборніку сабраныя артыкулы з нямецкіх медыя датычна ідэі стварэння ў Берліне мемарыялу памяці забітых габрэяў Еўропы. Гэтая тэма вельмі шырока абмяркоўвалася ў нямецкіх СМІ пад вельмі рознымі ракурсамі і ў вельмі розным святле. Гэты зборнік наглядна дэманструе, наколькі шырока СМІ ўдзельнічалі ў дыскусіі і тым самым дапамагалі нямецкаму грамадству сфармаваць уласнае меркаванне адносна той ці іншай праблемы.

    Кніга паказвае, што ў Нямеччыне СМІ з’яўляюцца пляцоўкай для абмеркавання важных грамадскіх пытанняў. У Беларусі ж такую дыскусію сустрэнеш не заўсёды. Альбо яе няма наогул, альбо ўдзел у ёй бяруць прадстаўнікі аднаго боку.

    Таксама ў Нямеччыне за ўсімі СМІ цвёрда замацаваная роля кантраляваць палітыкаў і ўрад. Канешне, шмат дзе існуе праблема выкарыстання СМІ палітыкамі, але ў Беларусі яна вельмі яскрава праўляецца. І мне падаецца, гэта тычыцца не толькі дзяржаўных выданняў – у незалежных таксама шмат палітыкі замешана.

    Па маіх назіраннях, беларускія журналісты часта адносяць сябе да супрацьлеглых лагераў. Маўляў, ты з дзяржаўнага лагеру, я – з апазіцыйнага, а паміж намі – сцяна. Мне падаецца, што тут не хапае адкрытасці нейкай, нейкага дыялогу. Канешне, на людзей уплывае меркаванне кіраўніцтва, але ж свае мазгі ёсць у кожнага.

    З моманту стварэння Школа журналістыкі IBB ладзіць сустрэчы Клуба журналістаў, які з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для дыялогу паміж журналістамі дзяржаўных і незалежных СМІ. Тут абмяркоўваюцца гарачыя пытанні, у Клубе могуць удзельнічаць усе журналісты, незалежна ад прыналежнасці да нейкага “лагеру”.

    Сабрына Бабоўскі. Як маладая дзяўчына з Берліна спрабуе развіваць беларускую журналістыку 

    Таму ў Беларусі я вельмі часта сутыкаюся з пэўнымі штампамі, з ідэалагізацыяй інфармацыі. Не буду казаць пра сённяшняе, скажу пра гісторыю. У мінулым годзе мы вельмі шмат працавалі па тэме культуры памяці, праводзілі шмат мерапрыемстваў, сустракаліся з рознымі людзьмі, рабілі інтэрв’ю. І я заўважыла, што многія людзі гавораць не сваімі словамі, а нейкімі штампамі, шаблонамі. Складваецца ўражанне, што яны чытаюць з нейкай кнігі завучаныя фразы. У такой атмасферы, зразумела, арганізаваць хоць нейкую грамадскую дыскусію вельмі складана, але яна надзвычай  патрэбная.

    Яшчэ адным паказчыкам для мяне з’яўляецца, напрыклад, колькасць скаргаў, з якімі звяртаюцца прадстаўнікі грамадскасці адносна тых ці іншых публікацый. У большасці еўрапейскіх краін існуюць грамадскія рады, якія разбіраюць спрэчкі ў галіне СМІ. У Нямеччыне, напрыклад, за год у такую раду паступаюць тысячы скаргаў. Калі чалавек сумняецца ў дакладнасці той ці іншай публікацыі, ён смела звяртаецца ў раду, якая разглядае яе на прадмет журналісцкай этыкі. У Беларусі ж такой агульнарэспубліканскай рады няма.

    Але самае істотнае для мяне – тое, што грамадская дыскусія ў СМІ вядзецца недастаткова.

    – На Вашу думку, ці магчыма вырашыць гэтыя праблемы? Бо ва Усходняй Нямеччыне да аб’яднання яны таксама існавалі…

    – Я лічу, што ў жыцці трэба засяроджвацца на тых рэчах, на якія ты можаш рэальна паўплываць. Як бы я ні хацела, у мяне няма ўплыву на нейкія глабальныя працэсы. Але я магу камунікаваць з людзьмі, прапаноўваць ім нейкія змены, перспектывы.

    Сабрына Бабоўскі. Як маладая дзяўчына з Берліна спрабуе развіваць беларускую журналістыку

    У Беларусі я ведаю шмат людзей, якія імкнуцца да пераменаў і хочуць нешта змяняць у сваім асяроддзі. Такія людзі, лідары думак, ёсць у сферы СМІ. Ёсць яны і ў сферы НДА. І тое, што мы як школа журналістыкі можам прапанаваць – гэта быць пляцоўкай для абмеркавання розных тэм і сітуацый з розных бакоў. І не важна, якія СМІ прадстаўляюць удзельнікі дыскусій і да якога лагеру яны сябе адносяць.

    Мы таксама можам даць магчымасць журналістам вучыцца, павышаць кваліфікацыю. Наогул я лічу, што самае лепшае ў жыцці, што можа з табой здарыцца, – гэта магчымасць вучыцца, даведвацца нешта новае. Школа журналістыкі ІВВ такую магчымасць дае. Летась у нас быў вялікі адукацыйны курс для журналістаў па культуры памяці. Сёлета ўвесну таксама запланаваны адукацыйны курс. Хутчэй за усё, будзе таксама курс, звязаны з сацыяльнай тэматыкай і альтэрнатыўнай культурай.

    Калі ты пакантактаваў з чалавекам, які выклікаў нейкія сумневы ў тваім светапоглядзе – гэта першы крок да зменаў. Першы крок крытычнага погляду на ўласную творчасць і погляды.

    А восенню мы збіраемся зладзіць для журналістаў адукацыйную паездку ў Нямеччыну. Асноўная яе тэма – як грамадства спраўляецца з глабальнымі праблемамі і якое месца ў гэтым працэсе займаюць СМІ. Падчас гэтай паездкі будуць уздымацца важныя грамадскія праблемы – ад праблемы мігрантаў да пытанняў развіцця і пашырэння гарадоў. Вось так мы працуем і збіраемся далей удзельнічаць у працэсе перамен у сферы беларускіх СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці