• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якія карты працуюць у Беларусі і як перавесці грошы з‑за мяжы

    З 13 кастрычніка фінансавы сэрвіс Revolut паведаміў аб тым, што спыняе разлікі сваімі плацежнымі карткамі ў Беларусі.  «Белсат» паглядзеў, якія карты і плацежныя інструменты на сённяшні дзень даступныя ў Беларусі, а таксама сабраў спосабы, як можна пералічыць грошы з-за мяжы ў нашу краіну.

    Rev­o­lut не адзіны банк, які спыніў сваю дзейнасць у Беларусі пасля вайны. Выданне «Мотолько Помоги» зрабіла агляд, у якім пералічыла яшчэ 7 банкаў і фінтэхкампаніяў, якія перасталі працаваць у нашай краіне: гэта значыць, карткамі гэтых банкаў нельга разлічвацца ў пунктах гандлю і рабіць разлікі ў інтэрнэце, а праз фінансавыя кампаніі пераказваць грошы ў Беларусь.

    Але найперш варта паглядзець, якія наогул плацежныя сістэмы засталіся ў нашай краіне і ці можна скарыстацца імі для таго, каб пералічыць грошы ў Беларусь.

    Якія плацежныя сістэмы працуюць у Беларусі?

    Стаць уладальнікамі карт дзвюх найбольш папулярных плацежных сістэм Visa і Mas­ter­Card на сённяшні дзень прапануюць у большасці беларускіх банкаў: пачынаючы ад «Беларусбанка» і заканчваючы «Альфа-банкам» ці «Белгазпрамбанкам» і інш. Хаця ёсць банкі, дзе такой магчымасці няма («Белінвестбанк», «БелВЭБ»).

    На тэрыторыі Беларусі гэтыя карты працуюць без абмежаванняў. Што ж тычыцца працы за мяжой, то на сайтах беларускіх банкаў напісана, што карты Visa і Mas­ter­Card дазволены да выкарыстання паўсюдна і без абмежаванняў. Але ў той жа час раюць не забываць пра магчымыя «абмежаванні» ў залежнасці ад палітыкі плацежных сістэм розных краін (чытай накладзеных санкцыяў).

    Пры гэтым трэба адзначыць, што карткі Visa и Mas­ter­Card, выпушчаныя ў банках Расейскай Федэрацыі, у Беларусі не працуюць (незалежна ад банку).

    Карткі айчыннай сістэмы «Белкарт» можна замовіць у любым банку Беларусі. У першую чаргу гэтыя карты створаныя для аплат на тэрыторыі Беларусі. Таксама працуюць яны ў Расеі, Арменіі, Кыргызстане, Таджыкістане, В’етнаме, Венесуэле і Кубе.

    Пераводзіць грошы на гэтую карту можна толькі з картак, выпушчаных беларускім банкам (у тым ліку плацежных сістэм Mas­ter­Card і Visa, а таксама з картак расейскай плацежнай сістэмы «Мір». З картак, выпушчаных замежнымі банкамі, зрабіць перавод на «Белкарт» немагчыма.

    Карты расейскай плацежнай сістэмы «Мір» таксама працуюць у нашай краіне без абмежаванняў. Імі можна расплаціцца ў крамах і кавярнях, а таксама здымаць гатоўку ў большасці банкаматаў. Але ў банкаматах некаторых банкаў прыйдзецца заплаціць камісію. Часам таксама з’яўляюцца паведамленні пра тое, што некаторыя плацяжы могуць не праходзіць.

    Адпаведна, перавесці грошы на карту сістэмы «Мір» можна з тых краін, у якіх яна працуе. На сённяшні дзень гэта Турцыя, В’етнам, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, таксама ў гэтым пераліку фігуруюць Паўднёвая Асеція і Абхазія.

    І нарэшце, у Беларусі працуе таксама кітайская сістэма Union­Pay, якая ў першую чаргу арыентуецца на краіны Азіі і Бліжняга Усходу. Прымаюцца такія карткі ў 181 краіне свету, у тым ліку ў ЗША і еўрапейскіх дзяржавах, але радзей, чым у азіяцкіх краінах.

    Здымаць гатоўку з картак гэтай сістэмы можна ў банкаматах трох банкаў: «Белгазпрамбанк», «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк». Але пакуль адзначаецца, што карыстацца ў Беларусі гэтай плацежнай сістэмай не вельмі зручна – найперш у сувязі з абмежаванай колькасцю банкаматаў, з якіх можна зняць гатоўку.

    Як перавесці грошы ў Беларусь

    З сыходам Rev­o­lut з Беларусі адправіць грошы ў краіну з‑за мяжы стала ўсё больш праблематычна. І калі з краінамі былога савецкага лагеру (за выключэннем краінаў Балтыі і Украіны) яшчэ можна знайсці нейкія варыянты праз карткі згаданых вышэй плацежных сістэм), то спосабаў перасылкі грошай з Еўропы становіцца ўсё менш і менш.

    Адзін з найбольш распаўсюджаных – гэта сэрвіс Pay­send. Як адзначаецца на ягоным сайце, сістэма працуе больш як у 170 краінах. З яго дапамогай можна перавесці грошы на беларускія карты ўсяго за некалькі хвілін. Аднак трэба ўлічваць пару нюансаў.

    Па-першае, сэрвіс бярэ камісію за перавод грошай (звычайна пачынаецца ад 1,5 еўра). Па-другое, на канвертацыі адной валюты ў другую таксама можна згубіць частку грошай: Pay­send пераводзіць грошы ў нацыянальнай валюце краіны, з якой робіцца перавод (праверка ідзе па нумары тэлефона, прывязанага да сэрвісу). Таму, напрыклад, адправіць еўра з Польшчы не атрымаецца, сістэма іх пералічыць у долары, адпаведна больш слушна будзе пераводзіць грошы на беларускую доларавую картку.

    Важна таксама, што сістэма Pay­send можа даваць спецыяльныя промакоды, якія дазваляюць пераводзіць грошы без камісіі (такі, напрыклад, выдаецца для выканання першага пераводу, перыядычна сэрвіс высылае такія коды на пошту карыстальніку).

    Сэрвіс Fin.do працуе ў больш як 50 краінах і, у адрозненне ад Pay­send, дазваляе рабіць пераводы ў еўра і не губляць грошы на канвертацыі. Важна таксама ведаць, што пасля стварэння акаўнту карыстальніку даецца магчымасць адпраўляць да 1500 долараў за дзень або 7000 долараў у месяц на адну карту. Праз некаторы час ёсць магчымасць павысіць гэтыя ліміты. Камісія за перавод складае ад 1,5 % ад сумы пераводу.

    Адным са спосабаў, якім карыстаюцца беларусы за мяжой, з’яўляецца сэрвіс Mon­ey­Gram. Ён дае магчымасць пераводу грашовых сродкаў ад фізічнай асобы да фізічнай асобы без неабходнасці адкрыцця банкаўскага рахунку і працуе ў больш як 170 краінах свету.

    Для адпраўкі пераводу неабходна ведаць правільнае напісанне імя і прозвішча чалавека, якому перасылаюцца грошы (важна, каб было запісана так, як у пашпарце, памылка ў адным сімвале не дазволіць атрымаць перавод). Далей вы проста звяртаецеся ў пункт, дзе робяцца такія пераводы (напрыклад, у Польшчы гэта можна зрабіць на пошце, у Літве ёсць і асобныя пункты, і пункты пры банках), падаяце дадзеныя асобы, якой пераводзяцца грошы, і суму, а наўзамен атрымліваеце спецыяльны код, які павінны пераказаць атрымальніку грошай.

    Максімальная сума такога пераводу – 8000 долараў (гэта ліміт разавай перасылкі адной асобе і абмежаванне, якое даецца на месяц). Сума камісіі можа складаць ад 2 долараў.

    У якасці яшчэ аднаго спосабу беларусы, якія жывуць за мяжой, называюць сэрвіс «Альфа-банка» для пераводу грошай з карты на карту (у Беларусі гэта павінна быць карта менавіта «Альфа-банка»). Пры гэтым у рэжыме анлайн будзе паказана сума камісіі, якую возьме з вас беларускі банк. Так, з сумы ў 100 еўра камісія банка будзе складаць 1,89 еўра.

    Беларус беларусу…

    Акрамя таго, для беларусаў даступны і яшчэ адзін спосаб перадачы грошай. Не, гэта не асабістая перадача праз знаёмых, хаця і такога спосабу ніхто не адмяняў. У Беларусі ўсё часцей здараецца так, што перадаваць грошы праз фінансавыя сэрвісы можа быць небяспечным: усё ж падатковая ў Беларусі адсочвае такія паступленні, а гэтая інфармацыя, у сваю чаргу, можа стаць даступнай сілавікам. Сітуацыі ж, у якіх могуць спатрэбіцца грошы ў Беларусі, бываюць розныя: тэрміновая дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў або іхным сваякам, падтрыманне людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, складаныя жыццёвыя абставіны ў родных ці знаёмых і г.д.

    У такіх выпадках беларусы могуць звяртацца ў фонд BY_help. Працуе гэта такім чынам, што вы пераказваеце за мяжой грошы на рахункі фонду, а ўжо BY_help выкарыстоўвае ўнутры Беларусі свае кантакты, дзеля таго каб перадаць грошы таму адрасату, якога вы ўкажаце. І гэта чарговы доказ таго, што беларусы ў цяперашніх складаных умовах гатовыя дапамагаць адно аднаму.

    Чытайце яшчэ:

    «34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца

    Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў

    «Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці