• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава

    Затрыманне адбылося ўвечары 6 чэрвеня, і жанчына дагэтуль знаходзіцца пад вартай. Дачку Таццяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў.

    У праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць, што затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Але пакуль немагчыма сказаць, ці затрыманая Таццяна Пыцько паводле той самай справы, якая тычыцца яе мужа. 

    Відэаператара-фрылансера Вячаслава Лазарава вінавацяць паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Ужо 4 месяцы яго трымаюць ў віцебскім СІЗА‑2. Сябры адзначаюць, што ёсць праблемы з ліставаннем: доўгі час ад Вячаслава няма ніякіх звестак. Таму невядома, на якім этапе знаходзіцца расследаванне ягонай справы і ці хутка яна трапіць у суд. Маці мела адзінае спатканне з ім — у хуткім часе пасля затрымання. Больш спатканняў ёй не дазваляюць. 

    Вячаслаў Лазараў не мае адваката. Цяпер гэта звыклая сітуацыя для ўсёй Беларусі: абаронцы асцерагаюцца займацца справамі «палітычных», каб не страціць працу. 

    У распараджэнні следства знаходзіцца аргтэхніка Вячаслава Лазарава. У дзень затрымання сёлета 9 лютага па месцы яго рэгістрацыі міліцыянты правялі ператрус: забралі мабільныя тэлефоны, відэакамеру і іншую апаратуру.  Таксама ператрус сілавікі правялі па месцы жыхарства ягонай жонкі Таццяны Пыцько, якая жыла асобна. З кватэры Таццяны забралі ноўтбук і два тэлефоны. Ёсць верагоднасць, што следчыя знайшлі там нешта такое, што палічылі падазроным.  

    У 2018 і ў 2019 годзе Вячаслава Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава затрымлівалі за фатаграфаванне «аўтазакаў», але тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без складання пратакола. Таццяну Пыцько таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: у 2020 годзе яе аштрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».

    Чытайце яшчэ:

    У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці

    Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

    Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці